- Кіраўнік дзяржавы ў сваім Прывітанні гасцям і ўдзельнікам Мінскай Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу выказаў упэўненасць у тым, што гэтая падзея за гады свайго правядзення стала знакавым мерапрыемствам нашай краіны, маштабнай пляцоўкай для абмену вопытам паміж пісьменнікамі і кнігавыдаўцамі Беларусі і замежжа... Сёлета ж ММВК упершыню "суправаджаў" чарговы Нацыянальны конкурс "Мастацтва кнігі". Трыумфатарам яго стаў альбом "Беларускай Энцыклапедыі", пра які "К" пісала ў свой час. І ўсё ж, Ларыса Уладзіміраўна, у чым, на ваш погляд, адметнасці выдання? Хто аўтар ідэі праекта?
- Мастацтвазнаўца і нястомная даследчыца Вольга Бажэнава. Дарэчы, разам з ёй мы зрабілі і кнігу "Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII - XIX стагоддзяў", якая атрымала прэмію Прэзідэнта краіны "За духоўнае адраджэнне" 2010-га, а на леташнім конкурсе "Мастацтва кнігі" сярод краін СНД - Гран-пры.... (Дарэчы, Украіна, сярод іншага, прадстаўляла на Мінскай Міжнароднай кнігу пра род Радзівілаў, структурыраваўшы выданне на тры часткі: беларускую, літоўскую і ўкраінскую. - Я.Р.) Нагадаю, што Дзмітрый Струкаў - расійскі мастак, які вандраваў па Паўночна-Заходнім краі тады яшчэ Расійскай імперыі, рабіў замалёўкі гарадзішчаў, сакральных архітэктурных помнікаў, прадметаў царкоўнага ўжытку... Напрыканцы мінулага года прэзентавалі выданне на Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы. Тамтэйшая прэса ўспрыняла падзею вельмі станоўча...
- Дарэчы, на мінскай выстаўцы ў наведвальнікаў вялікім попытам карысталася гэтая кніга: нават утварылася чарга з ахвотных пагартаць шыкоўнае выданне. Цікава, а як разыходзіцца выданне сярод расіян?
- Цікавасць - вялікая. І мы спрабуем асвойваць расійскі кніжны рынак. Не ўсё тут, безумоўна, проста і гладка, але ў гэтым кірунку актыўна працуе наш аддзел маркетынгу.
- Альбом каштуе 800 тысяч беларускіх рублёў...
- Так. І гэта - самаакупнае выданне, у якое мы ўкладалі свае грошы, спонсарскай дапамогі амаль не было... Пры скідках, пры набыцці па безнаяўным разліку кнігу можна купіць і танней. Цікавасць - ёсць: альбом купляюць.
- У чым яшчэ асаблівасці выдання?
- Ілюстрацыі - унікальныя: яны захоўваліся ў аддзеле рэдкай кнігі колішняга Віленскага ўніверсітэта. Мы выйшлі на літоўскіх калег-энцыклапедыстаў, так што праект, лічыце, быў сумесны.
- Невыпадкова на пачатку сакавіка, як нам стала вядома ад Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, у Вільнюсе адбудзецца прэзентацыя альбома... Наступнае пытанне, Ларыса Уладзіміраўна, звязана не з ілюстрацыйным шэрагам выдання, а з яго навукова-тэкставым зместам. Не сакрэт, што многім іншым нашым выданням бракуе менавіта навуковай выверанасці ў навуковых тэкстах і каментарыях. У вас ёсць аналагічныя праблемы?
- Серыя "Энцыклапедыя рарытэтаў", як і іншыя нашы выданні, вызначаецца менавіта аналітычным тэкстам. Да альбома рысункаў Струкава яго больш чым сумленна рыхтавала Вольга Бажэнава. Яна "адаптавала" і прааналізавала вандроўныя нататкі мастака. Кожны малюнак мае адпаведнае грунтоўнае апісанне. Так што і навуковы шэраг кнігі - таксама надзвычай багаты і цікавы для сярэднестатыстычнага чытача.
- У гэтым - генеральны кірунак дзейнасці выдавецтва, вынікам якога і стаў Гран-пры?
- Ён вызначаны і ў яго назве. І нездарма мы заснавалі серыю "Энцыклапедыя рарытэтаў" з абавязковай навуковай "падкладкай". Чарговая кніга з гэтай серыі надрукавана ў Маскве: "Жывая вера. Ветка". Аўтар бліскучага тэксту - дырэктар Веткаўскага музея народнай творчасці імя Ф.Р. Шклярава Галіна Нячаева. У выніку па дызайне і змесце альбом атрымаўся еўрапейскага ўзроўню.
- Якому рарытэту будзе прысвечаны наступны фаліянт?
- Альбом пра Ветку быў прысвечаны іконе. Але засталося яшчэ шмат матэрыялу пра мясцовыя рукапісныя кнігі ды ўнікальныя ручнікі - яго хопіць на выпуск другой кнігі...
- А яшчэ аднаго выдання вартыя, на мой погляд, веткаўскія аканіцы, якія на кожнай хаце - розныя. Нідзе такога па Беларусі больш не бачыў..
- Пагаджаюся... Словам, недахопу на ідэі ў выдавецтве няма. Да прыкладу, "Беларуская Масква" (пра нашы культурныя, літаратурныя, мастацкія рарытэты ў расійскай сталіцы), "Слуцкія паясы" (міжнародны праект)...
- Якую структуру сёння мае "Беларуская Энцыклапедыя..."?
- Гэта больш за 70 спецыялістаў, тры навукова-галіновыя рэдакцыі, рэдакцыі навуковага і літаратурнага кантролю, аддзел мастацка-тэхнічнай падрыхтоўкі, маркетынгавая служба і свая кнігарня.
- Якія праблемы турбуюць найперш?
- Фінансавыя, безумоўна. Але нас мэтанакіравана падтрымлівае Міністэрства інфармацыі краіны.
- Дарэчы, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі ў час ММВК падкрэсліў: у Год кнігі Выстаўка-кірмаш - адно з цэнтральных мерапрыемстваў, што стаіць на адным узроўні з Днём беларускага пісьменства (ён пройдзе сёлета ў Глыбокім). Таму заканамернае і наступнае пытанне: а ці ёсць вашы ўнікальныя энцыклапедыі ў раённых і сельскіх бібліятэках?
- У раённых - ёсць. Гэта нашы галоўныя спажыўцы. А да сельскіх устаноў выданні іншым разам "не даходзяць". І справа тут - у пэўным недахопе ініцыятывы работнікаў бібліятэк, мясцовых улад... Мы сёння паставілі перад сабой задачу: сфарміраваць невялічкія бібліятэкі нашых выданняў менавіта для вясковых устаноў. Свой унёсак, на мой погляд, павінен зрабіць і кнігагандаль.
Брэндавая палічка
Апрача галоўнай намінацыі — “Трыумф”, астатнія “Залатыя Фаліянты” размеркаваліся такім чынам: у намінацыі “АРТ-кніга” перамагло выдавецтва “Артыя-груп” з фотаальбомам “Мінск. Горад і людзі. Фатаграфія Вадзіма Качана”; “ЛІТ-фармат” — Беларускі фонд культуры з камплектам кніг Максіма Багдановіча; “Падручнік новага стагоддзя” — “Вышэйшая школа” з вучэбным дапаможнікам “Буквар-2”; “Фотапогляд” — БелТА з фотаальбомам у двух тамах “Беларусь стваральная”; у намінацыі “Разам з кнігай мы расцём” узнагароджана выдавецтва "ЛіМ" за кнігу Н.Голубевай “Казкі цётухны Руф”; “Эўрыка” — “Беларуская энцыклапедыя” імя П.Броўкі за выданне кнігі Р.Матульскага “З мінулага ў будучае. Бібліятэкі Беларусі. Частка І: ІХ — пачатак ХХ стст.”; “Залатыя скрыжалі” — “Беларуская энцыклапедыя” імя П.Броўкі за энцыклапедыю “Максім Багдановіч”; “Духоўнасць” — Спаса-Ефрасіннеўскі жаночы манастыр Полацкай епархіі за кнігу “Полацкае радаванне. Свята-Ефрасіннеўскія ўрачыстасці 1910 года”; “Садружнасць” — Беларуская епархія Маскоўскага Экзархату за выданне “Закон Божы”; “За ўклад у захаванне духоўнай спадчыны” — Беларускі фонд культуры за кнігу У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”; “За прапаганду чытання" — Нацыянальная бібліятэка Беларусі.
На здымках: Ларыса Языковіч; вокладка і развароты
з альбома.
Фота Юрыя ІВАНОВА