Цуд Рэнесанса ў ХХІ стагоддзі

№ 37 (1008) 10.09.2011 - 16.09.2011 г

На плошчы Свабоды мінакі са здзівам спыняюцца, не даючы веры сваім вачам. Яшчэ не так даўно насупраць ратушы была непрыкметная пустка, потым — будаўнічы рыдван, год таму над ім нясмела пачалі ўзнімацца сцены... І вось, ужо сёння мы можам бачыць свежаатынкаваную камяніцу, і выглядае яна, нібы казачная. І сапраўды, зусім нядаўна царкву Святога Духа выпадала лічыць тым помнікам спадчы- ны, які даўно і незваротна страчаны. Але ўжо неўзабаве яна стане “новай старой” ад- метнасцю Мінска. Яе своеасаблівая “прэзентацыя” з удзелам старшыні Мінскага гар- выканкама Мікалая Ладуцькі — адна з найважнейшых падзей сёлетняга Дня горада. Наведаўшы гэты знакавы аб’ект за тыдзень да адкрыцця, карэспандэнты “К” сталі сведкамі “апошніх штрыхоў” яго паўстання. Уніяцкая царква Святога Духа набыла свае пазнавальныя рэнесансавыя абрысы ў 30-х — 40-х гадах ХVIІ стагоддзя. І ўжо тады сталася адной з галоўных адметнасцей Мінска, бо захапляцца папраўдзе было чым! Але праз два стагоддзі вытанчаная пластыка фран- тона ў духу Паўночнага Адраджэння была страчана: царкву ў некалькі “заходаў” пе- рабудавалі ў звыклым для той эпохі рэтраспектыўна-рускім стылі. А яшчэ праз стагод- дзе храм быў узарваны... На гэтым, здавалася б, можна паставіць тлустую кропку ў яго гісторыі. Але, ужо ў наш час, царква была адроджана з нябыту, прычым менавіта ў тым выглядзе, у якім за- помнілася ўсім “турыстам” часоў Вялікага Княства.

/i/content/pi/cult/341/6325/7-1.jpgСвятое месца быць  пустым не павінна  

Ля фасада адноўленай царквы сустракаем галоўнага інжынера КУП "Мінская спадчына" (якое выступіла ў ролі заказчыка) Міхаіла Жыха і галоўнага архітэктара і навуковага кіраўніка праекта Сяргея Багласава. Насуперак вядомай прыказцы пра "апошнюю ноч перад іспытам", выгляд у іх спакойны ды задаволены. Бо пастаўленыя задачы (звышскладаныя як у архітэктурным, так і чыста ў тэхнічным аспекце) ужо бездакорна вырашаны.  

І сапраўды, мы маглі самі лёгка пераканацца, што рабочыя будаўнічых спецыяльнасцей шчыравалі хіба над дробнымі "даробкамі", паступова саступаючы месца прыбіральшчыцам. Праца адбывалася "ў тэмпе алегра", але зусім без прыкмет аўралу.   

Абышоўшы вакол будынка, можна з прыемнасцю пераканацца, што дбайна адноўлены быў не толькі яго рэнесансавы фасад, але і гатычная апсіда. А ў вузкія стромыя вокны цудоўна ўпісаліся  цыкл вітражоў Валерыя Даўгалы "Музыка Рэнесанса". Тэматычна яны дапасаваны менавіта да сучаснай функцыі камяніцы- дзіцячай філармоніі. Як і яшчэ адзін размешчаны ўнутры яе твор мастацтва- карціна "Спадчына" Уладзіміра Тоўсціка.  

- Гэта месца,  дзе мінуўшчына і будучыня нібы сустракаюцца, - распавядае пра свой твор аўтар. - Вось і на карціне можа ўбачыць музыкантаў эпох антычнасці, Рэнесанса, моцартаўскіх часоў... Але ў цэнтры кампазіцыі - сучасныя дзеці, прадстаўнікі таго пакалення, што толькі ўваходзіць у свет сур'ёзнай класічнай музыкі, не раўнуючы, бы выхаванцы тых навучальных устаноў, якія месцяцца непадалёк адсюль. І менавіта за імі - наступнае слова...  

