Як канкурсанты гуляюць “у хованкі”?

№ 18 (1041) 05.05.2012 - 12.05.2012 г

На праслухоўванні і пасля яго. Таленты — ёсць! Ды “фон” часам не вытрымлівае крытыкі...

/i/content/pi/cult/376/7353/1-1.jpegУ панядзелак стала вядома, хто прадставіць нашу краіну на конкурсах "Славянскага базару ў Віцебску". Сярод маладых выканаўцаў гэта Яўген Доліч - леташні выпускнік Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, першакурснік БДУКіМ. Сярод дзяцей - 10-гадовая мінчанка Жэня Кляпіцкая і яе аднагодка ды зямлячка Ліза Мураўёва. Усяго было даслана 50 дзіцячых заявак і 23 дарослыя, з гэтых запісаў для фінальнага праслухоўвання пакінулі, адпаведна, 10 і 8 чалавек. Прайшоўшы ў "рабочым парадку", без канцэртных тэлездымак з перагукам груп падтрымкі, адборачны тур акрэсліў кола праблем, што назбіраліся ў сферы падрыхтоўкі юных і маладых эстрадных вакалістаў. Менавіта пра гэта мы і распытвалі членаў абодвух журы.

Спевы або рухі:

курыца ці яйка?

Шмат гадоў запар мы канстатавалі: маўляў, нашы дзеці цудоўна спяваюць, ды вось рухацца не ўмеюць. Сёння, здаецца, сітуацыя змянілася.

- Дзіцячы конкурс "Славянскага базару ў Віцебску", - адзначае кампазітар Алена Атрашкевіч, - патрабуе, найперш, моцнай харызмы, добрага вакалу і, што вельмі важна, менавіта палётнага голасу як рысы славянскага менталітэту. Мы ж апошнім часам (пэўна, яшчэ і пад уздзеяннем "Еўрабачання") так захапіліся пастановачнымі нумарамі, што часам забываемся на іншыя крытэрыі ў падрыхтоўцы юных спевакоў. Што ж да рэпертуару ды "навучанасці", дык гэтыя пытанні - вечныя: яны паўстаюць абсалютна на кожным конкурсе, і не толькі ў рамках віцебскага форуму. Трэба проста працаваць ды працаваць - тады і будзе шлях наперад...

- Былі вельмі моцныя дзяўчынкі, - пацвярджае мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычных мастацтваў імя У.Мулявіна Святлана Стацэнка, - але ў многіх быў не вельмі добра падабраны рэпертуар, не ўлічваўся галасавы дыяпазон. Дзесьці кіраўнік павінен быў узняць песню на тон вышэй, дзесьці - наадварот, панізіць, каб выканаўцы было зручней. Трэба ўлічваць індывідуальнасці!

- Калі дзяцей рыхтуюць да эстраднага конкурсу, як гэты, - працягвае тэму падрыхтоўкі спявачка і педагог па вакале Вольга Вронская, - дык трэба вучыць іх эстраднаму вакалу. У многіх жа адчувалася народная манера, а не эстрадная - гэта ўсё ж розныя рэчы. Эстрадных школ і разнастайных методык - вельмі шмат, дастаткова зазірнуць у Інтэрнэт. Гэтым і павінны займацца выкладчыкі: "прымерваць" ужо знойдзеныя методыкі і шукаць сваю, адаптуючы яе для кожнага асобнага вучня...

- Усе дзеці былі, як заўсёды, галасістымі, - мяркуе старшыня "дзіцячага" журы, народны артыст Беларусі, кампазітар Васіль Раінчык. - Але сярод іх - толькі дзве дзяўчынкі, якія цалкам разумелі, што ж такое яны спяваюць. Нават без уласна спеваў - песня ўжо ў іх вачах адбівалася! Журы і спыніла на іх сваю ўвагу. З дзецьмі ў нас заўсёды ўсё ў парадку. А вось з дарослымі...

Лаўрэат міжнародных конкурсаў Пётр Ялфімаў літаральна тую ж фразу вымаўляе крыху інакш. І з іншым сэнсам!

