Прэм’ерай спектакля “Тры Жызэлі” Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі ў чарговы раз сцвердзіў сваю назву: пастаноўка Аляксандра Гарцуева (дарэчы, першая для яго на гэтай сцэне ў якасці мастацкага кіраўніка тэатра) “прэзентавала” аднайменную п’есу Андрэя Курэйчыка.
У 2004 годзе п’еса заняла ІІІ месца на Міжнародным конкурсе “Еўраазія”, у 2005 — 2010-м, увасобленая тым жа Аляксандрам Гарцуевым, ішла ў Новым драматычным тэатры (з запрашэннем артыстаў з розных труп). Цяперашні варыянт нельга лічыць пераносам спектакля (чаму спрыяе, найперш, новая сцэнаграфія) — гэта, хутчэй, далейшае спасціжэнне перыпетый лёсу францужанкі, якая стала беларускай. Але, пэўна, зусім не выпадкова п’еса не атрымала асаблівай папулярнасці на розных сцэнах, як гэта было, да прыкладу, з “П’емонцкім зверам” таго ж А.Курэйчыка. Драматургія “Трох Жызэлей” нагадвае кінасцэнарый. Замест падзелу на акты — ажно 34 “карціны” агульнай працягласцю больш за дзве гадзіны, відавочна мантажны тып іх спалучэння, бо дзеянне разгортваецца нібыта ў “трох вымярэннях”: у Францыі (1940 — 43) і ў розны час (1957 і 1999) у беларускай вёсцы Карзуны. Аўтар надае гэтаму жанравае азначэнне “тры гісторыі”, пазначаючы іх ужо ў пераліку дзеючых асоб як “Жызэль юная”, “Жызэль дарослая” і “Жызэль старая”. Кожная з гісторый мае сваю “экспазіцыю — завязку — развязку”, якія і складаюцца ў гісторыю жыцця, заснаваную, дарэчы, на абсалютна рэальных фактах біяграфіі рэальнай Жызэлі Купэс.
Ставіць такую п’есу вельмі складана. Яна — з тых твораў, якія дастаткова прачытаць. Ну, можа, яшчэ паказаць “гаворачыя галовы” для большай запамінальнасці, хоць і так усё зразумела. Праўда, рэжысёр дадае голас “за кадрам”, які не толькі вызначае месца ды час дзеяння, але і сведчыць пра спробу неяк паэтызаваць гэтую мастацка-дакументальную “хроніку”, зрабіўшы Жызэль “вясновай”, “летняй” і “асенняй”, што пазначана і ў праграмцы. Ды толькі гэтага замала: спектакль не выходзіць за межы простай апавядальнасці, дый поры года не набываюць філасофскага асэнсавання.
Калі галоўнай задачай пастаноўшчыка было заняць усю трупу, дык мэта дасягнута, чаму спрыяе не толькі ўнушальны спіс дзеючых асоб, але і падвойны склад артыстаў амаль на кожную з іх. Але такі “парад” адразу выяўляе неаднароднасць трупы, звычку акцёраў працаваць “на розных хвалях”. Адразу вылучаецца характар героя, “злеплены” Сяргеем Шымко, які цудоўна “спецыялізуецца” на каларытных персанажах. А вось тры абліччы галоўнай гераіні так і не зрастаюцца разам. Вераніка Буслаева ўвасабляе дзяўчынку-падлетка з няпростым, у адрозненне ад старэйшай сястры, характарам. Людміла Сідаркевіч — сапраўдную францужанку, ды яшчэ і парыжанку. Таццяна Мархель — такую ж сапраўдную… вясковую бабулю, што спрадвек не пакідала сваёй беларускай хаты. Яны застаюцца нібыта трыма рознымі людзьмі, бо між акцёрамі не ўзнікае нават намёку на нейкую пераемнасць. Можа, у гэтым і была рэжысёрская задума? Але тады яна не атрымала сцэнаграфічнай падтрымкі. Мастака Андрэя Меранкова, здольнага мысліць канцэптуальна, выкарыстоўваючы яркія рэчы-сімвалы, што на нашых вачах атрымліваюць усё новыя трактоўкі, тут не пазнаць, быццам над пастаноўкай працаваў забранзавелы традыцыяналіст, выхаваны адно на рэалізме мінулых дзесяцігоддзяў. Затое Дзмітрый Фрыга добра папулярызуе музыку А.Адана з балета “Жызэль”. А частыя мізансцэны, адрасаваныя “на дырыжора”, міжволі адсылаюць да традыцыяналісцкіх оперных пастановак. Можа, РТБД заключыў дамову з Вялікім тэатрам па абмене гледачамі?
На здачы ды прэм’ерах быў аншлаг. Спектакль паспела паглядзець і афіцыйная дэлегацыя з Беластока (разам з “Адвечнай песняй” — там жа, у РТБД, а таксама “…Тэатрам Уршулі Радзівіл” у купалаўцаў). Так што будзем спадзявацца на далейшыя гастрольныя запрашэнні ды абменныя мерапрыемствы. Трэба думаць, “Тры Жызэлі” і надалей будуць збіраць у нас залу без асаблівых праблем: публіка любіць “праўдзівыя гісторыі жыцця” (невыпадкова на іх часта будуюцца і “мыльныя оперы”, і дакументальныя “сенсацыі”). Але ж у тэатры хочацца не толькі гэтага! А яшчэ і мастацкасці. Ці хаця б той тонкасці псіхалагічных адносін, якая дазваляе гледачу адкрыць штосьці новае і ў сабе самім. А не толькі… узгадаць правілы бяспекі карыстання электрычнасцю: маўляў, каб Франсуа не загінуў, замяняючы лямпачку ў стане лёгкага ап’янення, дык усё было б зусім іначай…
На здымках: сцэны са спектакля "Тры Жызелі".
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА