“Тут мая душа. Тут і шукайце мяне…”

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

“Бачыш дрэва і думаеш: а наша дрэва — іншае, неба — іншае...”

/i/content/pi/cult/334/6138/pic_39.jpg(Заканчэнне. Пачатак у №№ 27 - 30.)

 ...І яшчэ фрагмент з аповеду ахоўніка Марка Шагала: "Павінен сказаць, што да Шагала як мастака жыхары Віцебска ў цэлым ставіліся вельмі прыязна. Кожны, хто бачыў яго на вуліцы, жадаў з ім асабіста павітацца, зняць перад ім капялюш, альбо - яшчэ лепш - павітацца за руку. Хаця часам пасмейваліся над яго манументальнымі выявамі розных фантастычных жывёлін і людзей, якія ляцелі ў блакітных нябесных прасторах насустрач новаму жыццю. Праўда, хтосьці з абывацеляў успрымаў шагалаўскае мастацтва накшталт землятрусу, і ніяк не менш. Колькі разоў я начаваў у драўляным дамку Марка Захаравіча па вуліцы Пакроўскай, які яму часова далі гарадскія ўлады (гэта якраз насупраць дома яго бацькоў, дзе ён нарадзіўся). Там было два пакойчыкі: адзін - як майстэрня, дзе Шагал прымаў юных мастакоў, і другі - для адпачынку ад спраў праведных..." Для даведкі чытача: заслужаны дзеяч мастацтваў Казахстана В.І. Антошчанка-Аленеў пайшоў з жыцця ў чэрвені 1984 г. у АлмаАце. Пісьмовых успамінаў пра Шагала ён, на жаль, не пакінуў...

 29 ліпеня 1920 года Марк Захаравіч з розных прычын, у тым ліку з-за прынцыповага канфлікту з К.Малевічам і ягонымі сябрамі-супрэматыстамі, разам з сям'ёй выехаў у Маскву, не ведаючы пра тое, што назаўсёды развітваецца са сваім любімым горадам. Прарочымі аказаліся яго словы: "Я не здзіўлюся, калі пасля такой доўгай адсутнасці горад знішчыць мае сляды і не ўзгадае таго, хто... мучыўся, пакутаваў, аддаючы сябе мастацтву для народа, хто марыў ператварыць маркотныя дамы ў музеі, а абывацеля - у творцу. Я зразумеў тады, што няма прарока ў сваёй Айчыне". Так, спатрэбілася цэлых сем дзесяцігоддзяў для таго, каб імя найбуйнейшага мастака ХХ ст. вярнулася на яго Бацькаўшчыну...

"Калі ў 1922-м я апынуўся за мяжой, - пісаў Шагал,/i/content/pi/cult/334/6138/pic_40.jpg - дык адчуваў сябе дрэвам з выдранымі каранямі, якое вісіць у паветры... Я цярпеў ад цяжкіх пакут. Я выжыў і нават - калі параўнаць мяне з дрэвам - не пакінуў расці толькі таму, што ніколі не парываў духоўнай лучнасці з Радзімай". І сапраўды, ці не таму чарадзейны свет шагалаўскіх фантазій і гульняў, арганічна засвоены з маленства і выпакутаваны на чужыне, так заваёўвае ўсякага, хто ўваходзіць у яго, у гэты свет? Жыццё - цудоўнае, Бог - жартуе, ён смяецца і весяліцца. Падобныя словы вылучаюць шагалаўскую творчасць віцебскага перыяду. Не больш, але і не менш. Таму што свет мастака нібыта адпачатку хаваў у сабе неабходнасць палёту, і Шагал па Боскай падказцы маляваў толькі шчасце і прыгажосць.

Так, і ён таксама жартуе. Ён мог бы сказаць пра сябе словамі Францішка Асізскага: "Я - менестрэль Бога", або, па іншай транскрыпцыі, - Божы блазан. Бог забаўляецца, калі бачыць скрыпача на даху. Усміхаецца лунаючым у ружовым небе закаханым. Рагоча над збянтэжаным вознікам, зялёная кабыла якога, адарваўшыся ад калёс, сігае проста ў вохрыста-жоўтае неба... Людзі, каровы, цяляты, пеўні, козы, рыбы, вослікі з вялізнымі вачыма - усе аднолькава добрыя. Лётаць, лётаць, лётаць... Многае ў Шагала адбываецца ў небе.

Мне здаецца, што, ад урокаў "іканапіснага" вытанчанага каларызму, якія павінны былі ўраўнаважыць раннія ўражанні, атрыманыя ад віцебскага вулічна-крамнага жывапісу, Шагал успрыняў ідэю адзінага жывапіснага поля, складзенага з зямнога "нізу" і нябеснага "верху". Гэтая ідэя акрэсліла ягоную прасторавую канцэпцыю свету. Але што ён зрабіў з гэтымі кананічнымі паняццямі? Недасяжны "верх" - сіняе віцебскае неба, гранічнае ўвасабленне духоўнай святасці - ён засяліў і адамашніў, затое зямля часам робіцца недасягальнай для ягонага лірычнага героя. Узімку - віцебскі пейзаж выдатна паказаны з паднябесся. Персанажы Шагала не толькі мараць пра неба і цягнуцца да яго - яны лунаюць у паветраным акіяне разам са сваімі каровамі, козамі, скрыпкамі, пеўнямі, гадзіннікамі, братаючыся з анёламі. Неба Шагала - свабодная стыхія абдымкаў і пацалункаў, прытулак бяздомных, няшчасных, што блукаюць па сінім небе, як калісьці па грэшнай зямлі.