- Праблемы бываюць не ў дзяцей, - усміхаецца ён, - а ў дарослых. З года ў год на розных дзіцячых конкурсах, на якіх мне даводзілася бываць, звычайна сустракаюцца адны і тыя ж памылкі. Апошнім часам усе імкнуцца зрабіць нейкі пастановачны нумар. Чаму б і не? Але пачынаюць з таго, што напружваюць саліста разнастайнымі рухамі, скокамі - усялякай мітуснёй, нават калі яна, бывае, не адпавядае настрою песні. І ўсё гэта - замест таго, каб навучыць дзіця галоўнаму: правільна дыхаць. А яшчэ - разумець тое, пра што спяваеш, і данесці тое да слухача. Менавіта гэта ў песні галоўнае! Калі згаданага не будзе, нішто ўжо не выратуе: ні прыгожы сцэнічны строй, ні скокі. Тым больш, рухі, якім дзяцей навучаюць, часта заштампаваныя, трывіяльныя. Дый выконваюцца яны ненатуральна! Бо дзіця ўвесь час думае, дзе яму руку ўзняць, дзе нагой патрапіць. Калі ж тут думаць пра саму песню? А павінна быць усё наадварот. Спачатку - правільнае дыханне. Для спевака гэта - той падмурак, ад трываласці якога залежыць любая далейшая "канструкцыя" - абраная песня. Таму нельга пачынаць з развучвання той або іншай песенькі, пакуль не ўсталявалася спеўнае дыханне. Гэта - тое ж самае, як пастаноўка рук для музыканта, які збіраецца граць на тым або іншым інструменце. Можна, канешне ж, і без усякай пастаноўкі рук панаціскаць адным пальцам па клавішах - вось, маўляў, і мелодыя. Але піяністам так не станеш. Перавучваць жа пазней - вельмі цяжка, а часам і ўвогуле немагчыма. І колькі я пра гэта ні кажу педагогам, штораз бачу ўсё тое ж самае: нерэалізаваныя амбіцыі дарослых. А ў дзяцей - "заціснутае" горла, насавы прыгук у голасе. Спеваў - няма, бо спевы - гэта, вобразна кажучы, мастацтва выдыху...

Дадамо, што пластыка спевака павінна таксама выцякаць са зместу і характару песні. Калі дзіця задумаецца над тым, пра што спявае і што хоча сказаць сваёй песняй слухачу, рухі дададуцца, нібыта самі па сабе. Педагогу застанецца толькі замацаваць ужо знойдзенае і падказаць штосьці яшчэ. Тады жэстыкуляцыя пачне працягваць зададзены настрой і стане абсалютна натуральнай, чаго сёння так бракуе пачаткоўцам, хаця, да прыкладу, ніхто з іх не "рэпеціруе" свае жэсты, калі размаўляе з тымі ж сябрамі.

Пра што пяём,

каму спяваем?

Песенны рэпертуар - даўно ўжо балючая тэма нашай эстрады. І як бы яе ні вырашалі, актуальнай яна будзе заўсёды. Бо яшчэ рускі класік Мікалай Рымскі-Корсакаў любіў паўтараць: новы час - новыя песні. Таму заклік "Больш песень новых - розных і добрых!" ніколі не страціць сваёй надзённасці.

Яшчэ больш праблем узнікае пры пошуках менавіта конкурсных песень. А іх, улічваючы ўзрастанне колькасці саміх конкурсаў, патрабуецца ўсё больш і больш - яшчэ і прызначаных для пэўнага выканаўцы. На конкурсах "Славянскага базару..." патрабуюцца дзве песні. Адна - кампазітара краіны і на мове краіны, якую прадстаўляе ўдзельнік, другая - на выбар (у дзіцячай праграме) ці кампазітара адной са славянскіх краін на адной са славянскіх моў (сярод дарослых). Тое, што гучала на адборы, выклікала, за рэдкім выключэннем, здзіўленне. У некага песня - відавочна складаней, чым можа выцягнуць выканаўца. У кагосьці - наадварот, з дыяпазонам усяго ў палову актавы (іншымі словамі, на трох нотах). Песенныя тэксты - часта ўвогуле па-за межамі хаця б падабенства літаратуры і добрага густу. Часта абедзве песні былі беларускамоўнымі. Але радавацца зарана. Бо ўсё - пераважна "саматужнага вырабу" і адпаведнага гатунку...

