“Калі не памру ў Каралішчавічах, дык пастараюся зірнуць у ясныя вочы Нарачы”, — пісаў Якуб Колас пісьменніку і свайму асабістаму сакратару Максіму Лужаніну 19 ліпеня 1955 года. Праз год адбылася апошняя паездка народнага паэта ў гэтую маляўнічую мясціну.
Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа захоўвае цікавую серыю аматарскіх фатаграфій Міхаіла Ціханавіча Лынькова. Гэта апошнія здымкі Якуба Коласа, якія былі зроблены напрыканцы ліпеня 1956 года ў час адпачынку на возеры Нарач.
Вобраз паэта на фатаграфіях — у куртцы, тапачках, з кіёчкам — уражвае сваёй нязвыклай прастатой. На кожнай — цёплы сяброўскі дарчы надпіс класіку нацыянальнай літаратуры. На адваротным баку пазначана дата: “25/VII 1956 г.”. Дарэчы, Канстанцін Міхайлавіч дабрадушна жартаваў з Міхася Лынькова, называючы яго то адміралам, то нарачанскім флотавадзіцелем.
“Якубу Коласу на памяць
ад нарачанцаў
Міхась Лынькоў”
25/VII 1956 г.
“Якуб Колас з “адміралам” і
“боцманам” з Нарачы
Міхась Лынькоў”
25/VII 1956 г.
“У “Вялікага кастра”
на Нарачы
Міхась Лынькоў”
25/VII 1956 г.
“На сялібе ў нарачанцаў
Міхась Лынькоў”
25/VII 1956 г.
Міхась Лынькоў успамінаў, што Коласу возера вельмі падабалася, ён нібыта парадніўся з ім, палюбіў. І пабыўшы там некалькі разоў, ён зрабіўся страсным прапагандыстам прыгажосці Нарачы, яе цудоўных асаблівасцей, выдатных перспектыў. Лічыў, што лепшай курортнай мясціны трэба яшчэ пашукаць. У той час там яшчэ не было дамоў адпачынку, мноства турыстаў і дачнікаў. Трое сяброў паэта — Максім Танк, Міхась Лынькоў і Аркадзь Куляшоў — адны з першых, хто “асвоіў” гэтае цудоўнае возера. Якуб Колас казаў: “А мы шукаем часам красу і не бачым яе… Дзівакі, ездзім за гэтай красой ліха ведае куды, а не заўважаем, што яна паблізу нас, побач з намі”. Паэт шкадаваў, што позна адкрыў для сябе гэтае возера. На жаль, праз два тыдні пасля паездкі на Нарач Якуб Колас пайшоў з жыцця…
Таццяна МАКАРАНКА, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа