Работы, прадстаўленыя творцай, прасякнуты энергічным пазітывам, што выпраменьваецца праз вобразы людзей далёкай краіны. Сутнасць аднаго з самых устойлівых мясцовых рытуалаў-звычаяў перадаецца ў творы "Танака". Дзея адбываецца ў пакоі і сэнсава канцэнтруецца вакол каробачак на стале, дзе знаходзіцца спецыяльнае рэчыва расліннага паходжання - танака, якім размалёўваюць твар. Са старажытнасці гэтая працэдура, што мае магічна-засцерагальны сэнс, з'яўляецца абавязковай для ўсіх жанчын, а таксама дзяцей. Адсутнасць такой прыгажосці на твары пры з'яўленні ў публічных месцах у М'янме лічыцца непрыстойнасцю. Карункі танакі мы бачым на смуглым тварыку дзяўчынкі на палатне "Школьніца", а яе вялікія бліскучыя вочы, падаецца, убіраюць усю радасць свету...
Аўтар пастаралася адкрыць пэўную грань душы гэтага народа, здолела выявіць яго шчырасць, нязмушанасць ва ўзаемаадносінах (работы "Танец", "Нявеста").
У будыйскай краіне свядомасць людзей глыбока прасякнута верай. Таму Наталля не магла абысці ўвагай рэлігійную тэматыку і прадставіла нам стылізаваную выяву аднаго з воблікаў Будды - "Тахтагана", а таксама адзін з храмаў - "Упасатха".
Марына ЗАГІДУЛІНА
Гродна