Атмасферны хіт

№ 48 (1019) 26.11.2011 - 02.12.2011 г

“Анёлы дабра” Лідзіі Заблоцкай

/i/content/pi/cult/352/6669/Clip_19.jpgАкурат праз тыдзень у Ерэване адбудзецца фінал Міжнароднага дзіцячага песеннага конкурсу "Еўрабачанне-2011", на якім прадстаўляць Беларусь будзе магіляўчанка Лідзія ЗАБЛОЦКАЯ. За колькі дзён да ад'езду ў сталіцу Арменіі трынаццацігадовая спявачка наведала рэдакцыю "К" і шчыра падзялілася сваім добрым настроем, жывым абаяннем і спакойнай упэўненасцю юнага прафесіянала. Ды, вядома ж, - бліжэйшымі спадзяваннямі на будучыню. "Ад конкурсу я чакаю самых станоўчых эмоцый, - адзначыла дзяўчынка, - тым больш, што прыняць у ім удзел было маёй марай з самага дзяцінства".

 

"Лідзія, буду трымаць за цябе кулачкі"

- Лідзія, ты - лаўрэат і дыпламант шматлікіх фестываляў ды конкурсаў. Дастаткова ўзгадаць такія форумы, як "Зямля пад белымі крыламі", "Залатая пчолка", "Маладзічок"... Гэта не лічачы твайго леташняга выступлення на нацыянальным адборы да дзіцячага "Еўрабачання-2010"... Што чакаеш ад сёлетняга песеннага спаборніцтва?

- Прызнацца, ад ўсяго, што са мной здарылася і што зараз адбываецца, я атрымліваю вялікае задавальненне. Справа ў тым, што я марыла аб тым, каб прыняць удзел у гэтым конкурсе, вельмі даўно. Я сачыла за спаборніцтвам увесь час, і перамога Ксюшы Сітнік на тым самым "Еўрабачанні" ў 2005 годзе аказала на мяне неверагодны ўплыў. Памятаю, як у мяне слёзы каціліся ад шчасця: я разумела, што для ўсёй нашай краіны гэта такая радасць... З таго моманту і стала марыць пра ўдзел у "Еўрабачанні". І паступова, крок за крокам, можна сказаць, набліжалася да гэтага. А ўжо калі выхаванка майго педагога па вакале Таццяны Галіноўскай Паліна Клішкова заняла даволі высокае месца на адборачным туры ў 2009-м, вырашыла дзейнічаць. Сёння я шмат рэпецірую і працую, але адчуванне таго, што прымаю ўдзел у такім знаным форуме, натхняе і акрыляе.

- Хвалюешся?

- Так. Але мяне падтрымлівае шмат людзей: мая сям'я, сябры, настаўнікі... Я гутарыла з Данікам Казловым, і ён сказаў мне: "Лідзія, я буду трымаць за цябе кулачкі". І- скіраваў на тое, каб я атрымлівала пазітыўныя эмоцыі. Таму зараз я ўжо хутчэй хачу выправіцца ў Ерэван, каб акунуцца ў гэтую атмасферу. Але, вядома, рэпетыцыі ўсё роўна будуць для мяне на першым месцы.

Павольны хіт /i/content/pi/cult/352/6669/Clip_20.jpg

- Летась, Лідзія, ты выступала на адборачным туры з рытмічнай кампазіцыяй, а сёлета прадстаўляеш вельмі лірычную песню "Анёлы дабра". Чаму вырашыла змяніць амплуа?

- Хутчэй, змянілася тактыка. Папярэдняя мая песня таксама была на светлую тэму - сяброўства між народамі, краінамі. Сёлета ж гэтае галоўнае пасланне паднесена трошкі па-іншаму. У нашым свеце так шмат болю і жорсткасці - дастаткова паглядзець зводкі навін, каб сутыкнуцца з гэтым. Мая песня - пра тое, каб анёл жыў у кожным з нас, і тады менш было б зла на планеце.

- Хто дапамагаў табе напісаць, аформіць твор?

- Я прыдумала матыў, потым - словы. А дарослыя ўжо дапамагалі дапрацаваць кампазіцыю. Таццяна Мікалаеўна - дапамагала з рэдактурай вершаў, таксама як і Ганна Лапо. А Уладзімір Канькоў выдатна аранжыраваў кампазіцыю. У выніку, мне падаецца, што атрымалася вельмі пяшчотная песня. Лічу, на "Еўрабачанні" не ўсе творы абавязкова павінны быць пра каханне, ды ў хуткім тэмпе. Мае "Анёлы дабра" - гэта павольны хіт. Дабро можа ажывіць нават статую

- А як з пастаноўкай нумара? Магчыма, дадаліся новыя дэталі?

