PESNYARY.COM: паміж "белымі плямамі" і "чорным піярам"

№ 9 (1083) 02.03.2013 - 09.03.2013 г

Днямі Інтэрнэт абляцела вестка пра чарговыя “разборкі” на “песняроўскай” прасторы. Так часта ўзнікаюць на гэтай глебе канфліктныя сітуацыі, што інакш, бадай, і не скажаш. Гэтым разам Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры” выступае супраць pesnyary.com — неафіцыйнага фан-сайта, бо там выкарыстана гандлёвая марка ансамбля — брэнд, які з’яўляецца інтэлектуальнай уласнасцю калектыву. Каб разабрацца ў сітуацыі, мы выслухалі два супрацьлеглыя бакі: Вячаслава ШАРАПАВА, мастацкага кіраўніка ансамбля, і Фёдара КАРАЛЕНКУ, стваральніка сайта, які апошнім часам аддаў правы адміністратара сталым удзельнікам форуму. Вядома, хацелася пачуць і выказванні ўдзельнікаў мулявінскіх “Песняроў” розных гадоў.

Вячаслаў ШАРАПАЎ, мастацкі кіраўнік Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”:

— Існуе агульнавядомы таварны знак, і мы як дзяржансамбль абавязаны яго адстойваць, абараняць, “ачышчаць” ад сумніўных напластаванняў. І тое, што гэта не афіцыйны сайт, а, маўляў, усяго толькі фан-клуб, нічога не змяняе. Яны могуць быць фан-клубам, чым заўгодна, але — без нашага таварнага знака. Хай пераймянуюць назву, навошта ім менавіта “Песняры”? Гэта тое ж самае, як з’явіўся б сайт, названы “Культура”, і на ім нейкі фан-клуб вашай газеты змяшчаў бы немаведама што. Зразумела, пытанні тут жа ўзніклі б да вас. І ў вас! Паверце, я не супраць розных ацэнак ды падыходаў у мастацтве, дзе густы вельмі размаітыя. Але мы не можам заставацца ўбаку, калі мэтанакіравана дыскрэдытуецца не толькі наша імя, але і таварны знак, які, у рэшце рэшт, справядліва ўспрымаецца як брэнд усёй дзяржавы. Мы хацелі неяк “разруліць” сітуацыю — па-добраму, без залішняга “піяру”, бо ў такіх выпадках ён зусім недарэчы. Але — не атрымалася. І не па нашай віне. У мяне склалася ўражанне, што ўся гэтая пена вакол “жудаснага націску” на сайт была ўзнята, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Але я ўсё роўна спадзяюся, што шляхі ўрэгулявання не лепшай ва ўсіх сэнсах сітуацыі знойдуцца. Вельмі не хацелася б судовых разбораў, хаця мяне і абвінавачваюць у іх, у распальванні самога канфлікту. У тых, хто называе сябе адданымі прыхільнікамі справы Уладзіміра Мулявіна, павінна прачнуцца разважлівасць, разумнасць, калі хочаце. Падводзячы вынікі гаворкі, яшчэ раз паўтаруся: крытыка быць — можа. Гэта права тых, хто крытыкуе. Але — не пад нашым брэндам.

Фёдар КАРАЛЕНКА, стваральнік сайта рesnyary.com:

