Доўгае падарожжа ад Лагойска і Радзівілімонтаў

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

Артур Бартэльс: некарыкатурны лёс карыкатурыста

/i/content/pi/cult/359/6874/15-1.jpeg(Заканчэнне. Пачатак у № 1)

...А цяпер вернемся назад - у Беларусь, дзе Бартэльс пражыў першыя дзве трэці жыцця і дзе стаў менавіта тым мастаком, якім мы, беларусы, можам сёння па праве ганарыцца. Спачатку - пра яго сяброўства з братамі Тышкевічамі (старэйшым - Канстанцінам і малодшым - Яўстафіем), першымі нашымі прафесійнымі археолагамі, што паклалі пачатак вывучэнню старажытных беларускіх гарадоў, гарадзішчаў і замкаў. Яны ж з'яўляюцца заснавальнікамі археалагічнага музея ў Лагойску, унікальная калекцыя якога потым пакрысе перайшла ў Віленскі беларускі музей старажытнасцей. Абодва браты былі сынамі знакамітага Пія Феліцыянавіча Тышкевіча, які шмат зрабіў дзеля прымнажэння культурнай спадчыны родавага гнязда - Лагойска. Сам ён заснаваў цудоўную мастацкую галерэю і бібліятэку, граў на флейце ды скрыпцы, быў выдатным разьбяром па дрэве і адмысловым інкрустатарам. Цікава, што ў 1856-м, калі яму было сто гадоў, яго выбралі членам Віленскай археалагічнай камісіі!

Летам 1856-га, на пяці суднах па Віліі, адбылася знакамітая чатырохмесячная навуковая экспедыцыя невялічкага экіпажа Канстанціна Тышкевіча. У склад групы, акрамя рабочых, абслугі і весляроў, уваходзіў і Артур Бартэльс. За гэты час падарожнікі наведалі больш за 300 беларускіх гарадоў, вёсак і мястэчак, зрабілі падрабязнае апісанне помнікаў архітэктуры і гарадзішчаў, правялі раскопкі курганных магільнікаў на Вілейшчыне і каля маёнтка Рысгоры (сённяшні Астравецкі раён). Тышкевіч і Бартэльс і самі бралі ў рукі рыдлёўкі і раскопвалі курганы. А яшчэ хадзілі па вясковых хатах, каб паслухаць і запісаць народныя песні, паданні, легенды, паўдзельнічаць у абрадах і фальклорных святах. Бартэльс усюды рабіў малюнкі ды накіды, але галоўную ўвагу, канешне ж, надаваў рысаванню археалагічных знаходак і рэшткаў старажытных помнікаў. Вінікам гэтай паездкі з'явілася ўнікальная манаграфія К.Тышкевіча "Вілія і яе берагі", завершаная ў 1858 годзе. Яна была багата ілюстраваная, канешне ж, натурнымі работамі Артура Бартэльса. А яшчэ раней мастак стварыў серыю малюнкаў для кнігі К.Тышкевіча "Гісторыя Лагойска".

Цёплыя творчыя і чалавечыя адносіны звязвалі Бартэльса і з Яўстафіем Тышкевічам, які быў на чатыры гады старэйшы за яго. Гэта была таксама ўнікальная асоба не толькі ў сферы навуковай археалогіі, але і на музейнай ды літаратурнай ніве. Дастаткова сказаць, што пачынаючы з 1837 года ён рупліва даследаваў старажытныя курганы на Лагойшчыне, Барысаўшчыне, Міншчыне, у Гальшанах, Міры, Крэве, Лідзе, Друцку. Заснаваў Віленскі музей старажытнасцей, які быў адкрыты 1 студзеня 1856-га ў будынку ўніверсітэта і якому Тышкевічы перадалі вялізную калекцыю ўласных збораў.

Праўда, гэты музей праіснаваў нядоўга. Пасля паўстання 1863 года музей як "цэнтр польскай інтрыгі" і "рассаднік вальнадумства" паводле загада генерал-губернатара М.Мураўёва быў забаронены, а шмат "шкодных" экспанатаў адпраўлена... у Румянцаўскі музей у Маскву. Пасля гэтага пакрыўджаны Яўстафій пакідае Вільню. Выязджае ў Біржы і там займаецца пісьменніцтвам: стварае вершы і аповесць "Нашы краі", успаміны пра мастакоў В.Ваньковіча і Я.Рустэма. Незадоўга да смерці ўсё ж вяртаецца ў Вільню, дзе 8 верасня 1873 года памірае на руках сястры Паўліны. Месца вечнага спачыну ён знайшоў на могілках Роса побач з магіламі У.Сыракомлі, І.Лелявеля, Ф.Смуглевіча.

