Чым Нясвіж “бярэ ў палон“?

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

“На кожнага жыхара Культурнай сталіцы Беларусі-2012 прыходзіцца па трынаццаць турыстаў”

/i/content/pi/cult/359/6863/6-1.jpegНе адно дзесяцігоддзе нясвіжская зямля славіцца не адно сваімі працоўнымі здабыткамі (чаго вартыя толькі знакамітая гаспадарка "Сноў" і Гарадзейскі цукровы камбінат), але і насычаным культурным жыццём, якое запрашае завітваць у гэты горад турыстаў з усяго свету. Згадайце, скажам, як летась Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета правёў свае музычныя вечары проста ва ўнутраным дворыку колішняй рэзідэнцыі Радзівілаў. А яна цягам 2011-га адкрыла яшчэ некалькі залаў для наведвальнікаў, спалучыўшы найноўшы вопыт, калі турыст і рэстаўратар, кожны, зразумела, па-свойму, асвойваюць прастору шыкоўнага палаца.

Чарговым прызнаннем горада стала наданне Нясвіжу ганаровага статуса "Культурная сталіца Беларусі 2012 года". А за колькі дзён да афіцыйнага адкрыцця гэтай акцыі карэспандэнты "К" наведалі горад, паспрабаваўшы ўбачыць яго ў новым кантэксце. І, вядома ж, найперш звярнуліся да старшыні Нясвіжскага райвыканкама Івана Іванавіча КРУПКО.

- На ваш погляд, чаму пасля Полацка і Гомеля менавіта Нясвіж быў выбраны на атрыманне статуса "Культурная сталіца Беларусі 2012 года"? Якое значэнне для горада будзе мець дадзеная акцыя?

- Перакананы, ганаровае званне Культурнай сталіцы Беларусі гэтага года наш горад атрымаў зусім не выпадкова. За час свайго існавання Нясвіж назапасіў надзвычайнае гістарычнае багацце, якому могуць пазайздросціць больш "сталыя" і больш буйныя па тэрыторыі гарады. Не будзе перабольшаннем, калі скажу: Нясвіж - гэта горад-помнік, горад, з якім непарыўна звязаны лёс і творчасць многіх выдатных асоб у гісторыі і культуры Беларусі. А што да статуса "сталіцы"... Кажучы па праўдзе, Нясвіж аднойчы ўжо з'яўляўся сталіцай: у 1561 годзе ў сувязі з ад'ездам вялікага князя ў Польшчу Мікалай Радзівіл Чорны быў прызначаны выконваць яго абавязкі, і менавіта тады Нясвіж назвалі некаранаванай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага.

А сёння атрымаць ганаровы статус Культурнай сталіцы Беларусі - гэта вельмі пачэсна, але, у той жа час, і адказна. Мяркую, са мной пагодзяцца жыхары Нясвіжчыны, якія ўскладаюць шмат надзей на дадзеную акцыю.

- Якая роля адводзіцца мясцовым уладам у культурным жыцці горада і раёна, захаванні аб'ектаў нашай народнай спадчыны? Што асабіста для вас азначае правядзенне на працягу года акцыі "Культурная сталіца Беларусі"?

- Давайце зробім невялікі экскурс у найноўшую гісторыю Нясвіжа. Так, яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя намаганнямі, у тым ліку, і мясцовага райвыканкама "другое жыццё" атрымалі сажалкі і - часткова - парк ля радзівілаўскага палаца. На пачатку 90-х быў адрэстаўраваны помнік архітэктуры ў стылі барока - так званы Дом рамесніка, адбылася рэканструкцыя будынка колішняга рамеснага вучылішча, дзе ў 1995 годзе адкрыўся Раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Нельга не прыгадаць і рэстаўрацыю будынка гарадской ратушы, знакамітай Слуцкай брамы. І вельмі прыемна адзначыць, што мясцовыя ўлады, мае папярэднікі на пасадзе старшыні, ніколі не заставаліся ўбаку ад вырашэння пытанняў захавання гісторыка-культурнай спадчыны.

Галоўную ж задачу правядзення акцыі "Нясвіж - Культурная сталіца Беларусі 2012 года" я бачу ў далучэнні шырокіх колаў насельніцтва горада і раёна да найлепшых узораў айчыннай і сусветнай культуры. А гэта класічная спадчына і сучаснае мастацтва.

- Прапаную, у такім выпадку, зазірнуць у бліжэйшую перспектыву. Якія ж адметныя мерапрыемствы ў рамках акцыі варта чакаць аматарам айчыннай культуры?

