Рэнтабельнасць — справа рэальная
Аднак сфера баўлення вольнага часу насельніцтва, на якую скіравана дзейнасць устаноў культуры, у ХХІ стагоддзі актыўна мадыфікуецца. У Еўропе сёння на яе відавочна ўплываюць агульнасусветныя працэсы руралізацыі (антонім урбанізацыі), павышанай увагі да нематэрыяльнай культурнай спадчыны народаў свету. Агратурызм, рэканструктарскі рух, так званая жывая археалогія — адны з нешматлікіх прыкладаў гэтаму. Як правіла, названыя праявы “афармляюцца” і развіваюцца спантанна — з аматарскіх ды нефармальных асяродкаў, але цягам часу паступова інстытуалізуюцца і займаюць сваю сацыяльную ды культурную нішу. У ХХІ стагоддзі народныя традыцыі ўсё больш шырока ўваходзяць у сацыякультурную практыку грамадства, паколькі маюць эфект навізны, шмат прыхільнікаў і, у сувязі з гэтым, становяцца звычайна камерцыйна рэнтабельнымі.
А рэаліі — падобныя
Калі параўноўваць вопыт Беларусі з вопытам суседняй Літвы, фальклорны рух у якой развіваецца з апераджэннем, але па вельмі падобных на беларускія рэаліі законах, трэба адзначыць, што патэнцыял, у свой час назапашаны ў нефармальных і адукацыйных асяродках, з цягам часу непазбежна матэрыялізуецца ў дзейнасці камерцыйных і калякамерцыйных устаноў. Менавіта яны ў Літве наладжваюць сістэму фестываляў і святаў, адкрываюць спецыялізаваныя крамы фальклорнай музыкі і аксесуараў, стымулююць постфальклорныя рухі.
Сістэму фестываляў і святаў наладжвае і ўдасканальвае перадусім Вільнюскі цэнтр этнічнай культуры. Распрацаваны графік народных святаў не толькі знаёміць з агульналітоўскімі традыцыямі, але і прасоўвае рэгіянальную культуру Літвы ў міжнародную прастору.
170 турыстычных гектараў
Так, на Масленку ў Вільнюсе адбываецца не толькі традыцыйнае шэсце з маскамі. Усіх літоўцаў і стракаты шматтысячны турыстычны натоўп прымае 170-гектарны музей-скансен “Rumsiskes”, што пад Каўнасам. А на Юр’е праходзіць свята-фэст на марскім узбярэжжы “Jore” суполкі “Meguva” з Палангі. Веснавое свята рамёстваў Казюкас ладзіць Вільнюс. Фэст сярэдзіны лета — свята Іванава дня літоўцаў Rasa — даўно “крочыць сваім ходам”: адпраўляецца спантанна, без асаблівых намаганняў. Многія літоўцы хацелі, каб гэта было дзяржаўнае свята, як у Латвіі. Яго ладзяць з 24-га на 25-е чэрвеня прыкладна ў адзін час з фэстам “Грайце-грайце, гуслі!”. Яшчэ адно свята ў маштабах суседняй сталіцы ладзіцца ўвосень, у дзень раўнадзенства. Вільнюс праводзіць у гэты час Фэст вогненных скульптур і свята “Пакроўскія званы” пад патранатам Цэнтра фальклору этнічных дыяспар Літвы. Узімку ж, на Каляды, шматлікія вернікі з замежжа імкнуцца наведаць ікону Маці Боскай Вострабрамскай і пабачыць шэсце Трох Каралёў.
Рэклама крамы этнічнай музыкі “Ragaine”
і постфальклорнага фэсту “Меnuo jodaragis”.
Шырокі выбар на вуліцы Пелес
Спецыялізаваная крама фальклорнай музыкі і аксесуараў “Ragaine” знаходзіцца на найбольш вядомай “турыстычнай” вуліцы Пелес у Вільнюсе. Тут госці краіны цягам круглага года, з аўторка па нядзелю, могуць пазнаёміцца з этнічнай музыкай Літвы і зрабіць свой унёсак у яе захаванне і развіццё: набыць фанаграмы на самых розных носьбітах. Выбар — надзвычай шырокі: ад калекцыйных выданняў аўтэнтычнага фальклору па Дзукіі, Аўкштайтыі, Жэмайтыі (этнаграфічных рэгіёнах рэспублікі) да сучаснага папулярнага і эксперыментальнага прачытання фальклору поп- і рок-музыкамі джазменамі, апантанай андэграўнднай моладдзю ды акадэмічнымі майстрамі.
Моладзь, якая толькі пачынае цікавіцца фальклорам, прыходзіць у краму яшчэ і таму, што гаспадар Угніс Лёге — стабільны прамоўтар канцэртаў найбольш авангардных ды андэграўндных замежных артыстаў і старшыня аргкамітэта “Меnuo jodaragis” — найуплывовага постфальклорнага літоўскага open-air на востраве пасярод возера Зарасас, дзе штогод збіраюцца тысячы гледачоў.
Словам, традыцыі ў Літве ўсебакова развіваюцца і пераасэнсоўваюцца. Павага да этнічных каранёў — адна з рыс менталітэту літоўцаў, таму пытанне пра “ўкараненне” традыцый і каранёвай культурнай спадчыны народа ў глабалізаваным ХХІ стагоддзем свеце тут вырашаецца на карысць апошняй.
Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў