Прэстыжны маштаб

№ 40 (1011) 01.10.2011 - 08.10.2011 г

Дні культуры Беларусі ў Літве праходзяць у месячным фармаце

/i/content/pi/cult/344/6405/7-3.jpgТое, што адразу вылучае чарговыя Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы, - новы фармат правядзення гэтай падзеі. Замест звыклых трох-чатырох дзён або нават тыдня рэпрэзентацыя найлепшых айчынных творчых сіл мае праходзіць практычна цягам месяца.

І ўжо сёння назіраем запарукі будучага паспяховага выніку падзеі: спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага прайшлі ў Вільнюсе пры поўных аншлагах, а на пастаноўку "Спартака" Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, што завяршае Дні культуры, білетаў не было яшчэ ў жніўні.

Праграма першых мерапрыемстваў у рамках Дзён культуры Беларусі аказалася насычанай на кантакты. На ўзроўні міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі і Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Фінляндыі Уладзіміра Дражына адбылося адкрыццё перасоўнай выстаўкі да 120-годдзя Максіма Багдановіча ў Вільнюскай беларускай школе імя Францыска Скарыны.

Сацыялогія Рэпрэзентацыі

 - Мы пайшлі на пэўную рызыку, заявіўшы такую шырокую праграму,- кажа саветнік па гуманітарных і культурных пытаннях Пасольства Беларусі ў Літве Ірына Зубко,- але стаўка на зацікаўленага гледача апраўдала сябе...

Менавіта так: акурат зацікаўлены глядач, які свядома выбірае беларускія прадстаўленні з багатай на тэатральныя, канцэртныя і кінамерапрыемствы афішы Вільнюса, і з'яўляецца мэтавай групай Дзён культуры. Прычым у названай катэгорыі нямала моладзі. У такім парытэце паміж строгімі гарнітурамі і дэмакратычнымі джынсамі была магчымасць пераканацца ў фае Літоўскай нацыянальнай філармоніі перад канцэртам з нагоды адкрыцця Дзён культуры. Не мог не пацікавіцца ў юнака, які прыйшоў у белым льняным фраку з квяцістай бабачкай (хаця тэмпература на вуліцы трывала ўжо восеньская, прычым - больш халодная за мінскую), што кіравала ім у жаданні набыць білет. Адказ быў: "Гэта парада майго прафесара ў кансерваторыі, які сказаў абавязкова наведаць канцэрт маэстра Анісімава".

Дарэчы, філарманічная сцэна - далёка не адзіная буйная пляцоўка, дзе адбываюцца імпрэзы сёлетніх Дзён культуры Беларусі ў Літве.

- Мы ўдзячныя літоўскаму боку за тое, што атрымалі спрыянне ў пытаннях, датычных арганізацыі нашага свята, тым жа пошуку месца правядзення сваіх імпрэз. Мяркуйце самі: Нацыянальная філармонія, Нацыянальная опера, Дом кіно... Гэта вельмі прэстыжныя сцэны, - кажа Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы і па сумяшчальніцтве ў Фінляндыі Уладзімір Дражын.

Ды і сам выхад на падобныя пляцоўкі цалкам натуральны. Рэпрэзентацыя беларускай нацыянальнай культуры ў Літве праводзіцца шосты год запар, колькасць патэнцыйных гледачоў расце, тым больш, выбар мерапрыемстваў з боку Пасольства як галоўнага рухавіка правядзення с/i/content/pi/cult/344/6405/7-5.jpgвята абумоўлены пэўнымі сацыялагічнымі данымі.

- Мы спецыяльна вывучалі, што было б цікава пабачыць жыхарам літоўскай сталіцы. Так у афішы з'явіўся слынны балет "Спартак" А.Хачатурана. Увогуле ж, цягам гэтых пяці гадоў мы намагаліся прадставіць літоўскаму гледачу ўсе кірункі айчыннага акадэмічнага мастацтва максімальна шырока. Таксама хочацца падзякаваць усім, хто спрычыніўся да арганізацыі Дзён культуры як з беларускага, так і з літоўскага бакоў, зрабіўшы ўсё, каб літоўскі глядач убачыў найлепшыя ўзоры нашага мастацтва, - зазначыў у гутарцы з нашым карэспандэнтам Уладзімір Дражын.

Стратэгія з прыцэлам на будучыню

Зразумела, у школу імя Францыска Скарыны, якую шчыльныя кантакты лучаць з Пасольствам Беларусі ў Літве, а таксама з Мінгарвыканкамам, мінскія госці прыехалі і з іншымі падарункамі. Міністр культуры ўручыў школе бюст Максіма Багдановіча і дыван з выявай нябеснай заступніцы Зямлі Беларускай святой Ефрасінні Полацкай, а ад імя Літаратурнага музея паэта школьная бібліятэка папоўнілася камплектам выданняў адпаведнай тэматыкі.

