“Гатоўнасць аддаць сябе іншым...“

№ 2 (1025) 14.01.2012 - 20.01.2012 г

Светлыя дні Ражджаства Хрыстова з’яўляюцца важным часам для культурнага жыцця краіны. 10 студзеня ў сталічным Палацы Рэспублікі з удзелам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, а таксама Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі прайшла цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” і лаўрэатаў спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. У традыцыйна ўрачыстай і цёплай атмасферы святочнай сцэны Палаца Рэспублікі на адрас лаўрэатаў — артыстаў і мастакоў, музыкантаў і навукоўцаў, прадстаўнікоў духавенства і ўрачоў — гучалі словы падзякі за ўнёсак у культурны складнік Бацькаўшчыны, у развіццё духоўнасці, сацыяльнай сферы. Сімвалічна, што гэтым днём гасцей і ўдзельнікаў цырымоніі віталі на лесвіцах унутры Палаца Рэспублікі маленькія анёлы Любові і Дабрыні — сімвалы вялікага свята і, спадзяёмся, усяго надышоўшага года, абвешчанага ў нашай краіне Годам кнігі.

/i/content/pi/cult/359/6853/2-1.jpegАсаблівасцю сёлетняй цырымоніі стала ўручэнне яшчэ і прэмій спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і Падзякі Кіраўніка дзяржавы ўдзельнікам дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне-2011" ды іхнім педагогам.

"Нацыянальная культура, якая абапіраецца на хрысціянскія традыцыі і славянскія праваслаўныя карані - адна з крыніц унутранай моцы беларускага народа. Культура - наш духоўны хлеб", - падкрэсліў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка ў сваім віншавальным слове да прысутных, распачынаючы ўрачыстасці.

«Беларуская дзяржава падтрымлівае і заўсёды будзе падтрымліваць сферу айчыннай культуры», - зазначыў Кіраўнік дзяржавы. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, заснаванне прэмій "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва з'яўляецца найлепшай дэманстрацыяй таго, якое значэнне ў Беларусі надаецца духоўным каштоўнасцям і чалавекалюбным справам.

У прывітальным слове Лідарам краіны адзначана, што такой моцнай падтрымкі, якую дзяржава аказвае айчыннай культуры ў апошнія гады, не было ніколі. Штогод мільярды рублёў укладаюцца ў аднаўленне помнікаў дойлідства ў Полацку, Гомелі, Міры, Нясвіжы ды іншых кутках Беларусі. Адроджаны ў сваім харастве Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, новае жыццё атрымліваюць будынкі іншых тэатраў, музеяў, Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". Дзяржава выступае галоўным спонсарам, мецэнатам праектаў і пачынанняў майстроў мастацтваў. Разнастайнасць талентаў дэманструюць фестывалі "Славянскі базар у Віцебску", "Александрыя збірае сяброў", "Лістапад", іншыя культурныя акцыі.

"Беларуская цывілізацыя стваралася не агнём і мячом, а мудрасцю і словам. Менавіта наша зямля дала чалавецтву такіх светачаў хрысціянства, як Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі. Тут з'явіўся на свет выбітны асветнік Францыск Скарына, які 495 гадоў таму падарыў усходнім славянам першае друкаванае выданне. Беларусь узбагаціла сусветную культуру паэзіяй Янкі Купалы, Якуба Коласа, 130-годдзе якіх мы адзначаем сёлета", - адзначыў Прэзідэнт. На думку Кіраўніка дзяржавы, абвяшчэнне ў Беларусі Года кнігі павінна надаць новы імпульс развіццю грамадства і адкрыць шырокія гарызонты ў духоўнай сферы.

Звяртаючыся да ўзнагароджаных, беларускі Лідар адзначыў: "Вы асабістым прыкладам даказалі: для таго, каб дапамагаць людзям, не абавязкова мець неверагодныя багацці. Галоўнае - мець шчодрае сэрца і гатоўнасць аддаваць сябе іншым..."

"Мы здолелі перажыць няпросты перыяд без катастроф і страт. І дапамаглі нам найлепшыя рысы нашага нацыянальнага характару: міласэрнасць і дабрыня, душэўная шчодрасць і гатоўнасць падзяліцца ўсім, што маем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка пад час свайго выступлення.

"Галоўная мэта беларускай культуры на сёння - кансалідацыя грамадства, садзейнічанне ўмацаванню беларускай дзяржаўнасці. Народ чакае ад нашых майстроў мастацтва твораў, якія знойдуць водгук у мільёнаў", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў узнагароды і асабіста падзякаваў кожнаму з лаўрэатаў і ўганараваных.

Вечар жа ў Палацы Рэспублікі завяршыўся канцэртам майстроў мастацтваў Беларусі.

На здымку: пад час цырымоніі ўручэння прэмій.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА