Да чаго прымацуем магніцік?

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

"Чалавек харошы, дай кату грошы!", або Сувенір для турыста ды фаната

З Кіева патэлефанаваў брат: “Ці праўда, што напярэдадні хакейнага чэмпіянату можна набыць у Мінску слуцкі пояс?” Пытанне змусіла мяне зазірнуць у сувенірную краму на чыгуначным вакзале: падумалася, што менавіта ён з’яўляецца для гасцей сімвалічным уваходам-выхадам у сталіцу. Інакш кажучы, горад для турыста з вакзала пачынаецца, ім жа і заканчваецца. Урэшце, і мне адтуль па дарозе ў рэдакцыю.

І вось па гэтай дарозе я мо ўпершыню задумаўся над сутнасным значэннем сувеніраў. А бываюць яны, на маю думку, умоўна бессэнсоўнымі і ўмоўна ўтылітарнымі. Ну, да прыкладу, магніцік з карцінкай і бутэлечная адкрывалка. Аб’ядноўвае іх адзіная функцыя: нагадваць пра канкрэтнае месца ці падзею. З тэрміналогіяй, быццам, разабраліся (дарэчы, кожны з вас можа прапанаваць сваю, не менш дакладную) — пойдзем далей.

Калі гаворка — пра Чэмпіянат свету у Мінску, дык і карцінка з магніцікам павінна ўтрымліваць, на доўгую памяць пакупніка, адпаведную візуальную інфармацыю: выяву нашай сталіцы ды лагатып чэмпіянату, а адкрывалка — мець форму, скажам, беларускага хакейнага Зубрыка...

Урэшце, не мне вырашаць, якім будзе праз год нацыянальны сувенір. Спадзяюся, гэтым пытаннем ужо зараз азадачаны мастакі, крэатыўшчыкі, мерчандайзеры і рамеснікі. Але вельмі хацелася б, каб наш сувенір быў не горшы за ўкраінскі, зроблены да футбольнага чэмпіянату: хоць і невялічкая, аднак аб’ёмная імітацыя лустачкі сала на акрайчыку хлеба, і ўсё гэта разам з адпаведнай спартыўнай сімволікай прымацавана да ўкраінскага ручнічка ды магніціка. Пагадзіцеся, за такім сувенірам — і гумар з самаіроніяй, і добрая памяць аб гасціннасці, і дакладнае разуменне таго, што і ў бессэнсоўнасці ёсць вялікі сэнс: не проста вісіць той магніцік на халадзільніку, а пастаянна нагадвае шум спартыўных трыбун, неўтаймоўны азарт балельшчыкаў і летнюю засень Хрышчаціка... Словам, сапраўдная дызайнерская знаходка, што не магла не абярнуцца для вытворцы немалымі грашовымі даходамі... Да чаго ж прымацуем магніцік мы?

Але вось і вакзал. Вунь і доўгачаканая рэклама на першым паверсе: “Сувеніры беларускія, не вельмі беларускія і зусім не беларускія!”. Слоган — арыгінальны. Скіроўваюся туды, куды ўказана. Фірмовы салон знаходзіцца побач, даруйце, з прыбіральнямі. “Уражвае” не толькі гэта: на дзвярах — абвестка, якая паведамляе, што крама зачынена па тэхнічных прычынах, а ахвотныя да сувеніраў могуць набыць іх у Нацыянальным гістарычным музеі. Шкада, мне не па маршруце....

Успамінаю, што сувеніры на вакзале заўжды прадаваліся на любым з паверхаў. Але адпаведную крамку знаходжу толькі на трэцім. Агульнае ўражанне наступнае: сувеніры — беларускія, не вельмі беларускія і зусім не беларускія — прадаюцца валам і кучай, без вызначэння нацыянальнай прыналежнасці.

Асартымент — наступны. Прамавугольныя пляскатыя выявы Мінска на магніціках. Звычайны, не надта цікавы, стандарт. Сціплы ручнічок з вышываным надпісам “Беларусь”. Дзе яго зрабілі: у Слуцку, у Гомелі? Ніякіх вонкавых пазнак. Распісныя матрошкі (па-ранейшаму карыстаюцца попытам?). Побач, замест балалаек, — кераміка. Калі схітрыцца і паглядзець праз шкляную вітрыну на донцы гліняных фігурак, можна прачытаць: “Мазыр”. Далей ідуць шкляны посуд, штосьці дробязнае кшталту бірулек для ключоў і, па ўсім відаць, далёка не беларускае. Імітацый слуцкіх паясоў няма, выяў хакейных Зубрыкаў — таксама. Мо сапраўды — зарана?

Да Чэмпіянату свету па хакеі — год. Яшчэ ці ўжо? Свае “сувенірныя” вышукі заканчваю ў рэдакцыі. Адкрываю сайт Belarus.by і чытаю: “…За 500 дзён да пачатку турніру больш за 40 беларускіх прадпрыемстваў пачалі выпускаць сувеніры з лагатыпам Чэмпіянату свету-2014. Сярод найбольш папулярных падарункаў для балельшчыкаў — майкі, кепкі, шалікі, ручнікі, шайбы і клюшкі (у тым ліку дэкаратыўныя з крышталю), посуд (шкло і кераміка), значкі і магніты. У Беларусі сувеніры мінскага чэмпіянату можна набыць у магазінах, на вакзалах, у Нацыянальным аэрапорце…”.

Словам, кіеўскага брата пераконваю, што наш чэмпіянат пройдзе не горш за іхні, і абяцаю, што слуцкі пояс яму абавязкова набуду. Пошукі ўжо распачаў. Ды толькі ці хопіць на пошукі года?..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"