/i/content/pi/cult/344/6405/7-4.jpg- Наўрад ці можна ўявіць сабе сталіцу суседняй дзяржавы, настолькі звязаную з беларускай культурай, як Вільнюс. Мы павінны памятаць аб нашай мінуўшчыне, спадчыне, каранях - пра гісторыю, пра тое, што нас аб'ядноўвае сёння і будзе яднаць у будучыні,- падкрэсліў на імпрэзе Павел Латушка.

Пацвярджэннем слоў міністра стала правядзенне ў рамках мерапрыемства чарговага этапа акцыі "Беларусь сёння", якую курыруе Міністэрства культуры пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў краіны і Нацыянальнай бібліятэкі нашай рэспублікі. Сотня найлепшых з найноўшых беларускіх кніг гэтым разам была ўручана ад нашай краіны Нацыянальнай бібліятэцы Літвы імя Марцінаса Мажвідаса. Сярод фаліянтаў- "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча на чатырох мовах, "Напалеон Орда. Шлях да Бацькаўшчыны" Леаніда Несцерчука, "Музычная культура рыцарскага саслоўя Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага" Зміцера Сасноўскага, "Усходні накірунак дыпламатычнай дзейнасці Вялікага Княства Літоўскага ў апошняй трэці XVI ст." Сяргея Лашкевіча.../i/content/pi/cult/344/6405/7-1.jpg

- Мы вельмі рады працягу сяброўскіх стасункаў з Беларуссю, рады папоўніць фонд кніг, выдадзеных на беларускай мове. Да ўсяго, гэта вялікі падарунак для беларусаў, якія жывуць у Літве, - зазначыла ў сваім слове намеснік генеральнага дырэктара бібліятэкі па стратэгічным развіцці Бірута Журлене.

 Пра цэнтральны элемент для дыяспары

 Міністр у сваіх выступленнях пад час візіту ў Літву неаднаразова падкрэсліваў: Дні культуры Беларусі ў Літве - гэта найбольш маштабная культурная акцыя нашай краіны за мяжой цягам некалькіх апошніх гадоў. "Вельмі важна, што мы можам паказаць дасягненні нацыянальных, дзяржаўных калектываў менавіта ў Літве, як і тое, што адным з суарганізатараў падзеі з'яўляецца Згуртаванне беларускіх суполак", - дадаў Павел Латушка.

А яшчэ перад мерапрыемствамі ў школе карэспандэнт "К" распытаў кіраўніка Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве Рамана Вайніцкага аб актыўнасці нашых суайчыннікаў.

- Па-першае, сама школа, дзе мы сустрэліся, - зазначыў суразмоўца, - летась заняла 11-е месца ў рэйтынгу ўсіх школ Літвы, 5е- сярод вільнюскіх, стала лідарам сярод сярэдніх навучальных устаноў нацыянальных меншасцей. Паказчыкі? Выпускныя экзамены (хаця вучымся мы па-беларуску, здаём іх на літоўскай мове), высокі працэнт (каля 90) паступлення ў ВНУ, у тым ліку - беларускія. Калі ж казаць пра Згуртаванне, дык наша асноўная мэта - прадэманстраваць беларускую прысутнасць у розных кутках Літвы. Таму і Свята беларускай песні праводзім сёлета ў Клайпедзе.

 - Мы нездарма, - падкрэсліў Уладзімір Дражын, - уключылі ў праграму Дзён культуры гэты, шаснаццаты па ліку, спеўны форум. Не толькі, каб пашырыць геаграфію. Зноў жа, вяртаючыся да нашых даследаванняў, ён з'яўляецца адным з цэнтральных і, бадай, самых цікавых мерапрыемстваў для нашых суайчыннікаў у Літве...

Карэспандэнт "К" задаў пытанне пра актыўнасць беларускай дыяспары ў Літве і Паўлу Латушку як старшыні Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа.

- Беларусы Літвы - адна з самых актыўных дыяспар нашых суайчыннікаў. У працы Згуртавання ўдзельнічаюць 17 арганізацый, якія ладзяць святы беларускай песні, культуры, выстаўкі, імпрэзы. Мяркую, важным з'яўляецца тое, што мы ўключылі ў праграму Дзён культуры Свята беларускай песні ў Клайпедзе як адзін з цэнтральных элементаў. Выдатна, калі беларусы Літвы далучаюцца да сумесных акцый, якія праводзіць Міністэрства культуры Беларусі, Пасольства нашай краіны ў Літве...

Дарэчы, тэма Свята беларускай песні атрымала і нечаканы разгорт. У рамках імпрэзы ў Вільнюскай беларускай школе імя Францыска Скарыны адбылася цырымонія перадачы касцюмаў для калектыву "Світанак".

 - Тузін строяў,- выказаў спадзяванне міністр культуры Рэспублікі Беларусь,- упрыгожыць ваш удзел у Свяце беларускай песні ў Клайпедзе.

Першы этап - каталог

 Пасля насычаных падзеямі гадзін у беларускай школе наведанне міністрам культуры нашай краіны Нацыянальнага музея Літвы ў Старым арсенале Вільнюса сталася камерным. Больш за гадзіну Павел Латушка ў суправаджэнні дырэктара ўстановы Біруты Кульнітэ зацікаўлена аглядаў залы галоўнай літоўскай скарбніцы.