- У нас стала ўжо традыцыяй, - працягвае Пётр Ялфімаў, - на кожным конкурсе ці фестывалі, незалежна ад яго накіраванасці, спяваць патрыятычныя песні. Што ж да іх колькасці ды якасці, дык колькасць, здараецца, зашкальвае, а якасць... таксама "зашкальвае", толькі ў іншы бок. Быццам няма ў нашых дзяцей нічога "дзіцячага" - адно "любоў да Радзімы", выказаная, што горш за ўсё, заштампаванай мовай, на ўсё тых жа трох з паловай нотах...

Хтосьці, пэўна, не пагодзіцца і пачне парыраваць: маўляў, няхай ужо будзе "заштампаваны" родны край, чым песня, прабачце, пра хваравітыя працэсы, звязаныя з працай страўніка (а такая на адборы таксама гучала!). Давайце не будзем спрачацца, што лепш. Абое рабое. Бо не бывае дрэнных тэм - бывае іх жудаснае ўвасабленне.

Згуляем у хованкі!/i/content/pi/cult/376/7353/1-3.jpeg

На "дарослым" адборы пасля таго, як усе прэтэндэнты праспявалі па першай песні, журы пачало ўсур'ёз абмяркоўваць, ці не спыніць праслухоўванне, перанёсшы яго на больш позні тэрмін, каб спевакі падрыхтаваліся лепш: узровень многіх нават і блізка не адпавядаў конкурснаму. Але пераможца быў відавочны, і вырашылі давесці адбор да канца, каб засталося больш часу на непасрэдную падрыхтоўку да "Віцебска-2012" - пошукі знешняга выгляду, сцэнічных строяў.

Падводзячы пасля другой песні вынікі, старшыня журы - народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг - не вытрымаў і з болем выказаў прысутным свае заўвагі:

- Многія сённяшнія прэтэндэнты рыхтаваліся да праслухоўвання фармальна. Бо трэба хаця б разумець, на конкурсе якога ўзроўню і прэстыжнасці вы збіраецеся прадстаўляць не толькі саміх сябе, а ўсю краіну! Я магу гэта казаць, бо цягам дваццаці гадоў з'яўляюся мастацкім кіраўніком гэтага конкурсу, штогод разам з аркестрам даводжу ўдзельнікаў з розных краін да неабходнай планкі. Але адна справа, калі хтосьці прыязджае да нас упершыню і яшчэ не зусім усведамляе, як і дзе яму давядзецца выступіць. Іншая ж - прадстаўнікі Беларусі, якія на правах гаспадароў павінны шмат у чым весці за сабой. А што мы сёння пачулі, які рэпертуар? Што з ім далей рабіць? Многія песні - нізкага ўзроўню, папросту самадзейныя, зробленыя са штампаў, зададзеных камп'ютарам. Дзе ў тых песнях сэнс, што там за словы? Дый у многіх на твары напісана толькі тое, як лепш узяць верхнюю ноту, а не тое, пра што песня. А дзе творы да 130-годдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа? Дзе песні да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка? Хто з вас і калі іх будзе рыхтаваць? Ні ў адной з краін свету дзяржава так не дапамагае эстрадзе, як у нашай. Тыя, хто пачынаў раней за вас - тая ж Іна Афанасьева, якая сёння ў журы, - не мелі і сотай долі таго, што маеце вы: добрая апаратура, даступнасць любой інфармацыі, усе магчымасці для самаўдасканалення. Але апаратура сама па сабе не заспявае і не зайграе. Дзе ж ваша аддача? Давайце разам закасаем рукавы і будзем працаваць - дзеля нашай краіны. Трэба любіць сваю краіну, паважаць яе мову, прымнажаць нацыянальныя здабыткі ў культуры. Хто ж гэта зробіць, як не вы, маладое пакаленне?..

Кампазітар Алег Елісеенкаў, адкінуўшы эмоцыі, паставіўся да ўзроўню сёлетняга адбору больш па-філасофску:

- Бульба - і тая, бывае, не ўродзіць. А мы хочам, каб штогод з'яўляліся па некалькі талентаў, адзін за другога лепшыя - невядома, каго выбіраць. Увогуле, больш важна нават не тое, каго паслаць на конкурс, а тое, як гэтага "абранніка" найлепш прадставіць. Бо канкурсант - гэта, груба кажучы, інструмент, на якім павінен граць музычны прадзюсар. Так, ад якасці "інструмента" залежыць многае, але ад умення граць - куды больш. Трэба знайсці ідэю - у песнях, якія канкурсант прадставіць, у ягоным абліччы, у аранжыроўках. Ва ўсім павінна быць штосьці новае! А не толькі ў адкрыцці новага імя...

