Кожнаму бадай вядомае літаратурнае трыа Янкі Брыля, Алеся Адамовіча і Уладзіміра Калесніка, чыімі намаганнямі створана знакамітая кніга-рэквіем "Я з вогненнай вёскі". І паўстала яна з соцень кіламетраў праезджаных і пройдзеных дарог па ўсёй Беларусі, з тысяч метраў магнітафоннай стужкі, дзясяткаў фотакадраў. Цяпер жа гаворка пойдзе таксама пра літаратурнае трыа, толькі з крыху іншым складам удзельнікаў...
Але напачатку пра кнігу. Яна запомнілася не толькі шчымлівымі аповедамі ахвяр "вогненных вёсак", але і здымкамі аднаго з сааўтараў - Уладзіміра Калесніка. Калі вы гарталі самае першае выданне, мяркую, лепшага вызначэння, чым "без каментарыяў", і не падбярэш. Настолькі фота жорсткія ў праўдзе і бядзе іх герояў.
Але знакаміты прафесар Брэсцкага педінстытута, слынны літаратурны крытык, кіраўнік абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР Уладзімір Калеснік фіксаваў на плёнку (улюбёнае хобі!) многія і многія моманты жыцця. А яшчэ здымаў сяброў, з кім вандраваў па дарагім сэрцу Палессі. У адно з падарожжаў, улетку 1962-га, разам са сталым "кампаньёнам" Брылём быў запрошаны і прафесар мовазнаўства, доктар філалогіі, пісьменнік, тонкі стыліст Фёдар Янкоўскі. Напамінам пра паездку стаў невялічкі, у бардовай рыфлёнай вокладцы, альбом, падораны прафесарам-літаратуразнаўцам прафесару-мовазнаўцу.
Палессе ў аб'ектыве Калесніка перад намі паўстае ў нерушы сваёй аўтэнтыкі: бусел тут на чаротавым даху, човен, высечаны з цэльнага дрэва, плыве па рацэ побач з маторным катарам "Мазыранка", за штыкетнікам бачныя абрысы новага заводскага корпуса, у небе над ім лунае самалёт, а побач стаіць крыж, увесь у ручніках... Распачынаецца ж альбом аўтографам: "А было вам, хлопцы, па 45 год. Ул.К.".
Цяпер гэты рарытэт-падарунак (а мо такі ж ёсць і ў нашчадкаў Янкі Брыля?) захоўваецца на кафедры беларускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка, дацэнт і колішні загадчык якой Павел Міхайлаў дапамог "К" прыадкрыць старонкі таленту і сяброўства выбітных постацей айчыннага пісьменства.
Дарэчы, часцяком Уладзімір Калеснік наведваў Ганцавіччыну, прысутнічаў на адкрыцці музея Якуба Коласа ў Люсіне, арганізоўваў тут літаратурныя святы, падтрымліваў творчасць мясцовых літаратараў...
На здымках: фота з альбома.