/i/content/pi/cult/341/6325/7-2.jpgЯк адзначыў мастак, дзякуючы паслядоўнай і карпатлівай працы архітэктара Сяргея Багласава, быў адроджаны яшчэ адзін вельмі важны фрагмент Старога горада:  

- Так, гэта "навадзел", але ж згадайма, што "з нуля" адбудоўваліся і многія знакавыя помнікі спадчыны Варшавы, Дрэздэна, іншых гарадоў. У супраціўленні руйнавальнаму поступу гісторыі сучаснікі выяўляюць павагу да мінуўшчыны, да сваіх каранёў.  

Думаецца, ніхто яшчэ не забыўся, як непрэзентабельна выглядала Плошча Свабоды ўсяго гадоў пятнаццаць таму. Але ўжо на той час існаваў праект рэгенерацыі гістарычнага цэнтра Мінска. І неўзабаве, крок за крокам, ён пачаў ажыццяўляцца. Дом фізкультуры пераўвасобіўся ў дзівосную Архікатэдру Найсвяцейшай Панны Марыі, аднавілася з нябыту мінская ратуша, вярнуў сваё старадаўняе аблічча і Гасцінны двор...   

Як адзначыў Міхаіл Жых, аднаўленне Святадухаўскай царквы стала чарговым лагічным крокам у вызначаным напрамку. Лагічным -  і, бадай, непазбежным.  

/i/content/pi/cult/341/6325/7-3.jpg- Яно абумоўлена самой горадабудаўнічай сітуацыяй, - тлумачыць галоўны інжынер, -  бо гістарычнае аблічча Верхняга горада нельга ўявіць без згаданых чатырох складнікаў.

- Яны ўтвараюць падоўжную і папярочную планіровачныя восі шыкоўнага горадабудаўнічага ансамбля, - удакладняе Сяргей Багласаў. - І дзякуючы аднаўленню царквы ён ізноў набыў сваю цэласнасць...  

Прычым храм быў адноўлены не толькі на сваім гістарычным месцы, але і менавіта ў гістарычным выглядзе, як таго і патрабуе Рыжская хартыя аб аўтэнтычнасці і гістарычнай рэканструкцыі аб'ектаў спадчыны. Пагадзіцеся, справа не з простых, асабліва калі ўлічыць, што першыя фотафіксацыі выяўляюць царкву ўжо пасля яе грунтоўнай перабудовы.

- Затое захаваліся абмерныя чарцяжы, зробленыя перад рэканструкцыяй царквы ў 30-я гады ХІХ стагоддзя, - распавядае Сяргей Багласаў. - Пошукі ў архівах дазволілі знайсці яе тагачасныя выявы на малюнках і гравюрах. Немалы плён для архітэктараў прынеслі таксама і археалагічныя раскопкі: дзякуючы ім мы даведаліся пра абрысы і прапорцыі будынка...  

Археолагам удалося выявіць і аўтэнтычныя падмуркі храма XVII стагоддзя, якія доўгі час захоўваліся ў зямлі літаральна пад нашымі нагамі.  

- Для нас было важна таксама і правесці кансервацыю ды музеефікацыю гэтых гістарычных рэліквій,- кажа Сяргей Багласаў.  

І неўзабаве іх здолее ўбачыць кожны ахвотны- у адмысловай вітрыне, размешчанай у падвальнай частцы будынка.  

Вібраізаляцыя  для філармоніі

Рашэнне аб новым функцыянальным прызначэнні адбудаванай царквы было прынята адразу па ўзнікненні самой задумы - яшчэ ў 1988 годзе. У Верхнім горадзе мелася паўстаць новая канцэртная зала -  своеасаблівая "дзіцячая філармонія".  

Але неўзабаве выявіліся некаторыя немалаважныя акалічнасці. Пад будынкам праходзяць ажно два тунэлі метро - а ў Мінску яно, як вядома, зусім неглыбокае. Натуральна, грукат цягнікоў вельмі кепска спалучаецца з класічнай музыкай.  

