“Атрымаў я, браток, тваё пісьмо…”

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

“Пабачыць хоць адно дрэўца, што колісь садзілі…”

/i/content/pi/cult/339/6302/8-3.jpgДзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа падрыхтаваў да Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах адмысловую выстаўку "Дарогамі майго юнацтва", якая ахоплівае перыяд прабывання пісьменніка на Брэстчыне. У ёй будуць прадстаўлены прыжыццёвыя выданні творцы, яго фота пачатку ХХ стагоддзя, мастацкія творы, прысвечаныя "палескаму перыяду", асабістыя рэчы, рукапісы, нататкі класіка, які ў той час захапляўся зборам фальклору ды этнаграфічнага матэрыялу... І да ўсяго - адзін з найцікавейшых экспанатаў - ліст колішняга вучня Коласа Міхаіла Занькі да класіка беларускай літаратуры.

Гэты ліст знаходзіцца ў адкрытым доступе - у экспазіцыі музея, датаваны ён 1950 годам, калі Колас - ужо прызнаны класік, заклапочаны, у тым ліку, і новымі абавязкамі: ён працуе ў Акадэміі навук, выступае як актыўны грамадскі дзеяч - вядома, мае ўсе падставы не адказаць на ліст з Люсіна. Тым не менш, Колас не быў бы Коласам, калі б пакінуў вестачку з месца яго "першых выпрабаванняў" без адказу.

 Што цікавага ў гэтай перапісцы? Папершае, даты на лістах Міхаіла Занькі і Коласа пазначаны адпаведна як 12.02.1950 і 02.02. 1950. Гэта сведчыць, што ліст Коласа быў напісаны раней за Занькаў, а значыць перапіска мае, як мінімум, тры лісты. Першы, ад колішняга вучня, мабыць, з прывітаннем Коласу і просьбай даслаць апавяданне, потым - адказ Канстанціна Міхайлавіча, і трэці- зноў ад палешука з адказамі на пытанні класіка. У такім парадку адкрываюцца дадатковыя канатацыі гэтай невялічкай, як сёння б сказалі, віртуальнай размовы настаўніка і яго былога вучня. Колас узгадвае, пытаецца "пра сваіх" і канстатуе, што час змяніўся, забраўшы з сабой многія надзеі і памкненні, прынесшы разам са славай нямала турбот. Міхаіл Васільевіч у адказ паміж радкамі захаплення пісьменнікам паведамляе яму тую ж праўду: многія знаёмыя і блізкія з тых часоў дарагой маладосці сышлі з жыцця.

 У якасці яшчэ адной важнай дробязі - арфаграфія Міхаіла Васільевіча. Ён піша на сумесі рускай і беларускай моў з выкарыстаннем у графіцы літары "щ".

Па сутнасці, гэта перапіска - своеасаблівая туга па "залатой пары" маладосці.

Лісты падаюцца ў храналагічным парадку з захаваннем аўтарскай арфаграфіі і лексікі.

"Дарагі Міхаіл Васільевіч!

Атрымаў я, браток, тваё пісьмо. Я вельмі рад прыгадаць былое, свае маладыя гады, сваю першую школу, дзе я быў настаўнікам, і сваіх вучняў, у тым ліку і цябе, мой дарагі Міхалка. Многа гадоў прайшло з таго часу. Многа ўсякіх падзей і змен у жыцці адбылося за гэты час. Люсіна я ніколі не забуду. Я памятаю Люсінскую школу. Каля школы стаяў высачэнны крыж.

Не ведаю, што з ёю сталася зараз. Напэўна, яна струхлела, а на яе месцы стаіць другая, новая, болей прасторная. Помню я і сваю бабку Мар'ю, яе сына Грыгора. Грыгор, пэўна, жыве, а старая Мар'я, як мне думаецца, даўно ўжо развіталася з гэтым светам. Помню я і дом падлоўчага, пана Баранцэвіча, і яго сям'ю. Напэўна, хто-небудзь з іх яшчэ і жыве. І я стаў старым чалавекам. Усё думаў паехаць, пабываць на месцы і ўсё пабачыць сваімі ўласнымі вачамі. А цяпер для мяне такія паездкі не пад сілу. За апошнія тры гады многа разоў хварэў на запаленне лёгкіх. А цікава б было пабачыць хоць адно дрэўца, што колісь садзілі мы вакол Люсінскай школы.

