Вызначальнае ў мадэлі

№ 51 (1022) 17.12.2011 - 24.12.2011 г

“Скульптура для мяне ёсць пачуццё жыцця…”

/i/content/pi/cult/355/6784/8-4.jpg

Ёсць людзі дзівоснай уласцівасці: здаецца, ведаеш чалавека даўно, а не перастаеш захапляцца яго здольнасцю без прытворства, без гвалту над сабой адкрывацца людзям заўсёды і ва ўсім толькі добрымі бакамі сваёй душы. Так, мастак павінен быць добрым - і ў жыцці, і ў творчасці. Такі Генадзь Мурамцаў- таленавіты скульптар, выдатны педагог, тонкі інтэлектуал, шчыры чалавек, які толькі што адзначыў сваё 80-годдзе цудоўнай выстаўкай у Нацыянальным мастацкім музеі.

Яму ёсць што ўспомніць: даваеннае жыццё ў Мінску, першыя азы рысавання ў Доме піянераў у С.Каткова і ў Доме народнай творчасці ў М.Тарасікава, эвакуацыя ў Цэнтральную Расію разам з бацькамі (яго тата Ілья Аляксеевіч быў выдатным оперным спеваком), вяртанне ў вызваленую беларускую сталіцу, вучоба ў толькі што адкрытым Мінскім мастацкім вучылішчы... А потым - Ленінград, знакамітая "Рэпінка", акадэмічныя вучэбныя майстэрні былога заснавальніка Віцебскага мастацкага тэхнікума М.Керзіна, В.Сакалова, І.Крастоўскага. Дыпломная скульптурная кампазіцыя "Ураджай" атрымала найвышэйшую адзнаку. Ішоў 1958 год. І зноў - вяртанне ў Мінск. Першыя выстаўкі, першы педагагічны вопыт: спачатку - у тым жа мастацкім вучылішчы, потым- у тэатральна-мастацкім інстытуце. Сёлета споўнілася акурат 50 гадоў з таго часу, калі Андрэй Ануфрыевіч Бембель, таксама былы выхаванец ленінградскай мастацкай школы, запрасіў Генадзя Ільіча ў гэты інстытут на пасаду выкладчыка кафедры скульптуры. Так ужо атрымалася, што з таго часу педагогіка і творчасць у Мурамцава заўсёды ішлі побач, ніяк не перашкаджаючы адна адной.

 Г.Мурамцаў вядомы ў краіне як скульптар-манументаліст, аўтар помнікаў К.Заслонаву пад Оршай, савецкім салдатам - вызваліцелям Полацка, падпольшчыкам Асінторфа на Віцебшчыне, шматлікіх мемарыяльных дошак. Але, на мой погляд, у станковым партрэце ён дасягнуў найвышэйшых поспехаў. Вось і ў сённяшняй экспазіцыі мастак паказаў свой асабісты погляд на тых людзей (у асноўным - інтэлектуальных прафесій), якія для яго ўяўляюць цікавасць не толькі як знакавыя фігуры свайго часу, але і як прыклады высокага маральнага духу і глыбокай унутранай эмацыйнасці, што ў пластычных адносінах часам пераходзіць у яркую "імпрэсіяністычную" выразную фактуру. "Скульптура для мяне, - кажа Генадзь Ільіч, - ёсць пачуццё жыцця і пачуццё духоўнага пачатку ў ім". Менавіта так. Яго партрэты М.Багдановіча, М.Керзіна, В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Паслядовіч, В.Быкава, І.Лучанка, бацькі, І.Мележа, цыкл жаночых вобразаў, створаныя ў розныя гады, пачынаючы з канца 50-х, - даюць яркае ўяўленне аб незвычайным пластычным таленце мастака. Ва ўсіх творах выстаўкі, уключаючы і некаторыя кампазіцыйныя работы кшталту вельмі дынамічных "Закліку" або "Пераможца", адчуваецца натхнёная праца майстра, якая патрабуе надзвычайнай самааддачы, яго ўважлівае і вострае вока, здольнае вылучыць галоўнае, вызначальнае ў мадэлі.

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"