- Каб пагасіць негатыўны ўплыў шуму і вібрацыі, была зроблена адмысловая сістэма шумаабароны, - распавёў Міхаіл Жых. -  Прычым гэтыя канструкцыі былі не толькі ўстаноўлены, але ўжо і выпрабаваны. Цягам усяго перыяду будаўніцтва за імі ажыццяўляўся няспынны маніторынг. І яго вынікі дазваляюць спадзявацца, што метро не здолее сапсаваць настрой наведвальнікам філармоніі.  

- Мы знаходзімся ў будынку амаль пастаянна, і ніякай вібрацыі тут не адчуваецца, - пацвярджае прадстаўнік арганізацыі-генпадрадчыка - начальнік будаўнічага ўпраўлення "Будтрэста № 1" Міхаіл Саскавец. - А ўвогуле, ці  ведаеце вы, што пад усім будынкам усталявана маналітная жалезабетонная пліта таўшчынёй у 70 сантыметраў? На ўзроўні падвала яна абапіраецца на спецыяльныя амартызатары. І менавіта таму наведвальнікі канцэртаў не пачуюць "непажаданы акампанемент"...

Зрэшты, упершыню спраўдзіць эфектыўнасць згаданых вышэй мер можна ўжо ў дзень адкрыцця канцэртнай залы - пад час выступлення Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, якое заяўлена ў праграме.   

/i/content/pi/cult/341/6325/7-4.jpg- Дарэчы, і пад старажытнымі падмуркамі зроблена адмысловая "бетонная падушка", - дадае Міхаіл Саскавец. - Увогуле, я працую ўжо далёка не першы год, але ж шмат якія работы гэтым разам даводзілася выконваць упершыню...  

Натуральна, што ўсе складанасці, з якімі давялося сутыкнуцца пры ўзвядзенні гэтага зусім не "тыпавога" будынка,  не вычэрпваюцца адно вібраізаляцыяй.   

- Адна справа - будаваць "у чыстым полі", дзе ёсць нармальныя пад'язныя шляхі і няма ніякіх перашкод, каб задзейнічаць тэхніку любых магутнасцей, а зусім іншая - у шчыльна забудаваным гістарычным цэнтры, - кажа Міхаіл Жых. - І таму  мы ўпэўнены, што на такіх аб'ектах павінны працаваць менавіта вузкапрофільныя падрадныя арганізацыі са сваёй вытворчай базай і падрыхтаванымі кадрамі. Сёння, на жаль, такой спецыялізацыі няма. І таму часцяком даводзіцца "вучыць рэстаўрацыі" звычайных будаўнікоў...    

Тым не менш, і галоўны архітэктар праекта, і прадстаўнік арганізацыі заказчыка станоўча ацанілі высілкі непасрэдных "аднаўляльнікаў" царквы.  

Самаакупная  адметнасць

Намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Юрый Максіменка выказаў спадзевы, што новы будынак неўзабаве стане папулярнай у горадзе канцэртнай пляцоўкай "камернага фармату", спецыялізаванай менавіта на дзіцячай творчасці. Яе ўласнік - "Мінская спадчына" - перадасць камяніцу ў бескаштоўную арэнду ўпраўленню культуры, і непасрэдна распараджацца ім будзе дзяржустанова "Мінскканцэрт".  

- Мяркуецца, што канцэртная зала мае існаваць на прынцыпах самаакупнасці, - дадаў  Юрый Максіменка. - Да таго ж, яна будзе задзейнічана для правядзення важных гарадскіх мерапрыемстваў.  

І сапраўды, такому аб'екту проста наканавана стаць шматфункцыянальным: і адметнасцю, якая цешыць вока турыстаў, і ўстановай культуры...

Кульмінацыяй адкрыцця будзе шлюбная цырымонія дзесяці пар - па адной з кожнага раёна Мінска. Без сумневу, фотасесіі на фоне гэтага будынка ўжо неўзабаве стануць неад'емным пунктам многіх сталічных вяселляў.