Перадай, браток, маё шчырае прывітанне ўсім, хто помніць мяне.

 Вершаў дасылаць мне не трэба: у мяне вельмі мала часу і сілы, каб апрацоўваць іх.

 Пражылі мы не малое жыццё. Дачакаліся ясных дзён новага жыцця. Будзем жа ў меру сваіх сіл рабіць усё, каб зрабіць наша жыццё яшчэ болей ясным, светлым і шчаслівым.

Крэпка цісну руку.

 Якуб Колас, 2. 02.1950 г."

 І вось другі ліст (падаём яго з арыгінальнай лексікай, арфаграфіяй і графікай):

"Высока оцэнемному мною, і знакомымі і ведающімі Вас. Прывет от нас Вам Якуб Колас.

Щыра дзякую Вам за Вашае пісьмо Занько Міхаіл Васілёў. Гарачае прывітанне ат мяне і Вашай сям'і - жонцы, і сынам, і дачкам. Жэлаю гэтакай мудрасці, якая ў Вас, і щаслівых гадоў жыцця пад сонцам на зямлі.

Мы першыя вучні Вашы вельмі рады, што Вы прыслалі нам апавяданне на наша атважнае пісьмо, што мы рашылі напісаць Вам. Мы не можам ацаніць Вас Якуб Колас! Мы ацэніваем Вас Якуб Колас да гр. Л.Н. Толстого. Вучняў мала асталося. Вашых чалавек 5: то паўміралі, то на вайне пагіблі. Старык Круглы Раман, які быў стараста, які Вы вучылі, ящэ жыве. Старожкі бабкі Мар'і даўно ўжо няма, а сын Рыгор тожа ўжо як чатыры гады як памёр. Хаты пана Баранцевіча няма. На том месці сям'я яго былах [...] Толькі чутно жывець Ядвіга і Кабрынька, а сына маладзейшага з даўняе вайны Чэслава не стала. 12. 02. 1950г."

 Замест P.S.

 Па ўспамінах многіх вучняў, калі люсінцы чакалі ў 1902 годзе прыезду настаўніка, усе звярталі ўвагу на тое, наколькі дужы гэты чалавек. Калегі Коласа па цэху і ў тыя часы вельмі часта білі сваіх вучняў, і таму дзеці, у першую чаргу, глядзелі на рукі новага настаўніка. "І для ўсіх было вялікае дзіва, што Колас не толькі нікога не кранаў,- распавядае загадчык аддзела навуковай прапаганды Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Настасся Трафімчык,- але і размаўляў з дзецьмі на роўных, ціха і спакойна ўсё тлумачыў. І няма нічога незвычайнага ў тым, што яго падыход да людзей прыцягваў да сябе не толькі дзяцей, але і дарослых. І прыклад гэтай перапіскі пацвярджае: Колас для люсінцаў быў чалавекам, якога цяжка забыць. Як і для Коласа - забыць Люсіна. Тое, як рэагуе ўжо прызнаны, вядомы пісьменнік на гэту вестку, звяртаючыся да свайго былога вучня "Дарагі Міхаіл Васільевіч!" - аніяк іначай! - ці ж гэта не паказчык шырыні яго душы і стаўлення да людзей?

Выстаўка з музея Якуба Коласа "Дарогамі майго юнацтва" ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі прадоўжыцца да 15 кастрычніка.

Дарэчы

 У наступным годзе спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння класіка слова. І Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ўжо сёння рыхтуецца да юбілею. У прыватнасці, гэтым летам установа заключыла дамову аб супрацоўніцтве з Музеем Хелмінскай зямлі ў Польшчы, дзе зараз праходзіць выстаўка "Зямля - аснова ўсёй Айчыны", якая распавядае пра постаць беларускага Песняра.

Як паведаміла дырэктар музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская, новыя партнёры мусяць прыехаць з візітам адказу ў Мінск на "Каласавіны".

 Гэтаксама музей ужо зараз заключыў дамовы аб супрацоўніцтве з варшаўскім музеем польскага паэта Уладзіслава Бранеўскага, які ведаў Якуба Коласа і бываў у яго доме. Вядуцца перамовы аб сумесных мерапрыемствах і з Літаратурным музеем А.С. Пушкіна ў Вільнюсе.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"