Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння архітэктара. Прымеркаваная да юбілейнай даты выстаўка адкрыецца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў першай палове красавіка. Арганізатары ставяць за мэту прадставіць "невядомага" Лангбарда: у экспазіцыі будзе не толькі творчая спадчына майстра, але яшчэ рэчы і дакументы, якія характарызуюць архітэктара як асобу.
Паводле слоў куратара выстаўкі Валянціны Вайцэхоўскай, Нацыянальны мастацкі музей прадастаўляе для экспазіцыі партрэт архітэктара работы Заіра Азгура. Да арганізацыі спрычыніліся Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі, Камітэт па архітэктуры і горадабудаўніцтве Мінгарвыканкама, Дзяржаўны музей гісторыі Санкт-Пецярбурга.
Архіў прадставіў праекты Лангбарда (спецыялістам яны вядомыя, шырокаму грамадству - не надта), лісты да калег-архітэктараў і кіраўніцтва БССР, у якіх выказваецца заклапочанасць станам архітэктуры і будаўніцтва ў рэспубліцы; Пецярбургскі музей - дакументы, датычныя часу вучобы архітэктара у Імператарскай Акадэміі мастацтваў і ленінградскага перыяду ягонай творчасці. Акрамя таго, чакаецца, што ў экспазіцыі з'явяцца аўтографы і асабістыя рэчы архітэктара ад ягоных пецярбургскіх сваякоў.