/i/content/pi/cult/334/6138/pic_41.jpg беларускім Віцебску, дзе крывыя хаткі туліліся адна да адной, асабліва не разгорнешся ні ўлева, ні ўправа, затое ў марах, у палёце любоўнай страсці, можна падняцца ў неба і, абняўшыся, лунаць у паветры. Скажам, дырыжор, скрыпач могуць быць прадстаўлены з галавой, што адасоблена ад шыі. Яны - у экстазе, іхнія думкі - у аблоках. Маладая пара пераможна лунае па-над Віцебскам - у іхніх душах выраслі крылы. У карціне "Дзень нараджэння", створанай у год шлюбу Шагала і Бэлы, абодва яны лётаюць па пакоі над чырвонай падлогай. Узляцець у чатырох сценах асабліва няма куды, і постаць мастака ў зялёнай кашулі, які лунае над Бэлай з букетам кветак, ненатуральна выгнулася, каб не зачапіцца галавою аб столь. Гэта яшчэ, па праўдзе, не палёт, а яго прадчуванне, так бы мовіць, шчаслівы "перадстартавы" стан, калі дух пачынае пераўтварацца ў пластычныя формулы...

Горы і пагоркі, зялёны скрыпач, які грае на белым даху дзівосную мелодыю, а над ім, раскінуўшы рукі, ляціць босы юнак; задуменныя каровы на блакітным полі, самотны вандроўнік-гаротнік з заплечнай торбай, які лунае па-над горадам; чырвонаскурая цялушка на даху; чалавек рухаецца наперад з тварам, павернутым назад; насценныя драўляныя гадзіннікі, які вылятаюць з бацькоўскага дома; аранжавыя аптэкі, жоўтыя крамы і бакалеі, цырульні, местачковыя могілкі, маляўнічыя сады і дарогі са спарахнелымі доўгімі платамі, белая нявеста, якая скача на кані па вольным паветры; анёлы, улятаючыя ў праём столі, - сіняватая правінцыйная любата, космас, што сышоў на зямлю. Усё гэта даўным-даўно адышло ў нябыт, але захавалася навекі на асляпляльных палотнах мастака. Космас душы - наіўнай, па-дзіцячы даверлівай і лёгкаранімай. Столькі прасторы і пранізлівага святла, што, здаецца, увесь свет заліты чароўным ультрамарынам!..

/i/content/pi/cult/334/6138/pic_43.jpgІ ўсё гэта - Марк Шагал, іранічны і добры казачнік, фантаст,/i/content/pi/cult/334/6138/pic_42.jpg містык, стваральнік уласнай і дзіўнай карціны, дзе злучыліся незлічоныя ніці духоўнага вопыту і старажытнай памяці чалавецтва. Ці не выклікае ўсё гэта ў памяці "сюррэалістычныя" вобразы Босха, Гофмана, Гогаля і нават Эдгара По? З паэзіі Шагала: "Во мне растут зеленые сады,/ Нахохленные, скорбные заборы,/ И переулки тянутся кривые..."

У 1948 г. Шагал пісаў у Аржэвале (прыгарадзе Парыжа): "Бачыш дрэва і думаеш: а наша дрэва - іншае, неба - іншае. Усё не тое, і з гадамі гэтыя параўнанні, як кажуць, дзейнічаюць табе на нервы... З гадамі ўсё больш і больш адчуваеш, што сам ты - "дрэва", якому патрэбны свая зямля, свой дождж, сваё паветра... І я пачынаю думаць, што калі-небудзь, спадзяюся, у хуткім часе, выберуся прыехаць, асвяжыцца, на радзіму і папрацаваць у мастацтве..."

За пяць гадоў да смерці творцы: "Так, я заўсёды ўзгадваю свой горад, і ён - амаль на ўсіх маіх карцінах... Я працягваю працаваць і пры гэтым працягваю любіць усё, што ў маёй памяці і душы..." За тры гады да смерці: "Я, як заўсёды, працую - як жа інакш? Праўда, сяджу ў Сэн-Полі і амаль не выязджаю. Але мая радзіма - заўсёды на маіх карцінах..." Гэта была нейкая непрытомная любоў, нейкае насланнё, ад якога ён не мог пазбыцца да апошніх сваіх дзён. Ды і не спрабаваў гэтага зрабіць. Магчыма, так сумавалі па сваёй радзіме Бунін і Набокаў, трызніўшыя сваёй вёскай і сваімі шляхецкімі гнёздамі; Дантэ - па Фларэнцыі, Максім Багдановіч - па Беларусі...

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"