Ганна - выхаванка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (аддзяленне станковага жывапісу). З 2008-га з'яўляецца членам БСМ. Мае медаль "Талент і прызванне" Міжнароднага альянсу "Міратворац".
Вось што яна кажа пра сваю выстаўку: "Тысячы гадоў людзі нараджаюцца на свет дзякуючы каханню, жывуць дзеля яго, вар'яцеюць і паміраюць ад яго. Вераломнае і ўсепаглынальнае, стыхійнае і апантанае, яно штурхае нас на подзвігі і патрабуе ахвяр, напаўняе наша жыццё святлом і прыносіць душэўныя пакуты.
Усе людзі па-свойму разумеюць, што такое каханне: біялогія, хімія, псіхалогія, філасофія, рэлігія - кожны па-рознаму тлумачыць яго прыроду і сутнасць. Шматграннае і шматаблічнае, загадкавае і неспасціжнае, каханне капрызлівае і наравістае ды такое прыгожае сваёй нелагічнасцю...
Няўлоўнае, прывіднае і эфемернае, гэтае пачуццё нярэдка бяжыць ад тых, хто яго шукае, і кідаецца на шыю тым, хто ад яго хаваецца. Каханне часам бывае дзіўнае, цудоўнае, хваравітае, забароненае і заганнае, смешнае і недарэчнае, пакутлівае і спапяляльнае, але яно ж ёсць сутнасць жыцця, яе рухавік і сэнс..."
Работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, - гэта намаганне прадэманстраваць парадаксальныя і неадназначныя праявы кахання.
Наш кар.