"Праз усю вайну": вяртанне нявыкананай песні

№ 27 (1101) 06.07.2013 - 13.07.2013 г

Беларусь збірае сяброў

"Беларусь збірае сяброў" — назва гэтай раней не вядомай песні Уладзіміра Мулявіна на словы Валянціна Тараса сталася сімвалічнай для самога твора. Знойдзеная ў сямейных архівах Марыны Мулявінай, дачкі Уладзіміра Георгіевіча, яна ўяўляла з сябе партытуру, зробленую на тагачасны склад "Песняроў" не пазначаным на вокладцы аўтарам — як паказала даследаванне "К" і экспертаў газеты, Ігарам Паліводам. Каб песня трапіла да слухача, давялося і папраўдзе "збіраць сяброў". Па нашай просьбе знакаміты музыкант і аранжыроўшчык, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Ткачэнка, таксама былы "песняровец", зрабіў з партытуры клавір, які можа стаць асновай для далейшых апрацовак песні яе непасрэднымі выканаўцамі. Гэты клавір мы і дорым чытачам "К" да Дня Незалежнасці краіны, які супадае са святам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нагадаем, да яго 40-й гадавіны была створана праграма "Песняроў" пад назвай "Праз усю вайну". А менавіта ў ёй і мусіла выконвацца песня…

/i/content/pi/cult/434/9030/1-1.jpeg

— Прызнацца, праца ішла цяжкавата, — кажа Уладзімір ТКАЧЭНКА. — Найперш, з-за саміх маштабаў. Бо партытура была даволі аб’ёмнай, і з рукапіснага варыянту трэба было зрабіць поўны камп’ютарны набор, над якім можна было б працаваць далей. Вядома, гэта была зусім не механічная праца, бо яна суправаджалася глыбокім вывучэннем аўтарскай задумы. Але яшчэ больш складаным аказалася вылучыць у арыгінале самыя важныя рэчы, каб менавіта іх перанесці ў клавір і падкрэсліць. Тым больш, што для Ігара Паліводы вельмі важнай была тэмбравая драматургія, выкарыстанне ўсё новых тэмбравых фарбаў. Цалкам перадаць усё гэта ў клавіры, зразумела, немагчыма, штосьці давялося спрошчваць, скарачаць. Таму перада мной пастаянна стаяла праблема выбару: што можна апусціць, а што, наадварот, неабходна вывесці на першы план. А гэта вялікая адказнасць — і перад аўтарамі песні, і перад яе будучымі выканаўцамі, якія будуць працаваць на аснове зробленага клавіра, і перад слухачамі, якія ўспрымуць песню такой, якой мы яе да іх данясём.

— Папярэдне вы казалі таксама, што складана было звесці некалькі варыянтаў, прадугледжаных у партытуры, у адзін.

— Ужо з самага пачатку я задумаўся, чаму ў гэтай песні такі яркі, кідкі прыпеў — і зусім не запамінальны запеў. І прыйшоў да высновы, што гэта менавіта з-за яго варыятыўнасці: кожны куплет выкладаецца крыху іначай, што вымушае ўспрымаць яго як новы музычны матэрыял. Хіба ж усё гэта запомніш? Таму я паспрабаваў звесці ўсё да адной версіі, каб лепш вывучваліся ды запаміналіся не толькі прыпевы, але і запевы.

— Каму з выканаўцаў, на вашу думку, лепш прапанаваць гэтую песню?

— Адназначна — Пятру Ялфімаву. І не толькі таму, што ў мяне з ім ёсць вопыт сумеснай працы: мы разам рабілі і "Зачарованую" Ігара Лучанка, і песні Чэслава Нэмэна... Гэта вельмі сур’ёзны, прафесійны, удумлівы музыкант, які мае ўсе магчымасці і, што вельмі важна, звязаны з творчасцю "Песняроў". Ён вельмі добра разумее, да чаго імкнуўся ў свой час Уладзімір Мулявін і рэалізуе гэта з папраўкай на цяперашні час, сучасную эстрадную эстэтыку…

Цікава, што такі ж адказ — звярнуцца да Пятра Ялфімава — мы атрымалі і ад Марыны Мулявінай:

— Пётр Ялфімаў настолькі тонка адчувае ўсё тое, што хацеў сказаць мой бацька, што яго можна лічыць сапраўдным паслядоўнікам "песняроўскай" творчасці. Да песень з рэпертуару ансамбля сёння звяртаюцца многія, у кожнага гэта атрымліваецца па-свойму. Але ў тым, што робіць Пётр, ёсць нейкае асаблівае сугучча з самім духам "Песняроў"...

Як ні дзіўна, але яшчэ да ўсіх гэтых апытанняў наша рэдакцыя практычна аднагалосна згадала ўсё тое ж імя — Пятра Ялфімава. І тое, што яго вызначылі таксама Марына Мулявіна і Уладзімір Ткачэнка, канчаткова пераканала нас: трэба прасіць аб выкананні гэтай песні менавіта яго.

Днямі Пётр Ялфімаў вярнуўся з Польшчы і абяцаў завітаць у рэдакцыю "К" для працягу гэтай размовы. Ну а пакуль усе аматары беларускай песні могуць і самі спрычыніцца да вяртання раней невядомай спадчыны Уладзіміра Мулявіна. Калі вы запішаце гэты твор са сваім калектывам — падзяліцеся аўдыязапісам і з рэдакцыяй! Будзем рады пачуць вашы інтэрпрэтацыі!

Н.Б.

/i/content/pi/cult/434/9030/1-2.jpeg

Музыка

Уладзіміра Мулявіна

Вершы

Валянціна Тараса

 

К плёсам Нёмана, Сожа и Буга

И Днепра, и озер голубых

Беларусь, боевая подруга,

Созывает друзей боевых!

Накрывает столы на полянах

Под зеленым высоким шатром.

И горят ордена ветеранов,

И медали звенят серебром.

 

Прыпеў:

Калі ласка, сябры,

Калі ласка, сябры,

Добры дзень вам,

шаноўныя госці!

Вас вітаюць палі,

Вас вітаюць бары

І кастры баявой маладосці!

 

Ничего, что во время разлуки

Постарели немного друзья.

Продолжают их молодость внуки,

Повторяют отцов сыновья.

Молодая, хотя и седая

От снежинок военной пурги,

Беларусь золотым короваем

Озаряет гостей дорогих.


Прыпеў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"