 - Хоць афіцыйнае ўрачыстае адкрыццё акцыі адбудзецца толькі 27 студзеня ў колішняй зале пасяджэнняў магістрата гарадской ратушы, але ўжо сёння ў Нясвіжскім гісторыка-краязнаўчым музеі можна пазнаёміцца з такімі новымі цікавымі выстаўкамі, як "Нясвіж палоніць і натхняе", "Аркушы часу". На базе Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка распачаўся музейны перформанс "Калядныя вакацыі", а таксама выстаўка калекцый карт "Беларусь: картаграфічныя карціны XVI - XVIII стагоддзяў".

Калі ж казаць пра мерапрыемствы, што адбудуцца цягам бягучага года, то ў першую чаргу адзначу: з гастрольнымі турамі Нясвіж наведаюць Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, салісты Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя Уладзіміра Мулявіна, Музычная капэла "Санорус". Наш горад прыме і Міжнародны конкурс-пленэр мастакоў імя Міхася Сеўрука, маладзёжную грамадска-культурную акцыю "Зберагчы Беларусь для будучыні", а таксама чарговае Свята мастацтваў "Музы Нясвіжа", што ладзіць Заслужаны калектыў «Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь» на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

Хачу таксама падкрэсліць, што акцыю "Нясвіж - Культурная сталіца Беларусі 2012 года" не варта звязваць выключна з колішняй рэзідэнцыяй Радзівілаў, - у нашым горадзе вельмі шмат аб'ектаў, якія таксама з'яўляюцца арганічнай часткай культурнага жыцця і будуць цікавыя для турыста.

/i/content/pi/cult/359/6863/1-2.jpeg- У рамках акцыі, напэўна, будзе нададзена ўвага і Году кнігі? Што мяркуецца рэалізаваць у гэтым плане?

- Скажу так: калі б нават 2012-ы і не быў абвешчаны Годам кнігі, то ўсе адно сёлета мы вельмі часта прыгадвалі б Яе Вялікасць Кнігу, бо менавіта з нашай зямлёй непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць беларускага друкара Сымона Буднага, які 450 гадоў таму выдаў у Нясвіжы "Катэхізіс". Таксама ўстановы культуры Нясвіжчыны не абмінуць жыццёвы шлях выдатнага этнографа і паэта Уладзіслава Сыракомлі, народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, чый лёс непасрэдна звязаны і з нашым раёнам.

- Несумненна, сёлета Нясвіж мусіць уразіць сваіх жыхароў ды гасцей разнастайнымі мерапрыемствамі. Але хочацца даведацца, наколькі адпавядае турыстычная інфраструктура горада статусу Культурнай сталіцы?

- Для многіх турыстаў першаснае ўспрыняцце горада пачынаецца з дарог. А таму асабліва хочацца адзначыць, што цягам апошніх гадоў быў праведзены цэлы комплекс работ на дарозе Гарадзея - Нясвіж ад міжнароднай трасы Е30 да нашага горада. На сённяшні дзень гэтая дарога адпавядае самым сучасным патрабаванням. Акрамя таго, у студзені мінулага года была прынята да эксплуатацыі новая аўтазаправачная станцыя, дзе, акрамя запраўкі палівам, кліентам прапануецца цэлы комплекс паслуг: магазін, кафэ, пункт абмену валюты. Да таго ж, за апошнія тры - чатыры гады ў горадзе ўзведзены і прынялі сваіх наведвальнікаў новая бібліятэка з інтэрнэт-кафэ, салон-галерэя "Скарбніца" з шырокім асартыментам сувенірнай прадукцыі, а таксама Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з басейнам.

Як вынік, не можа не радаваць і той факт, што з года ў год расце колькасць турыстаў. Так, калі ў 2008-м наш горад наведалі 102 тысячы чалавек, то у 2010-м  больш за 170 тысяч, а за мінулы год толькі аб'екты музея-запаведніка пабачылі амаль 200 тысяч турыстаў. Мяркую, дынаміка ўражвае. Складваецца, дарэчы, цікавая лічба: на кожнага гараджаніна штогод у сярэднім прыходзіцца прыблізна па трынаццаць турыстаў.

- Так, статыстыка сапраўды выдатная! Але ж з такім наплывам турыстаў, напэўна, існуюць і пэўныя цяжкасці...

