“Гліняны звон”: “тут і зараз”

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Івянец: майстэрства і новыя традыцыі

/i/content/pi/cult/335/6176/13-1.jpg

У шосты раз, пасля пяцігадовага перапынку, ў Івянцы прайшло абласное свята-конкурс "Гліняны звон". Ініцыяванае мясцовымі і абласнымі ўладамі ды Івянецкім музеем традыцыйнай культуры, яно сабрала на спаборніцтва-агляд 47 майстроў з 11 раёнаў Мінскай вобласці.

Збаночкі, званы, глечыкі, свістулькі... Мірскі замак з гліны, гліняны леў, рыцар, цмок, зубр, каралева - VI Абласное свята-конкурс "Гліняны звон" прапаноўвала сапраўднае падарожжа ў свет, поўны самых разнастайных насельнікаў. Вось хлопчык Аляксей з Івянца лепіць хату, Вячаслаў з Вілейкі - рыбу-кіта, а сямігадовая Валерыя з вёскі Таль Любанскага раёна - цэлую кампазіцыю з дзвюхвежавай брамай, пад якой праязджае на кані нейкі рамеснік...

У гэты дзень у горадзе ляпілі ўсе! На станку тачылі посуд прафесіяналы, аматары дэкаратыўнай лепкі "расстаўлялі акцэнты" на сваіх "барочных" творах, а хтосьці вырабляў музычныя інструменты.

Згодна з умовамі конкурсу, кожнаму майстру было дадзена тры гадзіны, каб "тут і зараз" прадэманстраваць свае ўменні і талент, стварыўшы адмысловы выраб. І не трэба было чакаць адпаведнага часу, каб хвіліна за хвілінай на конкурсным стале ўзнікалі майстацкія работы, пацвярджаючы ўзровень удзельнікаў спаборніцтва. Адна жанчына, трапіўшы на яго, нават намагалася купіць яшчэ не абпаленыя, сырыя, творы, міжволі пакідаючы кампліменты прысутным майстрам, а значыць - і сённяшняй ганчарнай справе.

 - Івянец заўжды быў знакаміты сваёй ганчарнай школай, слава аб якой у свае часы ішла далёка за межы горада,- тлумачыць гісторыю правядзення "Глінянага звону" майстар і член журы конкурсу Алег Раманоўскі.

Пазнаць івянецкую кераміку можна па зялёных і белых палосках на посудзе, удакладняе майстар. Гэты прыём носіць назву "фляндроўка" і менавіта ён лічыцца фірменным знакам мясцовых творцаў.

- Вельмі добра, што сёлетняе свята ладзілася ў Івянцы, багатым на ганчарныя традыцыі, - пацвярджае старшыня журы конкурсу, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута. - Яно падкрэсліла: пераемнасць культуры, традыцый у ганчарнай справе - адбываецца. Асабліва парадавала вялікая колькасць дзяцей, моладзі на форуме. Але, у той жа час, "Гліняны звон" выявіў і галоўную сучасную "хваробу" народнай творчасці: калі майстры ў першую чаргу вымушаны кіравацца правіламі рынку, а не законамі творчасці...

 З кожным святам назіраецца ўсё менш прадстаўнікоў ганчарнай справы сталага веку, звяртае ўвагу Яўген Сахута. Сёння "на сцэну" выходзяць ганчары сярэдняга пакалення, і ад іх далейшай працы і высілкаў залежыць, у які бок далей будзе развівацца ганчарная справа: у бок камерцыі альбо у кірунку захавання традыцый.

Але падстаў для аптымізму сёння больш. Адзін з лаўрэатаў конкурсу, малады ганчар Уладзімір Зялёнка (узнагароджаны ён за колькасць гліняных вырабаў, зробленых за вызначаны тэрмін), кажа:

- Я працую на Івянецкім заводзе мастацкай керамікі. Мне, натуральна, хацелася б адкрыць сваю майстэрню. Я люблю гліну - і не ўяўляю, што буду займацца чымсьці іншым.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Івянец - Мінск

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"