Фірмовы набор у “штодзённым” фармаце

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

Як журналісты "К" паставілі сябе на месца заезджага госця

Купляючы сувеніры, шараговы турыст кіруецца пэўнымі ўяўленнямі ды стэрэатыпамі, сфарміраванымі ці то самой гісторыяй месца, ці то руплівымі маркетолагамі. З Егіпта людзі вязуць “самы сапраўдны” папірус або копіі сфінкса ды пірамід, з Венецыі — маскі, у Маскве “хадавым таварам”, як ні дзіўна, усё яшчэ з’яўляюцца вушанкі ды матрошкі… Беларусі ж свой фірмовы набор сувеніраў яшчэ толькі належыць стварыць, і якім ён будзе — пытанне адкрытае.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што калі задацца свядомай мэтай знайсці ў Мінску самабытны сувенір ручной работы, поспех амаль гарантаваны. Прыкладам, толькі ў Траецкім прадмесці ёсць дзве крамы-галерэі, якія спецыялізуюцца на аўтарскім ДПМ. Цалкам у адпаведнасці з назвай адной з іх, там прадстаўлены менавіта вырабы славутых майстроў, і большасць з такіх рэчаў наўрад ці хто прыкупіць мімаходзь: яны па вызначэнні не могуць каштаваць танна...

У той самы час, індустрыя сувеніраў зазвычай бярэ ў разлік менавіта сярэдняга спажыўца — чалавека, які не схільны траціць шмат на такую легкадумную справу ды прымае рашэнні з ходу: спадабалася — купіў. І таму большасць турыстаў задавальняецца не надта мудрагелістым асартыментам магніцікаў, паштовак ды футболак “I love Minsk”. Такога дабра ўдосталь у сувенірных крамах грамадска-гандлёвага цэнтра “Сталіца”, дзе замежная гаворка ўжо не здзіўляе нікога, апрача хіба афіцыянтаў ды прадаўцоў. Калі гандлююць, значыць — купляюць.

Нічога дзіўнага тут няма: большасць сувеніраў, што прапануецца ва ўсіх гарадах свету, — гэта менавіта такі “шырспажыў” made in... самі ведаеце дзе, але трохі прыпраўлены мясцовым каларытам. Аднак для прыдзірлівага кліента заўсёды знойдзецца і альтэрнатыва.

Рамеснікі гатовыя прапанаваць зусім іншы, “негалерэйны”, асартымент ДПМ: нейкія бразготкі, свісцёлкі, вісюлькі... Карацей, тое, што, з аднаго боку, “не кусае за гаманец”, а з іншага — усё ж зроблена з душой і нейкім чынам адлюстроўвае тутэйшыя традыцыі, няхай і ў “бюджэтным” варыянце. Процьму розных такіх мілых дробязей можна знайсці не толькі на спецыялізаваных рамесніцкіх святах, але і на звычайных вулічных фэстах з той або іншай нагоды. Ды праблема толькі ў тым, што святы ўсё ж бываюць не кожны дзень.

На былых рынкавых пляцах многіх старадаўніх еўрапейскіх гарадоў можна ўбачыць стылізаваныя пад даўніну крамы або паліцы, гандляры якіх носяць не менш самабытныя строі і ўжо адным сваім выглядам спрыяюць стварэнню адмысловай атмасферы. Іх не трэба спецыяльна шукаць: самі знойдуцца дзесьці на звычайных маршрутах турпраменадаў.

Памятаю тыя часы, калі былы Высокі рынак (плошча Свабоды) быў пераўтвораны ў рынак “блышыны” — няхай і мастацка-антыкварнага профілю. Выглядаў ён даволі несамавіта для цэнтра горада і таму неўзабаве стаў ахвярай добраўпарадкавання. Але ж цяпер прастора ля адноўленай Ратушы падаецца ну надта ўжо стэрыльнай. Ды і ў дворыках таго самага Траецкага прадмесця пануе цішыня...

І тут мы ўжо які раз прыходзім да высновы: нейкай выразнай турзоны ў Мінску акурат і няма. Ёсць архітэктура, ёсць кавярні, крамы ды іншая інфраструктура, ёсць нейкія вулічныя музыкі, але — пакуль што яны бытуюць паасобку, не ствараючы суладнага асяроддзя. Вось і рэгенерацыя значнай часткі пабудоў таго самага Высокага рынку мала паўплывала на сітуацыю, як у свой час — і рэканструкцыя Траецкага. Пешаходная вуліца Карла Маркса так і не пераадолела стадыю “пілотнага праекта”, а, між тым, гарадскія ўлады праанансавалі новыя планы: “перанесці” турарэал на Рэвалюцыйную ды частку Камсамольскай.

У многіх іншых беларускіх гарадах праблема ўжо вырашана: турыстычныя вуліцы створаны. Ды, як выявілася, для задавальнення патрэбы ў недарагіх самабытных сувенірах гэтага аказалася замала, а рэдкія святы, з іх традыцыйным “Горадам майстроў”, ніяк не ўплываюць на будзённы стан рэчаў.

Пазіцыя муніцыпальных улад адносна вулічнага гандлю вядомая даўно і, у прынцыпе, зразумелая. Але, як падаецца, у кожным правіле павінны быць выключэнні. Тым больш, стылізаваныя пад даўніну “гандлёвыя пункты” дазваляюць вырашыць і яшчэ адну задачу — насычэнне тых самых вуліц нейкай дзеяй ды, адпаведна, жыццём. Майстры ў нас зазвычай нават вонкава людзі каларытныя, і ўзяць на сябе функцыю тэатралізацыі для іх не будзе складана.

Натуральна, тут адразу паўстане пытанне бар’ераў, здатных адмежаваць такіх рамеснікаў ад шараговых прадстаўнікоў “блышынага рынку”. Тут дарэчы згадаць досвед некаторых краін — напрыклад, Літвы, — дзе майстры атрымліваюць адмысловыя сертыфікаты на адпаведнасць іх вырабаў традыцыйным тэхналогіям. І менавіта гэта дазваляе праводзіць юрыдычна абумоўленую дыферэнцыяцыю.

Падаецца, многія іншыя праблемы таксама вырашальныя — была б матывацыя. Увогуле, складаецца адчуванне, быццам Чэмпіянат па хакеі ў нечым заспеў нас знянацку. Ва ўсялякім выпадку, менавіта ён стаў нагодай для правядзення маштабнай “рэвізіі” турыстычных магчымасцей сталіцы. Між тым, задумацца пра гэта можна было і без нейкіх адмысловых прычын. Мінск, як і ўсе іншыя буйныя гарады, заўсёды прыцягвае гасцей. Нехта прыязджае па справе, нехта — транзітам, нехта — “развеяць сум”. Тэндэнцыя апошніх гадоў — сапраўдны вал расійскіх турыстаў пад час “доўгіх выхадных”. Ды і ў іншы час гатэлі запоўнены пад завязку. А ўсім катэгорыям іх пастаяльцаў патрэбны сувеніры!

Лішне казаць, што ў нашых інтарэсах, каб узамен за пакінутыя грошы гэтыя госці звозілі не толькі нейкія канкрэныя рэчы, але і добрыя ўражанні пра Беларусь. Такі спосаб пазіцыянавання — самы эфектыўны. Аднак, прыязджаючы на пару дзён у буйныя гарады, турысты не могуць зведаць усю краіну. Паспрабуй тут дабярыся, скажам, да Гарадной з яе традыцыямі ганчарства! Таму лагічней за ўсё было б скарыстацца вядомай прымаўкай пра гару ды Магамета, выявіўшы ўнікальныя традыцыі вёсак ды мястэчак на вуліцах сталіцы або рэгіянальных цэнтраў. Балазе асязальныя праявы нематэрыяльнай спадчыны можна лёгка перавозіць з месца на месца.