- Натуральна, у нас ёсць і набалелыя праблемы. Першая: як накарміць турыста? І калі ў буднія дні нашы пункты грамадскага харчавання нармальна вырашаюць пытанне, то ў выхадныя  гэта ў пэўнай ступені становіцца праблемай. Глядзіце, у горадзе працуюць 10 аб'ектаў грамадскага харчавання на 648 пасадачных месцаў. У той жа час, летам, у суботу ды нядзелю, у горад толькі арганізавана, аўтобусамі, прыязджае 800 - 1500 і больш чалавек. У сувязі з гэтым плануецца сёлета дадаткова ўвесці ў дзеянне 5 аб'ектаў харчавання на 270 пасадачных месцаў. Акрамя таго, мы пачалі больш шырока рэкламаваць магчымасці аб'ектаў грамадскага харчавання ў суседняй Гарадзеі, якія па якасці прыгатавання ежы не саступаюць нясвіжскім.

Другая і, напэўна, яшчэ больш вострая праблема - пражыванне турыстаў. Выдатна разумею, што для таго, каб турыст быў "рэнтабельным", яго трэба затрымаць у горадзе ці раёне не на гадзіну-другую, а як мінімум на двое - трое сутак. А што мы можам прапанаваць у гэтым плане на сённяшні дзень? На жаль, зусім няшмат. На дадзены момант у горадзе дзейнічае ўсяго тры гасцініцы на 194 месцы. Сёлета плануецца ўвод у эксплуатацыю гасцініцы на 60 нумароў. Цяпер актыўна ідзе праца і па стварэнні забаўляльных устаноў, дзе турыст, да прыкладу, змог бы пагуляць у боўлінг, узяць напракат веласіпед...

- Істотную дапамогу ў гэтым, думаецца, можа аказаць і прыватны інвестар. Што ў раёне чуваць са стратэгічным дзяржаўна-прыватным партнёрствам?

- Са свайго боку, магу сказаць, што ўлады заўсёды ідуць насустрач імкненню мясцовых жыхароў, якія прапаноўваюць паслугі аграэкатурызму. Толькі за апошні час на тэрыторыі раёна з'явіліся тры прыватныя аграсядзібы. На зямлі Нясвіжчыны таксама размешчаны базы аграэкатурызму, якія належаць дзяржаўным установам. Хачу падкрэсліць, што ў рамках заканадаўства мы робім усё магчымае, каб прыватнік змог хутка вырашыць усе, так бы мовіць, папяровыя пытанні і распачаць сваю дзейнасць.

Важна, каб турыст не толькі наведаў дамінанту Нясвіжа - Палацава-паркавы комплекс, але і адпачыў у горадзе ды раёне, пажыў у нас, пабываў у культурна-забаўляльных установах. На жаль, многія айчынныя турагенцтвы сёння не прапануюць кліентам менавіта такі спектр паслуг, выгадны, думаецца, і для нас, і для іх: маю на ўвазе туры на два - тры дні. Цяпер распаўсюджаны кароткачасовыя экскурсійныя праграмы. У выніку турысты паспяваюць хіба толькі шпарка прайсціся па залах палаца. У іх не хапае часу нават на абед...

- Прайшоўшыся сёння па вуліцах Нясвіжа, звярнуў увагу на надпісы на ўказальніках, а дакладней - на адсутнасць інфармацыі, скажам, на той жа англійскай мове. Ці не з'яўляецца гэта, на вашу думку, перашкодай для замежнага турыста?

- Адказваючы на дадзенае пытанне, хочацца прыгадаць уражанні з нядаўняй рабочай паездкі ў Германію. Указальнікі і шыльды на англійскай мове там - вялікая рэдкасць. У той жа час, усю неабходную інфармацыю можна атрымаць у мясцовых гатэлях, дзе турысту прадастаўлена інфармацыя на розных мовах. У гэтым жа кірунку збіраемся працаваць і мы. Ужо падрыхтаваны буклеты, карты, іншая друкаваная літаратура, разлічаная на замежнага госця. Акрамя таго, на ўездзе ў Нясвіж размешчана дэталёвая схема славутасцей горада, у тым ліку - і на англійскай мове. Ды і ў самім Нясвіжы ўстаноўлены ўказальнікі з выявамі гістарычных помнікаў архітэктуры. Таму заблукаць у Культурнай сталіцы Беларусі 2012 года замежнаму турысту наўрад ці ўдасца. Тым больш, нашы спагадлівыя і гасцінныя нясвіжцы заўсёды гатовы дапамагчы знайсці тую або іншую славутасць горада.

Дарэчы, менавіта па ініцыятыве мясцовых жыхароў і пры падтрымцы райвыканкама плануецца ўжо сёлета вярнуць гістарычныя назвы вуліцам і завулкам старой часткі горада, змененыя за савецкім часам, пазначыўшы іх на шыльдах па-беларуску. Паводле папярэдніх падлікаў, гэта не абцяжарыць раённы бюджэт, але надасць гораду самабытны каларыт.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"