Ды ўсё ж за падрыхтоўку многіх прэтэндэнтаў сорам браў папраўдзе. Бо кастынгі нават на разнастайныя шоу, дзе шукаюць "схаваныя", не раскрытыя раней, аматарскія таленты, бываюць куды больш "крутымі". Можа, сюды не надта імкнуліся, бо адборачны тур, як на тыя ж "Еўрабачанне" ці "Новую хвалю", не пакажуць па тэлевізары? Але ж, здараецца, і на рэгіянальных конкурсах, не кажучы ўжо пра рэспубліканскія, якія таксама не трансліруюць, агульная карціна атрымліваецца больш аптымістычнай.

- Узнікае лагічнае пытанне, - кажа заслужаная артыстка Беларусі Іна Афанасьева, - чаму заяўкі даслалі толькі гэтыя выканаўцы, а не іншыя? Што, не было аніякай рэкламы? Пра самі конкурсы ведаюць усе. Але, пэўна, павінна больш шырока распаўсюджвацца інфармацыя, калі і куды дасылаць заяўкі, што павінен утрымліваць пакет дакументаў. Калі рэклама на тую ж "Новую хвалю" не сыходзіць з экранаў тэлевізараў, дык і заявак там куды больш...

Можа, спявачка ў чымсьці і мае рацыю. Але што ж не клапоцяцца самі патэнцыйныя ўдзельнікі ды іхнія кіраўнікі? Чаму яны павінны чакаць, пакуль ім разрэкламуюць гэтую інфармацыю і, што называецца, прынясуць на сподачцы з блакітнай аблямовачкай? На афіцыйным сайце "Славянскага базару ў Віцебску" можна без цяжкасцей знайсці Палажэнне аб дзіцячым і дарослым конкурсах, дзе прапісаны ўсе ўмовы, дакладна пазначаны дата і адрас, што датычацца прыёму заявак. Можа, хтосьці чакае, каб яго, нарэшце, "знайшлі", як пры гульні ў хованкі?

Думкі на гэты конт выказаў Мікалай Казюлін - дырэктар Маладзёжнага тэатра эстрады, на базе якога звычайна і праводзяцца адборачныя туры:

- Акурат напярэдадні ў нашым тэатры адбыўся канцэрт "Новыя імёны", зладжаны Палацам дзяцей і моладзі. Выступіла каля сотні дзяцей, і многія, паверце, былі лепшыя за тых, хто падаваў свае заяўкі на цяперашні адбор... Дык у чым жа справа? Можа, у самім прынцыпе адбору? У свой час я займаўся тэлеконкурсам "Усе мы родам з дзяцінства". Фармат адбору там быў іншы: журы ездзіла па рэспубліцы і "жыўцом" праслухоўвала патэнцыйных удзельнікаў. Перад намі праходзілі тысячы дзяцей, напрыканцы дня ўжо ў вачах мітусілася. Але, здаецца, такім чынам было больш рэальна адабраць лепшых. Тут жа першы тур праходзіць на аснове дасланых фанаграм. Гэта, зразумела, значна скарачае працу журы. Але разам з тым скарачаецца і спіс прэтэндэнтаў! Камусьці зрабіць запіс прасцей, камусьці - цяжэй. Хтосьці, здараецца, папросту не паспявае. Дый сама якасць запісу! Зноў-такі, у кагосьці ёсць магчымасць зрабіць добрую фанаграму, з дапамогай гукарэжысуры пазбегнуць некаторых хібаў выканання. А пачынаеш слухаць жыўцом - і думаеш: як жа такое маглі прапусціць?..

Можа, было б і сапраўды мэтазгодна зноў вярнуцца да старога, апрабаванага часам, метаду? Скласці банк даных адораных дзяцей і "весці" іх надалей ад конкурсу да конкурсу. Толькі хто будзе "весці за ручку"? Дзяржава? Спецыяльная камісія?