— Ведаеце, уся іронія лёсу заключаецца ў тым, што гэты сайт ствараўся яшчэ ў 1990-я, пры жыцці Уладзіміра Мулявіна. І Уладзімір Георгіевіч не быў супраць, разумеючы, што стварэнне падобнага сайта дапаможа сабраць шматлікія раз’яднаныя факты, матэрыялы, якія назапашваліся яшчэ тады, калі не было Інтэрнэта. І сапраўды, сайт згуртаваў людзей апантаных, адданых ідэям нацыянальнага мастацтва. Агульнымі намаганнямі былі запоўнены многія “белыя плямы” і ў біяграфіях артыстаў, і, галоўнае, у творчасці ансамбля. Бо ансамбль “Песняры”, як вядома, паўсюль выступаў “жыўцом”, у іх не заўсёды быў час на запісы новых твораў, нешта з часам гублялася. Падавалася, назаўжды. Сёння ж многае з таго, што лічылася страчаным назаўжды, знойдзена, адрэстаўравана. У гэтым сэнсе сайт стаў своеасаблівай віртуальнай “энцыклапедыяй” “Песняроў” і іхняй творчасці, амаль што гэткім “віртуальным музеем”. Ну а існаванне “клонаў” “Песняроў” і іх войны паміж сабой — гэта, прабачце, іхнія праблемы. Мы хіба ў той ці іншай меры адлюстроўваем іх дзейнасць, а менавіта — элементарна згадваем падзеі, якія адбываюцца. І абмеркаванне апошніх узнікае толькі, як кажуць, “па факце”. Ці ж можна людзям сёння забараніць абмеркаванне той або іншай мастацкай з’явы? Калі камусьці такое не падабаецца, гэта, зноў-такі, яго асабістыя праблемы. А ў дадзенай сітуацыі, калі ўжо на тое пайшло, усё, што мы можам зрабіць, гэта ўвогуле не ўзгадваць Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. Так, пэўна, і будзе.

Уладзіслаў МІСЕВІЧ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, артыст ансамбля “Песняры” ў 1969 — 1992 гг., саліст ансамбля “Беларускія песняры”:

— Асабіста мне гэты сайт не толькі не перашкаджае, але і прыносіць карысць. Больш за тое: мы закрылі форум на сайце “Беларускіх песняроў”, і цяпер усе пішуць свае ўражанні на сайт фан-клуба. Я ніколі не ўмешваюся ў тыя абмеркаванні, але атрымліваю ад іх шмат для сябе карыснага, хаця, вядома, там сустракаюцца, як і на іншых падобных інтэрнэт-рэсурсах, інфармацыйныя памылкі, недакладнасці. Але гэтыя выдаткі не могуць перакрыць усяго добрага, што робіць сайт. Здараецца, нават я на штосьці ўжо забыўся, а нашы прыхільнікі — збераглі і ў памяці, і на нейкіх дапатопных носьбітах. Да таго ж, сайт фан-клуба — зусім не камерцыйны праект. Якія могуць быць да яго прэтэнзіі наконт інтэлектуальнай маёмасці? Што ж да выказванняў, якія і сапраўды бываюць рознымі, дык ужо адно тое, што на тваю творчасць звяртаюць увагу, павінна быць прыемным. Куды горш, мяркую, калі ўвогуле не згадваюць...

Анатоль КАШАПАРАЎ, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, артыст ансамбля “Песняры” ў 1971 — 1989 гг.:

— Мне не перашкаджае, наадварот, гэты сайт варта ўхваляць. Стваральнікі яго за свае грошы ўтрымліваюць. І гэта робіць ім гонар.

Уладзімір ТКАЧЭНКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, артыст ансамбля “Песняры” ў 1978 — 1985 гг.:

— Ды няма ў мяне часу на Інтэрнэт! Я той сайт увогуле не адкрываю. Як, дарэчы, і ўсе іншыя. Нецікава. І навошта? Я раблю сваю справу, у тым ліку па аднаўленні творчай спадчыны колішніх “Песняроў”. Зараз вось з колішнім бас-гітарыстам "Песняроў" Барысам Бернштэйнам, які жыве ў Амерыцы, аднавілі “Вясёлых жабракоў”. А пра тое, хто як да гэтага ставіцца, я магу даведацца і ў кулуарах. Але для мяне гэта не так важна. Каму няма чаго рабіць, той можа суткамі ў Інтэрнэце "пасвіцца". А я для гэтага надта заняты. Справа творчага чалавека — ствараць, а не высвятляць, “хто-каго-з кім”...

Валерый ДАЙНЭКА, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, артыст ансамбля “Песняры” ў 1977 — 1992 гг., саліст ансамбля “Беларускія песняры”:

— Шчыра прызнацца, я гэты сайт ніколі не чытаю, для мяне галоўнае — творчасць: яна і ёсць галоўны “таварны знак”. А яе ацэнка — прэрагатыва публікі. Я бачу рэакцыю на нашы выступленні ў зале, і мне гэтага дастаткова. Вядома, ва ўсіх могуць быць розныя думкі, і калі чалавек іх выказвае — гэта ягонае права. Нават у тым, зразумела, выпадку, калі нечыя меркаванні не супадаюць з маім. Слухач жа дзеля таго і прыходзіць на канцэрт, што хоча атрымаць уражанні. А атрымаўшы, хоча падзяліцца імі. У тым ліку — праз Інтэрнэт. Праз якія сайты, форумы, блогі — не важна. Няхай кожны займаецца сваёй справай, а не высвятленнем адносін, тады і агульная культура будзе ўзрастаць...

Алег МОЛЧАН, музычны кіраўнік, артыст ансамбля “Песняры” ў 1989 — 1998 гг.:

— Сайт pesnyary.com я чытаў, але, прызнацца, мала звяртаю ўвагі на тое, што там пішуць. Бо будуць там “гнюсныя пасквілі”, агідныя ці наадварот добрыя словы — ад гэтага нічога не залежыць. І любоў публікі — таксама! Невыпадкова ж кажуць, што калі ў цябе няма ворагаў, значыць, ты нічога не варты. Любыя форумы — гэта сродак прыцягнуць масы, даць магчымасць той жа кухарцы калі не кіраваць дзяржавай, дык хаця б выказвацца пра высокае мастацтва так, як яна яго разумее — ці ўвогуле не разумее. Да таго ж, рабіць гэта пад чужым іменем, пад псеўданімам, абсалютна беспакарана. Так што я форумы чытаць кінуў: гэта, у рэшце рэшт, вялікая яма, куды кожны кідае тое, што лічыць неабходным. І пасярод бруду, якога бывае ўдосталь, знайсці сапраўдныя дыяменты бывае цяжка...

Не ведаю, наколькі ўлічваюцца на гэтым сайце ўсе дасланыя думкі, але можна заўважыць, што пазіцыю “Беларускіх песняроў”, як мне здалося, там выяўляюць больш. Дык замест таго, каб змагацца, штосьці закрываць ці прадпрымаць іншыя радыкальныя меры, ці не лепш проста надалей, яшчэ больш плённа, распрацоўваць свой уласны сайт? І — перацягваць туды лепшых “аўтараў”, гуртаваць сваіх прыхільнікаў. А высвятляць, хто за каго больш “песнярысты” — навошта? У кожнага з “нашчадкаў” ёсць свае праблемы. Таму галоўнае — быць самім сабой, а не заставацца ў цені Мулявіна. І яшчэ. Самі па сабе словы “пясняр”, “песняры” не могуць, на маю думку, быць брэндам, бо само гэтае паняцце існавала спрадвек. Каб яно набыло той сэнс, які ў яго ўкладаюць, трэба штосьці яшчэ. І гэтае “штосьці” — творчасць. Бо няма горшай бяды, калі брэнд і імідж не супадаюць…

Алег АВЕРЫН, артыст ансамбля “Песняры” ў 1993 — 1998 гг., саліст ансамбля “Беларускія песняры”:

— Беларускі дзяржаўны ансамбль, як і кожны з нас, можа рабіць так, як хоча. Вось толькі хай бы кожны займаўся сваёй справай...

Валерый СКАРАЖОНАК, артыст ансамбля “Песняры” ў 1998 — 2003 гг., артыст Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” ў 2003 — 2012 гг.:

— Сайт нікому не перашкаджае, людзі маюць магчымасць, што называецца, “сустрэцца і абмеркаваць”. Раней былі бабулі на лавачках, цяпер іх функцыі перайшлі ў іншае інфармацыйнае вымярэнне, — каму якая да гэтага справа? Трэба сумленна працаваць і адказваць найперш перад самім сабой. Маўляў, што я зрабіў за апошнія дзесяць ці колькі гадоў? Нас могуць ганьбіць, могуць ухваляць — заслужана ці не. Але толькі мы самі ведаем, ці ўсё зрабілі, што маглі. Працавалі з сапраўднай аддачай — ці так, “дзеля птушачкі”. У Інтэрнэце, як і на паперы, можна выказваць што заўгодна. А вось сумленне не падманеш…

Аляксандр КАЦІКАЎ, артыст ансамбля “Песняры” ў 1992 — 1998 гг., саліст ансамбля “Беларускія песняры”:

