Zoom да сэрца: ад нябёсаў да зямлі

№ 50 (1021) 10.12.2011 - 17.12.2011 г

Два фотапогляды на “Ave Радзіма”

/i/content/pi/cult/354/6749/9-1.jpgФ о т а в ы с т а ў к а гродзенца Аляксандра Ласмінскага ў галерэі "Панарама" Нацыянальнай бібліятэкі не толькі па дні, а нават па гадзіне супала з часам адкрыцця выстаўкі здымкаў Яўгена Казюлі ў Нацыянальным гістарычным музеі краіны.

"Пад небам Гродзеншчыны" - экспазіцыя з такой назвай была прадстаўлена на вядомай выставачнай пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі, размешчанай - сімвалічна - пад самым небам Мінска. Аляксандр Ласмінскі - старшыня Камісіі Гродзенскага гарсавета дэпутатаў па культуры, адукацыі і справах моладзі, дырэктар Тэлерадыёвяшчальнага канала "Гродна плюс", старшыня Народнага фотаклуба "Гродна", але, у дадзеным выпадку, у першую чаргу фатограф - прапанаваў гледачам серыю з паўсотні пейзажаў, зробленых з "вышыні птушынага палёту".

Вядома, што дасведчаны фотааматар адразу ўзновіць у памяці падобны цыкл фатографа-краязнаўцы Сяргея Плыткевіча - і паралель цалкам заканамерная. Аднак Аляксандр Ласмінскі прызнаўся: "Мы знаёмыя з Сяргеем, і мне падаецца, што ён зусім не крыўдуе на мяне, паколькі ў ракурсе майго праекта - Гродзенская зямля". Больш за 20 палётаў на верталёце здзейсніў Аляксандр Ласмінскі, каб падрыхтаваць свой праект, - і бачна, што яго памкненні ды азарт былі падмацаваны, у першую чаргу, пачуццямі пашаны, любові да радзімы. А амбіцыі...Ды, уласна,

/i/content/pi/cult/354/6749/9-2.jpg

што без іх ажыццявілася б?

Што ж уласціва "нябеснай" серыі Ласмінскага? Безумоўна, яскравасць колераў, асаблівая рытміка пейзажаў, знятых з вышыні, ды і - нечаканая прыгажосць знаёмага краю, якую, як кажуць класікі, часам зблізку і не ўбачыць. Менавіта гэтай няўрымслівасцю фатографа ў пошуках новых ракурсаў улюбёнага аб'екта і цікавая серыя. "Ave Гродна і гродзенскі край!" - нібыта ўзносіць працы сваім пачуццём патрыятызму фотамастак.

Нельга сказаць, што саступаюць у гэтым памкненні паказаць хараство роднай зямлі і здымкі Яўгена Казюлі. Старшыня Народнага фотаклуба "Мінск", вядомы фотакарэспандэнт, Яўген Карпавіч у выстаўцы пад назвай "Сцежкі творчасці. Фрагменты" прапануе гледачу паглядзець на наш дом у "зямным" ракурсе, што не адмаўляе ўзнёсласці ці захаплення ў падыходзе да тэмы. Погляд фатографа тут скіраваны не толькі кудысьці ўдалечыню, але і ахоплівае бліжнія планы, даруйце за таўталогію, набліжаючы імі прадметы, людзей ці нават далягляды роднай зямлі.

У экспазіцыі прадстаўлены працы пачынаючы бадай з 1970-х. І ў подпісах да здымкаў разам з назвай абавязкова стаіць удакладненне, дзе была зроблена фатаграфія: "Пад святлом месяца", Стаўбцоўскі раён, 1981 г.; "Вокны, як сумныя вочы", Ветка, 1981, Залессе, 1986; "Ля студні", вёска Завер'е, Браслаўскі раён, 1984... І гэтыя дробныя, на першы погляд, падрабязнасці нібыта ўдакладняюць гледачу каардынаты пэўных імгненняў. Варта адзначыць, што выстаўка знаёміць гледача з фрагментамі ўсёй творчасці аўтара: тут мы можам сустрэць фота не толькі беларускіх абшараў ці гарадоў. Але ж асноўны масіў - гэта радзіма: яе мінулае, цяперашняе. І тут тым больш цікава прасачыць, як, падавалася б, звычайны фотаздымак селяніна ці знаёмага пейзажу становіцца дакументам эпохі.

Кульмінацыяй экспазіцыі па праве лічыцца серыя фотапартрэтаў людзей, выявы якіх Яўген Казюля праз камеру захаваў ужо ў гісторыі. Васіль Быкаў, Сяргей Грахоўскі і побач з імі - ткачыха Марыя Каўтунова, разьбяр Пятро Зяляўскі, гусляр Максім Такушэвіч ды тая "Светлая бабуля" з Веткаўскага раёна, усмешку якой сёння ведаюць ужо не толькі аматары фатаграфіі. Што ж, кожны з мэтраў краязнаўчай фатаграфіі па-свойму кажа "Ave Радзіма" і мае рацыю.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"