Гэты аб'ект - адна з асноўных турыстычных "прынад" Брэстчыны. Цягам няпоўнага мінулага года, пасля ўводу ўсходняга флігеля з уязной брамай, Ружанскі замак агледзела не адна сотня наведвальнікаў. Білетаў прададзена амаль на 70 мільёнаў рублёў. Па словах Дзмітрыя Сачкоўскага, у бліжэйшы час гэтая сума павялічыцца ў разы.
Ва ўсходнім флігелі, узноўленым у стылі XVII - XVIII стагоддзяў, дзейнічаюць, як вядома, музейныя залы, прысвечаныя роду Сапегаў, і сувенірная крама. Сёння, як распавядае "К" начальнік аддзела культуры Пружанскага райвыканкама Канстанцін Панімаш, адна з прыватных гродзенскіх фірм занята ўнутраным мастацкім афармленнем трох экспазіцыйных і выставачных залаў на першым і другім паверхах заходняга замкавага флігеля.
Гэтыя памяшканні "засяляюць" манекены ў старадаўніх строях. У адной з залаў будуць выстаўляцца творы сучасных мастакоў і майстроў. Уладкоўваецца камін. А ў гасцёўні Сапегаў супрацоўнікі музея "Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў" і мясцовага Цэнтра культуры і вольнага часу будуць ладзіць тэатралізацыі.
Неаспрэчна і тое, што турыстаў прывабіць штогадовы абласны фестываль "Ружанская брама", які чэрвеньскімі днямі пройдзе тут другі раз. Запланаваны шляхецкі баль, кірмаш рамеснікаў, сустрэчы з лепшымі творчымі калектывамі Брэстчыны...
Застаецца дадаць, што ў выніку адраджэння паўднёвага палацавага крыла тут з'явіцца тэатр, размешчаны ў асобным будынку. Турыстычныя групы будуць наведваць спектаклі па асобных білетах.