— Мая думка? Любыя спрэчныя пытанні павінны вырашацца па законе. Усё ведаць немагчыма, творцы ўвогуле звычайна жывуць “у іншым вымярэнні”, але ў такіх выпадках трэба звяртацца па кансультацыю да юрыстаў. Не разумею, якія могуць быць прэтэнзіі, калі даменнае імя зарэгістравана, прычым вельмі даўно? Гэты сайт — адзін з самых старых, яго наведала безліч карыстальнікаў, там абмяркоўваліся самыя разнастайныя рэчы. І тыя, хто ў розныя часы пакідаў там свае выказванні, рабілі вельмі карысную справу: яны з’ядноўвалі людзей з усяго свету вакол Беларусі. Так што на сёння, лічу, гэта ўжо інтэлектуальная ўласнасць не адно “Песняроў”, а і ўсіх пакаленняў прыхільнікаў розных складаў ансамбля. Што ж да самога слова “песняры”, дык тады, прабачце, і на Купалу з Коласам можна ў суд пасмяротна падаваць: маўляў, іх таксама называюць песнярамі, а гэта псуе таварны знак; што, калі нас пераблытаюць? Пераследаваць — значна прасцей, чым ствараць штосьці новае. Але каму гэта патрэбна? Лепш займацца творчасцю...

Замест P.S. 

Асабіста ў мяне ўсялякія падобныя “разборкі” выклікаюць, па меншай меры, здзіўленне. І — адчуванне таго, што ні гісторыя, ні, прабачце, дзіцячыя казкі (а тым больш — дарослыя прытчы) нас нічому не вучаць. У гісторыі сусветнай музыкі было нямала прыкладаў сапраўдных, далёка не віртуальных, боек паміж глюкіністамі і пічыністамі, прыхільнікамі Вердзі і Вагнера. Але рабілі гэта… “фаны”, а зусім не кампазітары ці артысты. Самі ж творцы, як згаданыя Вердзі з Вагнерам ці як Бах з Гендэлем, маглі так ніколі і не сустрэцца ў жыцці — хіба на старонках кніг, што пісаліся ўжо пасля іхняй смерці.

Цяпер норавы рэзка змяніліся. І дзеячы культуры, асабліва — расійскія зоркі эстрады, дэманструюць шматлікія прыклады “чорнага піяру”: раздуваюць чарговы скандал, у сувязі з чым імёны спевакоў не сыходзяць з газетных палос і эфіру. А ўсё таму, што ў іншым выпадку некаторыя імёны маглі б забыцца, бо іншых інфармацыйных і, асабліва, творчых нагод, каб іх узгадваць, не з’яўляецца.

Вядома, інтэлектуальную ўласнасць трэба абараняць. Але ж ці не паўстае часам перад творцамі дылема, на што лепш час “змарнаваць”? На гэтыя “разборкі” — ці на стварэнне новай, яшчэ больш геніяльнай “інтэлектуальнай уласнасці”? Бо ці не атрымаецца ва ўсёй гэтай барацьбе так, як у шматлікіх казках пра братоў, якія дзеляць бацькаву спадчыну? Старэйшыя забралі ўсё — ды засталіся ні з чым, бо не ўмелі атрыманым распараджацца. А малодшы, не атрымаўшы анічога, дасягнуў усяго ўласнымі намаганнямі. Дык хто ж у выніку багацейшы?

Узгадалася і адна кулуарная размова — між іншым, расійскіх дзеячаў культуры, але пра нас, беларусаў. Маўляў, мы, расіяне, прывыклі ўсё браць штурмам. Хутка і адразу. Нам хтосьці слова — мы яму дзвесце. Перамога за намі! А ў беларусаў — іншая тактыка: яны быццам бы з усім пагаджаюцца і пры гэтым… спакойна робяць сваю справу — так, як лічаць неабходным. А потым глядзіш — сапраўды, у іх штосьці атрымалася. А ў нас — так на словах і засталося…

Дык, можа, прыслухацца да гэтага “знешняга меркавання”? І пераключыць увагу найперш на творчасць, а не на “віртуальныя баі з праціўнікам”?

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"