 Цікавілі міністра, у прыватнасці, рэчы з фондаў колішняга Беларускага музея Івана Луцкевіча, некаторыя з якіх прадстаўлены ў пастаяннай экспазіцыі сённяшняга Літоўскага нацыянальнага. Кіраўнік беларускага Міністэрства культуры агучыў прапановы па магчымасці перадачы пэўных прадметаў з названай калекцыі на дэпазітнае захоўванне і дэманстрацыю ў нашы музеі. Таксама агаворвалася магчымасць стварэння беларускім і літоўскім бакамі каталога захаванай часткі спадчыны Івана Луцкевіча як першага кроку ў справе фарміравання ўяўлення пра цэласную калекцыю, сабраную ім на пачатку ХХ стагоддзя, віртуальных копій прадметаў. Па словах міністра, запланавана стварэнне залы, прысвечанай Беларускаму музею Івана Луцкевіча, у новым будынку Нацыянальнага гістарычнага музея нашай краіны.

Усе прапановы беларускага боку кіраўнік музея падтрымала і выказала гатоўнасць да далейшай сумеснай працы.

/i/content/pi/cult/344/6405/7-6.jpg- Такім чынам, чакайце ў найбліжэйшы час дырэктара нашага Нацыянальнага гістарычнага музея для прадметнай распрацоўкі праекта, - зазначыў міністр і пакінуў запіс у гасцявой кнізе ўстановы, дзе, у прыватнасці, напісаў: "Дзякую за захаванне нашай сумеснай спадчыны!".

У працяг тэмы судакранання з беларускай гісторыяй, у Вільнюсе адбылася цырымонія ўскладання кветак да мемарыяльнай дошкі Францішку Багушэвічу, адкрытай летась у рамках Дзён культуры Беларусі ў Літве. Павел Латушка і Уладзімір Дражын зазначылі, што адзнака імені беларускага паэта добра ўпісалася ў кантэкст гістарычнай часткі горада непадалёк ад Вострай Брамы.

 Кульмінацыя з аркестрам

 Кульмінацыяй адкрыцця Дзён культуры Беларусі ў Літве стаў канцэрт Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Яго мастацкі кіраўнік і дырыжор Аляксандр Анісімаў падзяліўся ўражаннямі:

- Ведаеце, у Літве мы не ўпершыню і не першы раз удзельнічаем у Днях культуры. Вельмі цёплыя стасункі склаліся з Ёзасам Дамаркасам, кіраўніком сімфанічнага аркестра Літвы. Сёння для праграмы адкрыцця мы абралі творы Пятра Чайкоўскага, а раней прывозілі і нашых аўтараў. Стараемся быць разнастайнымі, ведаючы, што да нас прыйдзе правераны глядач. Дарэчы, а як нас успрымае зала? - задаў пытанне ўжо карэспандэнту "К" маэстра Анісімаў, паколькі гутарылі мы ў антракце паміж аддзяленнямі.

- Выдатна! - і адказ гэты - праўдзівы. Як і тое, што не менш цёплы прыём спазнаў расійскі віяланчэліст Дзяніс Шапавалаў, лаўрэат конкурсу Чайкоўскага, які пастаянна супрацоўнічае з беларускім аркестрам і нават выязджае з ім прадстаўляць нашу краіну за мяжу.

Прыйшлі падтрымаць наш калектыў і зоркі Горкаўскага тэатра, чые гастролі ў Вільнюсе распачаліся толькі наступным днём: народны артыст СССР, народны артыст Беларусі Расціслаў Янкоўскі і народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч.

- Я ўлюбёны ў літоўскую сталіцу яшчэ з першых гастролей разам з нашым тэатрам у ёй! А цяпер мы прывезлі два нядаўнія спектаклі "Пане Каханку" і "Праўда - добра, а шчасце лепш". Як успрыме іх глядач? Мяркую, што яны спадабаюцца вільнюсцам...

І сапраўды, Расціслаў Іванавіч як у ваду глядзеў: у сценах Рускага драматычнага тэатра Літвы горкаўцы два дні літаральна купаліся ў авацыях пры поўным аншлагу.

 ■ ■ ■

 Што яшчэ чакае літоўскіх сяброў у рамках Дзён культуры Беларусі? Наперадзе, акрамя гастролей Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь, - выстаўка карцін Вітольда Бялыніцкага-Бірулі са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных 90-годдзю заснавання Беларускага музея Івана Луцкевіча, вялікая кінапраграма, што распачалася стужкай "Брэсцкая крэпасць"... Віцэ-міністр культуры Літвы Дэйвідас Стапонкус сказаў пра гэтую шырокую праграму: "Мы маем сапраўды ўнікальны шанц спазнаць беларускую культуру: музыку, кіно, тэатр, выяўленчае мастацтва..."

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Вільнюс - Мінск

Фота аўтара

 

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах