Недзіцячы “Лістападзік”

№ 45 (1016) 05.11.2011 - 11.11.2011 г

Ад дэтэктываў да драм

/i/content/pi/cult/349/6600/10-1.jpg"Лістападзік" - фестываль фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі сёлета дэ-юрэ атрымаў статус конкурсу. "Дэ-факта гэта здарылася ўжо пэўны час таму, - адзначае праграмны дырэктар "Лістападзіка" Ксенія ДАНІНА, - калі фестываль, да прыкладу, згубіў свайго дырэктара". Тым не менш, новая форма кінафоруму не адбілася на ягонай якасці. Сёлета ў яго праграме будуць прадстаўлены дзіцячыя стужкі з дзесяці краін свету. Пра асаблівасці "Лістападзіка-2011" і распавяла карэспандэнту "К" Ксенія Даніна.

 - Сёлета мы вырашылі пасля паказаў найбольш праблемных фільмаў прапанаваць маленькім гледачам абмеркаванне, каб яны маглі падзяліцца ўражаннямі са сваімі сябрамі, стваральнікамі фільма і, у тым ліку, са спецыялістамі. Магчыма, падобная дыскусія - гэта своеасаблівае вяртанне да старога фармату кінаклуба, але нам здаецца, што дадзеная форма працы - далёка не самая дрэнная. Удалы прыклад такой гутаркі адбыўся летась, калі пасля прагляду стужкі чэшскага рэжысёра Мілана С'еслара "Фея дажджу" гледачы не разыходзіліся, задаючы пытанні і абмяркоўваючы карціну.

 - У астатнім "Лістападзік" не зведаў змен?

- Так, мы працавалі з імкненнем замацаваць здабыткі. Гэта значыць, што праграма фільмаў конкурсу разлічана на школьнікаў малодшага і сярэдняга ўзросту - да 12 - 13 гадоў. З юнацкай аўдыторыяй мы не працуем сёлета з тэхнічных прычын: у нас былі запланаваны стужкі для старэйшых школьнікаў, але цяжкасці з дастаўкай і афармленнем фільмаў не дазволілі ажыццявіць задуманае...

 - Дык якія ж стужкі складаюць праграму "Лістападзіка-2011"?

- Вядома, усе дзевяць карцін конкурснай праграмы - гэта прызёры ці ўдзельнікі буйных фестываляў кіно. Мы імкнуліся ў нашай падборцы прадставіць кінастужкі розных краін. Адкрываем праграму пазаконкурсным паказам мультфільма "Прыгоды Цінціна: Таямніца аднарога". Наступным днём маленькіх гледачоў будзе чакаць карціна з Германіі рэжысёра Пітара Ціма "Паляванне за скарбамі Ганібала". Работы нямецкага кінематаграфіста ўжо вядомыя беларускай публіцы: яго фільм "Рудзі - гончае парася" ўжо ўдзельнічаў у праграме "Лістападзіка". Галандскі рэжысёр Сімоне Ван Дзюсельдорп прадставіць фільм для больш дарослай аўдыторыі. Яе "Таямнічы ліст" зняты ў жанры дэтэктыву.

 Венгерска-сербскі фільм "Веспа" Дзіяны Гроу - гэта сямейная драма, галоўны персанаж якой- хлопчык Лалі. Ён жыве ў беднай сям'і без бацькі і аднойчы, дзякуючы шчаслівай выпадковасці, выйграе ў латарэю чырвоны скутар. Каб забраць выйгрыш і адшукаць свайго бацьку, Лалі вырашае самастойна выправіцца ў Будапешт.

 У праграме запланаваны яшчэ адзін дэтэктыў - гэта харвацкая стужка "Како і прывіды" рэжысёра Даніэля Кушана.

 Расійская ж кампанія "Снега" прадаставіла "Лістападзіку" сямейную драму "Апошняя гульня ў лялькі" Георгія Нягашава. Стужка - складаная, з пэўным сэнсам, але спадзяёмся, што наш глядач здолее яе ўпадабаць .

Таксама ў конкурснай праграме- індыйская карціна "Скрынка для сняданку", што прысвечана праблеме голаду сярод дзяцей. Але гэтая тэма ў фільме пададзена надзвычай арыгінальна...

 Вядома, наш конкурсны паказ не мог абысціся без беларускай стужкі Алены Туравай "Рыжык у Залюстэраччы". Фільм ўжо дэманстраваўся на некаторых кінафорумах. Дарэчы, узровень камп'ютарнай графікі айчынных спецыялістаў быў ацэнены на тым жа "Шлінгелі" ў Германіі. Нарвежская карціна "Анёлы з усходніх ускраін" Ларса Бэрга ўяўляе з сябе гэткі скандынаўскі варыянт вядомага амерыканскага фільма "Анёлы Чарлі". Толькі гераіні гэтай гісторыі, якія адважна бяруцца выратаваць невінаватага, - тры дванаццацігадовыя дзяўчынкі. Сяброўкі "ўліплі ў гісторыю" пад час канікул, ды ўсё ж не спасавалі перад цяжкасцямі.

 Завяршае ж конкурсны паказ казка з Чэхіі вядомага рэжысёра Здэнека Трошкі - "Нявеста чорта". Гэта класічная казачная гісторыя пра зачараваную прынцэсу і, вядома, закаханага ў яе маладога чалавека. Адзначым, што Здэнек Трошкі асабіста прыездзе ў Мінск, каб прадставіць сваю карціну, як і нямецкі рэжысёр Пітар Цім ды Даніэль Кушан з Харватыі. Хацелася б, каб журналісты звярнулі ўвагу на гэтых гасцей, якія ўпершыню наведаюць Беларусь.

 - У рамках "Лістападзіка" запланаваны і анімацыйныя паказы...

- Так. І сёлета яны пройдуць у кінатэатры "Піянер". Першая анімацыйная праграма - гэта апошнія мультыплікацыйныя фільмы "Беларусьфільма", якія, як мяркуецца, будуць прадстаўляць самі рэжысёры. І другая - блок анімацыі, які нам ласкава прадастаўляе магілёўскі фестываль "Анімаёўка".

- Не магу не адзначыць: сёлетняя праграма багатая менавіта на сямейныя драмы. Ці не значыць гэта, што старыя добрыя казкі становяцца прэрагатывай маленькага гледача?

- З аднаго боку, адсутнасць "казачнага" матэрыялу ў сёлетняй праграме- сітуацыя менавіта бягучага года (у наступным, магчыма, казак будзе больш). Аднак вы маеце рацыю: еўрапейскія рэжысёры імкнуцца ўзнімаць у сваіх карцінах разнастайныя сацыяльныя пытанні, разважаць аб праблемах грамадства нават у дзіцячых стужках. Яны разумеюць, што ў плане бюджэту, камп'ютарнай графікі з Галівудам ім спаборнічаць цяжка, таму аддаюць перавагу шчырай гутарцы з гледачом аб набалелым. Ды ўсё ж нельга сказаць, што тыя ж Германія або Чэхія забываюцца на традыцыі свайго дзіцячага чароўнага кіно. Іх казачныя стужкі да гэтай пары застаюцца высокамастацкімі. Таму нельга "ставіць крыж" на "казачным" матэрыяле. Ды ўсё ж праўда яшчэ і ў тым, што сучасныя дзеці становяцца дарослымі вельмі хутка, і таму размаўляць з імі патрэбна на зусім іншай мове. Што зробіш: такія рэаліі.

 

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"