Наша ар дэко

№ 15 (1038) 14.04.2012 - 20.04.2012 г

Невядомае пра дойліда, які пабудаваў дамінанты сталіцы

/i/content/pi/cult/373/7271/14_1.jpegЯк мы ўжо распавядалі, у студзені адзначалася 130-годдзе з дня нараджэння архітэктара Іосіфа Лангбарда. У Нацыянальным мастацкім музеі да гэтай даты пазаўчора адкрылася адмысловая выстаўка. Для шырокай грамадскасці і спецыялістаў яна цікавая найперш тым, што рэпрэзентуе славутага архітэктара ў малавядомай іпастасі — як мастака. Жывапісныя ды графічныя творы, а таксама асабістыя рэчы мэтра прадставілі ягоныя пецярбургскія сваякі, родзічы жонкі, Святлана і Канстанцін Сакаловы. А праекты, якія адносяцца да часу, калі Лангбард жыў і працаваў у горадзе на Няве, — Дзяржаўны музей гісторыі Санкт-Пецярбурга.

Наогул, архітэктар у плане ўплыву на аўдыторыю мае перавагу перад мастаком-станкавістам. Бо яго твор, калі гэта рэалізаваны праект, — заўжды навідавоку, а каб пабачыць жывапіс ці графіку, трэба і час знайсці, і музей наведаць. Але ж калі мы жадаем дазнацца і пра творчы шлях архітэктара, а ў звязку з творчасцю — і пра яго прыватнае жыццё, калі нам цікава, якія варункі і стасункі вызначылі ягоную эстэтыку, трэба альбо раскрыць кнігу, альбо прыйсці на выстаўку.

Каб на добры лад, дык магло адбыцца, што не было б сёння патрэбы звяртацца ў замежжа з просьбай паказаць нам нашага ж архітэктара. Бо пасля смерці Лангбарда ў 1951 годзе ягоная ўдава прыклала шмат намаганняў, каб архіў мужа застаўся ў Беларусі. Яна звярнулася ў Саюз архітэктараў БССР з просьбай дапамагчы вырашыць гэтае пытанне. Просьба засталася без адказу… І ў
1967-м Вольга Гаўрылаўна Лангбард перадала ў Музей гісторыі Ленінграда архіў свайго мужа: больш за 400 адзінак захоўвання... Сёння спадчына Лангбарда, у прыватнасці — нямала мастацкіх работ, прыязджае да нас з-за мяжы "ў госці”…

Раннія творы архітэктара —жывапіс, графіка, праекты — даз/i/content/pi/cult/373/7271/14_2.jpegваляюць прасачыць эвалюцыю ягоных эстэтычных поглядаў. Да нядаўняга часу ў архітэктуры Лангбарда бачылі канструктывізм, хіба што — з элементамі неакласіцызму. Але экспазіцыя юбілейнай выстаўкі прадстаўляе “іншага” Лангбарда. Мы бачым архітэктара, які быў прыхільнікам класіцызму ў студэнцкія гады, у ранняй творчасці ўспрыняў як роднае мадэрн, а яго сталая творчасць, пік якой прыпадае на 30-я гады, на Беларусь, лёгка ўпісваецца ў тагачасную сусветную плынь пад назвай “ар дэко”: гэта стыль, які аб’ядноўваў, сінтэзаваў дасягненні мадэрна, канструктывізму, кубізму, экспрэсіянізму і неакласікі. У мінскіх будынках Лангбарда прысутнічаюць уласцівыя ар дэко абагульненасць формы, звычайна ступеньчатай, і падрабязная прапрацоўка дэталей. Мабыць, нездарма на Сусветнай выстаўцы ў Парыжы ў 1937 годзе архітэктура Лангбарда была адзначана Гран-пры.

Гэтая, у пэўнай ступені касмапалітычная, адкрытасць свету каштавала архітэктару ў пасляваенны час многіх сівых валасоў. Бо, калі ў апошнія гады жыцця Сталіна была абвешчана ўсенародная “барацьба з бязродным касмапалітызмам”, творца, прыхільны да “міжнароднага стылю” ў архітэктуры, мог лёгка трапіць "пад раздачу". У экспазіцыі, у прыватнасці, ёсць ліст архітэктара да аднаго з ягоных калег, дзе ён нібыта перад кімсьці апраўдваецца, сцвярджае, што ягоная творчасць мае выразна нацыянальныя карані. Ды і са здымкаў апошніх гадоў жыцця на нас глядзіць чалавек стомлены і, падаецца, той, які пакутуе…

Далёка не ўсе праекты Лангбарда былі рэалізаваны ў адпаведнасці з аўтарскай задумай. Недабудаванай, па сутнасці, засталася Акадэмія навук. А пазнейшая прыбудова змяніла аблічча гэтага твора архітэктуры не ў лепшы бок. Драматызмам вызначаецца эпапея стварэння Опернага тэатра. Ён праектаваўся як тэатр для масавай, “рэвалюцыйнай” дзеі — сёння мы назвалі б гэта мультымедыйным комплексам. Але ў часе ўзвядзення гмаху адбылася змена культурных прыярытэтаў дзяржавы. На змену рэвалюцыйнай рамантыцы прыйшла дысцыпліна. Таксама рэвалюцыйная. І як вынік — праектная дзейнасць, яшчэ ўчора разняволеная і арыентаваная на творчы эксперымент, аказалася ўціснутай у зноў створаныя і афіцыйна зацверджаныя каноны. Будынак Оперы прыйшлося перапланіроўваць ужо ў часе будаўніцтва. “Рэзаць” даводзілася “па жывому”. Сярод архітэктараў дагэтуль ходзіць пагалоска, нібыта пераробка Опернага пад зацверджаны стандарт выклікала ў Лангбарда такія крыўду і роспач, што ён амаль узненавідзеў будынак. Калі пасля вайны яму паведамілі, што ў разбураным Мінску Опера засталася цэлай, Лангбард, паводле адной версіі, вылаяўся, па іншай — горка заплакаў. Мабыць, байка. Але, відаць, небеспадстаўная…

/i/content/pi/cult/373/7271/14_3.jpegТворчасць Іосіфа Лангбарда — шматпланавая, шматаблічная. Прыхільнік строгай, лагічна абгрунтаванай формы ў праектнай дзейнасці, у мастацтве выяўленчым адкрываецца як асоба эмацыйная і нават экспрэсіўная. Ягоныя малюнкі, прысвечаныя будаўніцтву Дома ўрада ў Мінску, аднаўляюць у памяці гравюры славутага італьянскага архітэктара Джавані Піранезі. Сёння гмахі Лангбарда адпавядаюць сталічным маштабам Мінска, але ўявіце, як яны глядзеліся ў час стварэння, у асяроддзі невысокіх будынкаў і вузкіх вуліц горада: чужародна і агрэсіўна. Але ж гэта прарыў у будучыню, у перспектыву нашай сталіцы. Зрэшты, Лангбарду як горадабудаўніку аддаюць належнае і тыя, хто не надта шануе ягоную эстэтыку.

Пасля наведання выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі варта прайсціся па цэнтры Мінска і новымі вачыма ўбачыць шэдэўры Іосіфа Рыгоравіча Лангбарда, вялікага дойліда ХХ стагоддзя...

На здымках з фонду Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай акументацыі: праекты інтэр’ера і экстэр'ера Опернага тэатра ў Мінску; Іосіф Лангбард (на першым плане злева) у родным Бельску з таварышамі (1900-я).

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"