Саната родам з Любчы

№ 36 (1007) 03.09.2011 - 09.09.2011 г

Набокаў. Музычны бок прозвішча па-беларуску

/i/content/pi/cult/339/6299/11-1.jpg Кампазітар Мікалай Набокаў (1903 - 1978) - стрыечны брат знакамітага пісьменніка Уладзіміра Набокава. Нарадзіўся ён у Любчы, што на Навагрудчыне. І хаця пакінуў Беларусь яшчэ ў 8-гадовым узросце, стаўшы, пасля шматгадовых блуканнях па Еўропе (7 краін, 38 пераездаў), аўтарам першага амерыканскага балета і сусветна вядомым музычным дзеячам, беларускасць захавалася ў ім на генным узроўні. У гэтым пераканаліся ўсе, хто наведаў Музычны фестываль памяці Набокава, які прайшоў у Мірскім замку і, на наступны дзень, у Любчы. А ганаровымі гасцямі на ім былі нашчадкі кампазітара з Германіі і Вялікабрытаніі - прадстаўнікі роду Святаполк-Мірскіх.

Арганізатарамі свята выступілі Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах UNESCO, Міністэрства культуры краіны, Навагрудскі райвыканкам... На ўрачыстасцях прысутнічалі міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу. Цягам двух дзён адбыліся тры канцэрты з твораў Набокава (два ў Мірскім замку - у двары і ў Партрэтнай зале, адзін- у двары замка ў Любчы), гучалі ўрыўкі з яго мемуараў. Старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімір Шчасны і доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава распавядалі і пра самога кампазітара, і пра тое, як рыхтаваўся гэты фестываль.

Сапраўды, спрычыніліся да яго адразу некалькі зацікаўленых беларускіх музыкантаў, якіх быццам сам лёс вёў да Мікалая Набокава. Кіраўнік ансамбля салістаў "Вытокі" Аляксей Фралоў сутыкнуўся з гэтым іменем яшчэ на досвітку сваёй музычнай кар'еры. У адной з бібліятэк у Польшчы, збіраючы матэрыялы для будучай дысертацыі, ён адкрыў адну з амерыканскіх энцыклапедый, і першым прозвішчам у ёй на літару "Н" быў менавіта Мікалай Набокаў, пра якога тады ніхто ў нас не чуў. Хіба музыказнаўцы, якім даводзілася займацца творчасцю Ігара Стравінскага, маглі ведаць, што сярод яго біёграфаў быў Набокаў. Цікава, што нават сучасны Музычны слоўнік Гроўва, створаны на аснове Брытанскай музычнай энцыклапедыі і выдадзены ў перакладзе на рускую мову ўжо ў 2000-я, называе Мікалая Набокава "амерыканскім кампазітарам рускага паходжання": мабыць, ніхто асабліва не звяртаў увагі, дзе ж знаходзіцца тая Любча. І хаця з канца 1990-х пачалі патроху друкавацца пераклады кнігі М.Набокава "Багаж. Мемуары рускага касмапаліта" (на сёння яна выдадзена цалкам і існуе нават у варыянце аўдыякнігі працягласцю больш за 9 гадзін), яго музыка не гучала, бо ноты заставаліся за акіянам.

Каталізатарам цяперашняй прэзентацыі творчасці кампазітара на яго радзіме сталі сваякі Набокава, якія марылі пабываць у сваіх колішніх радавых маёнтках. Пані Ірэна СвятаполкМірская прыехала з Германіі разам са сваёй дачкой, зяцем і ўнукам. І перадала Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі пачак нот свайго знакамітага стрыечнага дзядзькі. Акрамя таго, яна прывезла шматлікія фотаздымкі Мікалая Набокава розных гадоў, каб у краязнаўчым музеі, які плануецца адкрыць у Любчы, таксама былі матэрыялы пра сусветна вядомага ўраджэнца гэтых мясцін. З падарункамі завітала ў Мір і пані Марыя Святаполк-Мірская з Лондана, якая ўжо не ўпершыню перадае ў палац каштоўныя рэчы.

Але такі разгорнуты паказ твораў М.Набокава адбыўся і дзякуючы нашаму знакамітаму піяністу, лаўрэату міжнародных конкурсаў Юрыю Блінову, які апошнім часам жыве не толькі ў Беларусі, але і ў Амерыцы. Падчас адной з такіх вандровак ён і зрабіў нотныя копіі ў адным з архіваў штата Тэхас. Пералажэнні асобных нумароў з балета "Мірны саюз" (1943), які быў напісаны для трайнога складу сімфанічнага аркестра, выканаў беларускі кампазітар Дзмітрый Лыбін.

І выкананне адразу вызначыла набокаўскія хіты, якія па просьбе слухачоў і пры вялікім задавальненні саміх музыкантаў былі паўтораны. Імі аказаліся балетныя фрагменты, у якіх адразу "чыталіся" яркія, рытмічна пругкія, відавочна джазавыя тэмы - як аказалася, напаўзабытыя амерыканскія фальклорныя мелодыі, запісаныя тамтэйшымі даследчыкамі ў канцы ХІХ стагоддзя. Кожны з канцэртаў завяршала сярэдняя п'еса (1928 г.) з цыкла "Тры танцы". Настальгічна шчымлівая, падобная да песенна-рамансавых мелодый Аляксея Туранкова ці Рыгора Пукста - нашых кампазітараў першай паловы ХХ стагоддзя, яна як нельга лепей перадавала тугу кампазітара, у якой ён амаль не прызнаваўся на словах. Два другія танцы (1929), калі не ведаць імя аўтара, таксама можна прыпісаць камусьці з беларускіх кампазітараў. У іх літаральна чуюцца "Фантастычныя танцы" Яўгена Глебава канца 1950-х, авангардныя Фартэпіянныя прэлюдыі Ігара Лучанка пачатку 1960-х, шматлікія творы Кіма Цесакова, пачынаючы з 1970 - канца 1960-х гадоў і да нашага часу. Яшчэ больш шырокае кола асацыяцый узнікала ад чатырохчасткавай Фартэпіяннай санаты (1940) і найскладанай двухчасткавай Санаты для фагота і фартэпіяна (1942), якія, падобна на тое, увогуле не гучалі ніколі раней. Апошні твор, у якім бліскуча саліраваў А.Фралоў, можа папоўніць залаты фонд беларускай канцэртна-віртуознай спадчыны: падобных твораў для фагота ва ўсім свеце ствараецца мала. Гэта Саната, на думку выканаўцаў, "бясспрэчна, стаіць у шэрагу лепшых у фаготавым рэпертуары ХХ стагоддзя і павінна набыць значна большую вядомасць".

Фестываль было вырашана зрабіць традыцыйным, максімальна пашыраючы яго рамкі: Мікалай Набокаў і Стравінскі, Набокаў і Сяргей Дзягілеў, Джордж Баланчын... Пэўна, назіраючы на такім фестывалі сувязі сям'і Набокавых з беларускай музыкай, было б няблага ўзгадаць і дзве оперы Вячаслава Кузняцова: паводле "Запрашэння на пакаранне" і "Лаліты" Уладзіміра Набокава. Не ўсе ведаюць, што гэты беларускі кампазітар нарадзіўся, воляй лёсу, у Вене, дзе служыў яго бацька-вайсковец. Цікава, ці адбудзецца там "вяртанне на радзіму" яго твораў? Між іншым, гэта магла б быць, як з санатамі М.Набокава, сусветная прэм'ера: у Беларусі гэта музыка пакуль не гучала.

На здымку: удзельнікі і слухачы фестывалю ў Любчы.

Фота Сяргея МАХАВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"