Захаваліся яго словы: "Абавязак кожнага адукаванага і ўлюбёнага ў свой край чалавека - старацца растлумачыць усё, што падпала пад сумненне і складае матэрыял для айчынай гісторыі. Здагадвацца, шукаць, а адкрытае перадаваць людзям - значыць падаваць руку дапамогі тым, хто прысвяціў жыццё сваё і здароўе навукам для дабра грамадскага". Упэўнены, да гэтых думак мог бы цалкам далучыцца і яго сябра Артур Бартэльс. Урэшце, як і мы ўсе, людзі XXI стагоддзя...

На радзіме мастак шмат працуе пяром, алоўкам і акварэллю. Яго галоўная тэма - жыццё і побыт шляхецкіх фальваркаў і сядзіб, гаспадары якіх становяцца аб'ектам ягонай бязлітаснай сатыры. Ён высмейвае іх самаздаволенне і духоўную абмежаванасць, бессаромнасць жулікаў-аканомаў, бічуе іхні паразітызм, жорсткасць і пагарду ў дачыненні да "халопаў", да простага народу. Надзвычайна вострай і глыбокай з'яўляецца сатыра на растлусцелае шляхецтва ў альбоме "Чалавек высокага нараджэння".

З маленства і да скону Бартэльс прасочвае шлях знанага каталіцкага роду. Адлюстроўвае ягоны на апошніх старонках альбома ў выглядзе малюска, бо такое шляхецтва, як сценкі ракавіны, абараняе ад усіх удараў лёсу яго герб і паходжанне. Рысункі з аўтарскімі подпісамі зроблены пяром вельмі віртуозна, хаця і даволі бегла, на кожнай старонцы - па некалькі малюнкаў. Перад намі праходзіць жыццё нашчадка ваяўнічых гетманаў і царкоўнікаў, якія шмат папрацавалі, як піша аўтар, дзеля ўмацавання каталіцтва. Яму знаходзяць дастойных настаўнікаў - абата-француза і заезджага музыканта-немца: вучыць яго роднай мове няма каму, акрамя рахункавода з канторы бацькоўскага маёнтка. Далей ідзе ланцуг прыгод маладога шляхціча за мяжой, адкуль ён вяртаецца, абцяжараны даўгамі. Зразумела, усе бацькоўскія грошы ён прагуляў альбо прайграў за картачным ці рулетачным сталом. Але ахоўная ракавіна - прыналежнасць да прывілейнага саслоўя - выратоўвае яго і тут, і самому Габсеку (ён з'яўляецца ў малюнку) не ўдаецца выцягнуць з багатага сямейства ні капейчыны. Але надыходзіць час падумаць маладому балдыку пра кар'еру. Яго пасылаюць у Пецярбург. І тут ён гэтую кар'еру пачынае вельмі актыўна: уладкоўваецца на пабягушках у важнага саноўніка, раздае кампліменты яго жонцы і дачцы (згадайма незабыўнага Хлестакова!), рассылае запрашэнні на балі-маскарады, дзе танцуе з самымі выродлівымі, але багатымі дамамі, і г. д. І такой цаной атрымлівае павышэнне. І вось ён гойсае са службовымі даручэннямі, згінаецца перад начальствам, мітусіцца, заганяе коней, збівае ямшчыкоў... А калі нарэшце робіцца спадчыннікам родавых маёнткаў, пажынае поспех у пецярбургскіх прыгажунь, адну з якіх, што больш заможная, бярэ ў жонкі, і, канешне ж, прымнажае тыя маёнткі, і г. д. У малюнках Бартэльса ўсё, да найдрабнейшага штрыха, востра і пераканаўча: і бясколерная вонкавасць героя, і фізіяноміі ўсіх іншых персанажаў, і шматлікія, тонка падмечаныя побытавыя падрабязнасці ды атрыбуты.

Вось яшчэ адзін альбом - "Аканом", дзе малю/i/content/pi/cult/359/6874/15-2.jpegнкі зроблены чорнай акварэллю. Ён прысвечаны, як кажа сам аўтар, самаму "высокаарганізаванаму з млекакормячых". Так, на першым аркушы адлюстравана гэтая "высокаарганізаваная жывёла", якая збівае да паўсмерці "хама"-мужыка. Усе наступныя сцэны нібыта пераносяць нас у куточкі пакояў Хруцкага ці Заранкі, але Бартэльс у гэтых кутках падмячае пацучынае жыццё агідных паразітаў. Вось, напрыклад, сябры аканома - арандатары, якія яму даюць хабар, прадстаўнікі ўлады, якім дае хабар ён, і г. д. Заканчвае аканом тым, што набывае сто душ і сам становіцца памешчыкам. А як пранізліва і смешна мастак у альбоме "Суседскі абедзік" паказаў чэлядзь, якая хціва накідваецца на астаткі з панскага стала! Якія выразныя вобразы-тыпы пяці згаладалых мужчын і жанчыны! У цэнтры таксама - галодны сабака, але на яго з боку людзей - нуль увагі...

Гэткая выкрывальная сатыра на такую характэрную для тагачаснай Беларусі фігуру панскага аканома  з'явілася за шмат гадоў да таго, як да гэтай тэмы звярнулася ў сваіх беларускіх аповесцях Эліза Ажэшка (згадайма яе апавяданне "Гедалі") або мастак Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч - у жанравых сатырычных кампазіцыях. Думаю, што Бартэльс, аўтар такіх запісаў-накідаў, з якіх атрымліваліся цэлыя гісторыі вострага сацыяльнага зместу, мог бачыць гумарыстычныя карыкатуры сваіх выдатных сучаснікаў - пецярбуржца Паўла Фядотава ды жывыя выразныя гумарыстычныя гравюры парыжаніна Поля Гаварні. І, канешне ж, ведаў графічныя дзённікі Яна Дамеля. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што Бартэльс, з яго прынцыповай грамадзянскай пазіцыяй, праз некаторы час, не раздумваючы, устаў пад сцяг паўстанцаў-касіянераў Кастуся Каліноўскага і Зігмунда Серакоўскага.

Вядома, што пасля вілейскай экспедыцыі Бартэльс у 1858-м паехаў на адпачынак у мястэчка Друскенікі Гродзенскай губерні і прабыў там да наступнага года. За колькі месяцаў да гэтага тут пабываў Яўстафій Тышкевіч, каб сабраць некаторыя археалагічныя знаходкі і старажытныя кнігі. Магчыма, менавіта ён парэкамендаваў Бартэльсу адпачыць "на водах" і падлячыцца. Нагадаю, што з'яўленне курорта Друскенікі, гэтага "мінеральнага мястэчка", звязана з імёнамі гродзенскіх губернатараў Рыгора Дапельмеера і Міхаіла Бабяцінскага, а таксама літоўскага генерал-губернатара Мікалая Рэпніна.

Тут Бартэльс не сядзеў склаўшы рукі, а пастаянна рысаваў і маляваў. Як успамінае сучаснік, Бартэльс свой альбом карыкатур "...папоўніў накідамі друскенікскага грамадства, у якіх з уласцівай яму дасціпнасцю і трапнасцю ўсхваліў чалавечыя слабасці". А публіка тут была вельмі разнастайная: літаратары, журналісты, мастакі, вайскоўцы, музыканты, артысты. І Бартэльс як чалавек вельмі камунікабельны мог тут сустракацца і з маладой паэткай Тэадорай Нарбут, і з Уладзіславам Сыракомлем, і з публіцыстам, літаратарам, перакладчыкам на рускую мову 4-й часткі "Дзядоў" Міцкевіча, аўтарам "Запісак пра Друскенікі" і "Поўнай літоўскай міфалогіі", штабс-капітанам Васілём фон Роткірхам, і са скульптарам Янам Астроўскім, і з пісьменнікам-фантастам Тэадорам Трыплінам, і са знакамітым раманістам Юзэфам Крашэўскім, які ў 1847 годзе пахаваў тут Яна Чачота, і з уладальнікам маёнткаў у Азёрах Леапольдам Валіцкім (апошні, якраз у прысутнасці Бартэльса і шматлікіх адпачывальнікаў "на водах", паставіў тут за свой кошт надмагільны помнік Яну Чачоту). Пазней за ўдзел у паўстанні ён быў сасланы на катаргу ў Сібір. Наўрад ці тады, у Друскеніках, Бартэльс мог зрабіць здагадку, што праз чатыры гады здарыцца падзея, якая кардынальна зменіць усё яго жыццё...

У 1859-м мастак вярнуўся ў Лагойск. Да пераломнага, лёсавызначальнага, этапа ў ягонай біяграфіі - пачатку нацыянальна-вызваленчага паўстання беларусаў, палякаў і літоўцаў - заставалася ўсяго чатыры гады...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"