- Галоўныя змены адбыліся ў маім абліччы. На адборачным туры я выступала ў белым строі, а сёння мне пашылі іншую сукенку, у цэлым істотна змяніўшы вобраз. Мы вырашылі адысці ад трагічных нотак, звярнуўшыся да больш светлых, узнёслых, каб і маё пасланне выглядала радасна, добразычліва. І сапраўды: гэтая карэкціроўка пайшла на карысць. Сёння ў мяне надзвычай лёгкая сукенка ружовага колеру, якая струменіцца і стварае пяшчотны вобраз. Нашмат больш камфортна я сябе пачуваю ў новых туфліках без абцасаў. Зведаў змяненні і макіяж: аніякіх ценяў і яркай памады. Усё мае выглядаць вельмі натуральна. Прычоску таксама максімальна наблізяць да натуральнага стану. Калі ў першым строі мне давалі гадоў 14 - 15, то ў цяперашнім нумары я цалкам адпавядаю абліччу трынаццацігадовай дзяўчынкі.

- У астатнім жа нумар застаўся без змяненняў?

- Так. Як і ў адборачным туры, у пастаноўцы будуць скрыпачы-музыкі, якія апрануты ў строі серабрыстага колеру, адсылаючы да вядомага аблічча "жывых статуй". Мы хочам данесці да людзей: дабро можа ажывіць нават нежывое. На пачатку кампазіцыі артысты стаяць, але потым - у кульмінацыйны момант - ажываюць. Хачу падкрэсліць, што музыканты граюць на скрыпках ужывую. Філіп Салата і Настасся Маляваная - так завуць скрыпачоў - рэпеціравалі да мазалёў на пальцах, каб добра вывучыць усе партыі. Усё гэта, вядома, спалучаецца з харэаграфіяй, за якую адказвае Алеся Ткачонак, таму ўсім нам даводзіцца быць на сцэне максімальна сканцэнтраванымі.

/i/content/pi/cult/352/6669/Clip_21.jpg Калі конкурс у радасць...

- І апошняе пытанне, якое непасрэдна звязана з канцэнтрацыяй. Не сакрэт, што дзіцячае "Еўрабачанне" неаднойчы рабілася прадметам абмеркавання музыкантаў, псіхолагаў, прадзюсараў - самых розных спецыялістаў: узнімалася пытанне аб мэтазгоднасці падобнага конкурсу, які разам са станоўчымі эмоцыямі нясе для дзяцей велікую стрэсавую нагрузку. І зараз мне хочацца спытацца ў цябе, Лідзія, як у непасрэднага ўдзельніка конкурсу: наколькі, насамрэч, гэта цяжка?

- Не буду хлусіць: калі рыхтуецца нумар, сапраўды, выпіваецца шмат валяр'янкі. Аднак тут усё залежыць ад адчуванняў выканаўцы: калі яму ўсё гэта ў радасць, стрэс не надта даецца ў знакі. І арганізатары дзіцячага конкурсу імкнуцца, каб мы засяроджваліся не толькі на рэпетыцыях: у нас у праграме запланаваны і экскурсіі, і дыскатэкі. Не трэба забывацца і на падтрымку сям'і, настаўнікаў, на прыемныя знаёмствы: калі заўважаць гэтыя радасці, усё выглядае не так і страшна, а наадварот - цікава і карысна. Магу сказаць, што ўдзел у "Еўрабачанні" прынёс мне вялізны досвед: гэта і здымкі, і праца з журналістамі, і вакальнае ўдасканаленне, і харэаграфічная падрыхтоўка... Ад гэтых навыкаў я зусім не хачу адмаўляцца...

Лідзія прыйшла ў рэдакцыю з мамай - Аленай Пятроўнай, прысутнасцю якой мы таксама не абмінулі скарыстацца.

- Мне падаецца, - сказала яна, - стрэсавую сітуацыю на конкурсе ствараюць менавіта дарослыя, якія настройваюць дзяцей толькі на перамогу. Калі ж паставіцца да спаборніцтва як да атрымання пэўных ведаў, досведу, кантактаў - сітуацыя зусім іншая. Калі дзіця адчувае свята - яно і спяваць будзе больш шчыра і радасна!..

Фота Юрыя ІВАНОВА і прадастаўленае прэс-службай Белтэлерадыёкампаніі

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"