Яго Вялікасць Вялікі

№ 20 (1094) 18.05.2013 - 24.05.2013 г

23 мая Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь адзначыць сваё 80-годдзе: акурат у гэты дзень у далёкім 1933-м тэатр адкрыўся операй Ж.Бізэ «Кармэн» — праўда, на Купалаўскай сцэне, бо цяперашняга будынка тады яшчэ не было. Сёлетнія святкаванні — з сапраўдным размахам, што адпавядае самой вялікасці Вялікага.

Да юбілею тэатр пачаў рыхтавацца задоўга да даты, таму святкаванні не абмяжуюцца адно канцэртнай праграмай. Юбілей будзе адлюстраваны на памятных манетах, марках, канвертах, якія папоўняць калекцыі нумізматаў, філатэлістаў і ўсіх, хто цікавіцца мастацтвам, у нас і ў замежжы. Не засталося ўбаку і ўласна выяўленчае мастацтва. Беларуская мастачка Аксана Аракчэева ўжо некалькі гадоў працуе над серыяй партрэтаў нашых салістаў балета, і выстаўка ейных работ у фае тэатра нагадае, што гісторыя  не толькі даўніна, але і тое, што адбываецца сёння і зараз.

Пра мінулыя ж дзесяцігоддзі распавядае выстаўка «Шлях да Вялікага тэатра», што адкрылася днямі ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі і была падрыхтавана сумесна з тэатрам, які прадаставіў шмат архіўных матэрыялаў, фотаздымкаў са спектакляў ды сцэнічныя строі.

З нецярплівасцю чакаюць выхад «Вялікай энцыклапедыі Вялікага тэатра Беларусі», якую разам з тэатрам рыхтуе калектыў выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Але тут спяшацца «акурат да даты», дзень у дзень, не трэба: падобны фаліянт патрабуе ўважлівага стаўлення, карпатлівага ўнясення карэктыў, бо ствараецца, як кажуць, «на стагоддзі».

А што ж будзе менавіта ў Дзень нараджэння? Вядома, святочны канцэрт — з удзелам лепшых творчых сіл тэатра ды з запрошанымі сусветнымі знакамітасцямі. Не забыўся тэатр і на сваіх ветэранаў: атрымаўшы запрашальнікі, яны ўбачаць гэтую праграму напярэдадні.

Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь уводзіць у абарачэнне памятныя манеты "Беларускі балет. 2013": тры залатыя, наміналам 1 000, 50 і 5 рублёў, дзве сярэбраныя — 100 і 20 рублёў, медна-нікелевую — 1 рубель.

/i/content/pi/cult/427/8813/img.asp-2_opt.gif/i/content/pi/cult/427/8813/img.asp_opt.gif

На аверсе манет змешчаны рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і франтальная выява будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь пасля рэканструкцыі.

На рэверсе залатой манеты наміналам 50 рублёў і медна-нікелевай наміналам 1 рубель, сярод іншых элементаў, — выява балерыны, якая сядзіць у паўшпагаце, і дэкаратыўны арнамент з пер’я. На астатніх — таксама выявы фрагментаў з балета П.Чайкоўскага "Лебядзінае возера": балерына ў поўны рост у танцы і два лунаючыя пёры.

Манеты адчаканены ў Літве.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"