- Усе, хто хацелі б трапіць у адборачныя туры, - упэўнены начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Казловіч, - мелі для гэтага ўсе магчымасці. Такія праслухоўванні праводзяцца штогод, прыблізна ў адзін і той жа час, умовы не змяніліся, інфармацыя - агульнадаступная. Кожны, хто звяртаўся ў Міністэрства па тлумачэнні і дадатковыя звесткі, іх атрымаў. Дый Тэатр эстрады абзваніў усе вобласці. Галоўнае, што ёсць вынік: канкурсанты сёлетняга "Славянскага базару..." выбраны. І іхні ўзровень ані не ніжэйшы (а можа, яшчэ і вышэйшы) за ўзровень тых, хто прадстаўляў Беларусь раней. Дый сама сістэма конкурсаў і фестываляў, што склалася ў краіне, "выціскае на паверхню" ўсіх, хто мае спеўныя здольнасці і хоча іх рэалізаваць...

- Мы надта шмат ставім на дзяржаўныя рэсурсы, - мяркуе кампазітар Алег Елісеенкаў. - Маўляў, упраўленні ды аддзелы культуры павінны вылучыць і даслаць. Мяркую, наспеў час аддаць конкурсную падрыхтоўку шоу-бізнесу, магчымасці якога добра зарэкамендавалі сябе на той жа "Новай хвалі"...

- На тэлепраекце "Акадэмія талентаў", у якім я ўдзельнічаў, - пацвердзіў прадзюсар Уладзімір Кубышкін, - не толькі ў маёй камандзе, але і ў Юрыя Саваша, і ў Максіма Алейнікава былі па тры-чатыры спевакі, здольныя для далейшага навучання. З некаторымі я працягваю працаваць і пасля завяршэння праекта. Таму вырашыў: да наступнага "Славянскага базару ў Віцебску" падрыхтую як мінімум аднаго патэнцыйнага канкурсанта, за якога, па меншай меры, не будзе сорамна...

Дык, можа, справа яшчэ і ў адказнасці? Дакладней, у розным яе разуменні. Той, хто добра ўсведамляе неабходны конкурсны ўзровень, саромеецца падаваць заяўку: маўляў, я пакуль яшчэ "не дарос". А той, каму губляць няма чаго, ідзе, як кажуць, ва-банк: эх, была-не была - не выберуць, затое паўдзельнічаю!

- Адчуванне, - здзіўляецца Іна Афанасьева, - што цяперашнія ўдзельнікі дарослага адбору рыхтаваліся самі, без выкладчыкаў і кіраўнікоў. Але ж многія з іх прадстаўлялі навучальныя ўстановы! Няўжо там гэтым ніхто не займаецца?

- Звярніце ўвагу, - працягвае народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, - што акрамя Яўгена Доліча, з Універсітэта культуры і мастацтваў былі яшчэ дзве дзяўчыны. Студэнты - гэта ж без пяці хвілін прафесіяналы! А што мы пачулі? Каб такога больш не паўтарылася, да наступнага адбору трэба рыхтавацца ўжо зараз, а не за дзень да падачы заяўкі...

Сапраўды, прафесійная падрыхтоўка не дапускае перапынкаў і непрафесійнага падыходу. Калі пачаткоўцы не навучаны правільна, з запасам трываласці на доўгія гады, дык ужо ў дзіцячым узросце у некаторых пачынаюцца так званая "качка" (залішняе трымценне) голасу, задышка ды іншыя "старэчыя хваробы". Вось і атрымліваецца: дзеці, што быццам бы падавалі надзеі, да прафесіяналаў не ўзрастаюць. На іх "дарослыя" месцы прыходзяць новыя кандыдаты - часцей, што называецца, "з вуліцы". І ўсё пачынаецца спачатку. А перапынены працэс не можа даць таго агульнага выніку, які дае сапраўдная выканальніцкая школа, што ахоплівае ўсе ўзросты ды складнікі і засноўваецца на паступовасці і сістэмнасці. Іншымі словамі, таленты ў нас - ёсць. І будуць! Хаця "фон", на якім яны з'яўляюцца, не вытрымлівае ніякай крытыкі...

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"