Пра барона — пакуль з усмешкай?

№ 35 (1057) 01.09.2012 - 07.09.2012 г

Гэта ж Мюнхгаўзэн! І аргумент жалезны маем

Да Глыбокага маюць дачыненне шмат выдатных асоб. На Дні пісьменства нават будзе ўрачыста адкрыты Сквер славутых землякоў са скульптурнымі выявамі тых, хто ўславіў Глыбоччыну. Шкада, што сярод гэтых постацей не будзе выявы барона Мюнхгаўзэна, які нарадзіўся немаведама дзе (мяркуючы па прозвішчы, хутчэй за ўсё, у Германіі), але пахаваны дакладна ў Глыбокім. Таму, хто не верыць, можна прад’явіць “жалезны аргумент”: старажытны металічны крыж на мясцовых могілках з надпісам “Фон Мюнхгаўзэн”. Колькі гадоў таму наша газета пісала пра гэта.

“Той” барон ляжыць пад крыжам, ці “не той”, няхай высвятляюць навукоўцы, а тым, хто шануе логіку, і без спецыяльных доследаў усё зразумела. Літаратурны Мюнхгаўзэн — вобраз зыходна зборны, да таго ж, добра “адрэдагаваны” часам. А з гэтага вынікае, што з глыбоцкага Мюнхгаўзэна маглі быць не толькі спісаны пэўныя рысы гэтага літаратурнага героя, але цалкам верагодна, што менавіта ён быў яго асноўным прататыпам. На карысць гэтай версіі сведчыць тая акалічнасць, што Мюнхгаўзэн, якім яго ведаюць чытачы, быў рызыкантам і авантурыстам. Такія людзі рэдка ціха паміраюць у бацькоўскім доме, у сямейным асяродку. Вось і нашага авантурыста занесла з Германіі ў Беларусь, каб тут скласці галаву…

Магіла барона ў Глыбокім мясцовым жыхарам добра вядомая. Паводле слоў начальніка аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Таццяны Малатоўнік, пра “свайго” Мюнхгаўзэна глыбаччане гавораць з… усмешкай. У іхняй свядомасці ён не надта спалучаецца з літаратурным героем. Але паглядзець на крыж гасцей горада водзяць. І бывае, што экскурсавод (звычайна гэта хтосьці з супрацоўнікаў аддзела культуры) для большага эфекту апранаецца падобна на артыста Алега Янкоўскага, выканаўцы ролі Мюнхгаўзэна ў вядомым фільме. Праўда, пра сур’ёзную раскрутку брэнда пакуль гаворка не ідзе. І, як мне падаецца, не ў грошах справа — ідэі няма, канцэпцыі. Магчыма, да яе з’яўлення і рэалізацыі падштурхне Дзень беларускага пісьменства ў Глыбокім… На міфах, калі добра ўзяцца за справу, можна немалыя грошы зарабіць. А тут брэнд ляжыць проста на зямлі. У літаральным сэнсе.

Калі Глыбокае захоча паставіць барону помнік, дык праблем творчага характару не будзе. Скульптар Уладзімір Жбанаў паспеў адліць фігуру Мюнхгаўзэна ў бронзе. Зараз яна экспануецца ў Музеі гісторыі горада Мінска, ва ўнутраным яго двары, і будзе там знаходзіцца яшчэ пэўны час. Скульптура дзяржавай не выкуплена — яна належыць сям’і памерлага аўтара. Кажуць, што Уладзімір Жбанаў хацеў прапанаваць свой твор немцам, але на радзіме скульптуры будзе больш утульна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"