База даных ініцыятыў

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Валанцёрства ў розных вымярэннях

/i/content/pi/cult/334/6127/pic_30.jpgТэма валанцёрскага руху апынулася ў цэнтры ўвагі СМІ на гэтым тыдні. Зрэшты, тое не дзіва. Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка неаднойчы падкрэсліваў, што клопат пра ахову і адраджэнне гістарычнай спадчыны не павінен быць ускладзены толькі на плечы дзяржавы - да гэтага глабальнага пачыну могуць прыкласці свае рукі ды сэрца і простыя грамадзяне. Лета - не толькі час студэнцкіх вакацый, але і перыяд працы валанцёрскіх летнікаў. Да традыцыйных "пунктаў збору" сёлета далучыліся новыя. Прыкладам, 1 жніўня распачне сваю працу летнік у Гальшанах. Яго арганізатарам з'яўляецца Беларускае бюро ICOMOS - Міжнароднага савета па ахове помнікаў і гістарычных мясцін, якое таксама бярэ на сябе функцыю своеасаблівага "інфармацыйнага цэнтра" разнастайных валанцёрскіх ініцыятыў. Пра валанцёрства ў яго розных аспектах мы гутарылі з намеснікам старшыні арганізацыі Цімохам АКУДОВІЧАМ. 

- Сёлета мы ўпершыню паставілі перад сабой задачу акумуляваць інфармацыю пра ўсе запланаваныя на лета валанцёрскія ініцыятывы, каб ахвотныя маглі загадзя выбраць, да якой ім далучыцца. Таму ў чэрвені быў падрыхтаваны і размешчаны ў Інтэрнэце "зводны спіс" летнікаў. У ім - дзесяць пазіцый. Колькасць лётнікаў паступова павялічваецца, хай сабе і досыць марудна. Тое ж самае адбываецца і з іх удзельнікамі. Моладзь разумее: гэта цікава. Да таго ж, прафесійныя археолагі пачалі больш актыўна звяртацца па дапамогу валанцёраў. У сёлетнім спісе шмат раскопак. На жаль, у спіс не трапіла інфармацыя пра шматлікія лакальныя ініцыятывы. Прыкладам, настаўнік-краязнаўца гуртуе вакол сябе зацікаўленых вучняў...

- Дарэчы, а ці шмат такіх выпадкаў? Бо нярэдка назіраецца досыць дзіўная сітуацыя: моладзь з Мінска едзе праз многія кіламетры, каб зрабіць нейкую карысную справу, а вось мясцовыя жыхары хіба назіраюць за іх працай збоку...

- Так, тая моладзь, якая ўдзельнічае ў валанцёрскіх летніках, - гэта, збольшага, менавіта студэнты з Мінска. У чым прычына? Я не стаў бы адназначна сцвярджаць, што справа - толькі ў браку зацікаўленасці. Навідавоку і іншая праблема: неадладжаныя сувязі паміж сталічнымі валанцёрамі і мясцовай супольнасцю, у якой, без сумневу, ёсць і неабыякавыя да спадчыны людзі. Спадзяюся, што такая перашкода будзе пераадолена. Лічу, гэта проста пытанне часу.

- Валанцёрам "давяраюць" вельмі значныя аб'екты - загадайма той жа Крэўскі замак... Ці існуе небяспека таго, што людзі, якія не з'яўляюцца прафесіяналамі ў справе рэстаўрацыі, наробяць шкоды гэтым помнікам спадчыны?

- Без сумневу, такая небяспека ёсць. Прыкладам, праца валанцёраў па кансервацыі руін таго самага Крэўскага замка ў свой час выклікала крытыку сярод прафесіяналаў. Пэўныя пытанні былі таксама і да фонду "Любчанскі замак". Але, падкрэслю, яны не мелі глабальнага характару, і ніводнай сапраўды канфліктнай сітуацыі ў гісторыі валанцёрскага руху на Беларусі я нават і не прыгадаю. Патлумачыць апошняе вельмі проста: аматары-валанцёры заўсёды працуюць пад кіраўніцтвам і кантролем спецыялістаў і з дазволу Міністэрства культуры краіны, якое, дарэчы, дае гэтым ініцыятывам сапраўды "зялёнае святло". Плануючы сёлетні летнік у Гальшанах, мы вырашылі ўвогуле не чапаць замак, бо гэта вельмі складаны аб'ект. Затое, зоймемся, урэшце, закінутымі старымі моглікамі, дзе ёсць пахаванні пачатку ХІХ стагоддзя: нам хацелася б, па-першае, навесці там парадак, а па-другое - зрабіць поўны вопіс надмагілляў, стварыць своеасаблівую "базу даных" па тых продках, якія там пахаваны. На нашу думку, гэта вельмі актуальная інфармацыя, асабліва- у наш час, калі людзі цікавяцца сваёй генеалогіяй. Можа, з нашай дапамогай хтосьці здолее спасцігнуць гісторыю свайго роду? Уласна, я- да таго, што валанцёрам трэба рэальна ацэньваць свае сілы. І шчыра ставіць перад сабой пытанне: што я і мае паплечнікі могуць зрабіць? Прыбраць смецце? Натуральна! Пазабіваць дошкамі вокны ў закінутым палацы- таксама здолеем! Але калі гаворка вядзецца ўжо пра тое, каб накрыць гэты палац дахам...

- Прыклад таго ж Любчанскага замка, які аднаўляецца выключна рукамі валанцёраў, натхняе многіх на больш глабальныя справы, чым проста прыборка смецця...

- Згаданы вамі прыклад - унікальны, прычым не толькі ў беларускіх маштабах. Такі ўзровень удзелу валанцёраў у адраджэнні помніка спадчыны - з'ява выключная нават па сусветных мерках. Але ж тут паўстае пытанне: ці можа гэты выключны выпадак стаць нормай? І ці мэтазгодна гэта? Лічу, што не. Бо валанцёр - гэта энтузіяст, які дапамагае прафесіяналу, робячы працу, што не патрабуе спецыяльных навыкаў. Замяніць прафесіянала з адпаведнай адукацыяй і ладным досведам ён не здолее.

- Рэстаўрацыя - справа складаная, але ці могуць валанцёры аказаць помніку хаця б "першую медыцынскую дапамогу", выканаўшы яго прэвентыўную кансервацыю з дапамогай падручных матэрыялаў?

- Гэта залежыць ад аб'екта. Літаральна кожны з помнікаў спадчыны патрабуе адмысловага падыходу, і канкрэтныя пытанні можна вырашыць толькі на месцы. Бо часам нават самыя прымітыўныя работы не могуць адбывацца без удзелу прафесіяналаў - прыкладам, усталяванне часовага даху, а гэта, уласна, і ёсць аснова кансервацыі. Памылкі, зробленыя з найлепшымі намерамі, могуць прынесці помніку значную шкоду. Як мінімум, патрэбен архітэктурны праект...

- Але ж ён каштуе нямала...

- Да слова, калі мы ўжо прыводзім у прыклад Любчанскі замак: да яго адраджэння падключыліся прафесійныя архітэктары, і праектная работа вядзецца імі на вельмі сур'ёзным узроўні. На шчасце, многія маладыя прадстаўнікі гэтай прафесіі таксама гатовы да валанцёрскай працы. Таму такія праекты яны гатовы рабіць бясплатна.

- Ці лёгка арганізаваць свой летнік і што для гэта патрэбна?

- Сабраць людзей, па вялікім рахунку, нескладана: моладзь адгукаецца з цікавасцю. Галоўная праблема - вызначыць, што канкрэтна ты хочаш там зрабіць. Здавалася б, тут усё зразумела адразу: стаіць занядбаны помнік, трэба яго захаваць... Але калі пачынаеш разбірацца ў дэталях, выяўляецца шмат пытанняў. Таму ў першую чаргу трэба параіцца са спецыялістамі: не пабаяцца звярнуцца ў тое ж Міністэрства культуры, альбо ў адну з грамадскіх арганізацый, якая займаецца гэтай справай. У Міністэрства культуры звяртацца давядзецца ў любым выпадку - каб атрымаць дазвол на правядзенне работ. Наколькі я ведаю, спецыялісты ўпраўлення па ахове спадчыны і рэстаўрацыі заўсёды ідуць валанцёрам насустрач - у тым выпадку, калі іх планы - рэальныя, і яны прынясуць карысць. Наступны крок - гэта інфармаванне мясцовых улад.

- І як яны ставяцца да ініцыятыў?

- Па-рознаму. Часам вельмі зацікаўлена, часам - з прахалодцай. Я б адзначыў, што сітуацыя паступова змяняецца да лепшага. Дарэчы, у тых жа Гальшанах мясцовыя ўлады нам вельмі моцна дапамагаюць з пражываннем і харчаваннем.

- Чым кіруюцца людзі, якія пагаджаюцца працаваць фізічна ў свой вольны час?

- Абагульняючы, можна вылучыць некалькі матывацый. Перадусім гэта- імкненне зрабіць свой унёсак у захаванне таго або іншага помніка спадчыны. Прыехаў, убачыў, заклапаціўся - і зрабіў нешта канкрэтнае! Да таго ж, валанцёрскія летнікі- гэта цікавы варыянт адпачынку ў добрай кампаніі, а для некаторых- яшчэ і дадатковая магчымасць прафесійнай падрыхтоўкі. Я маю на ўвазе тых жа архітэктараў, а таксама будучых гісторыкаў ды культуролагаў: набыты ў якасці валанцёра досвед будзе для іх не лішні.

- Валанцёрскія летнікі доўжацца па некалькі тыдняў, а ўдзел у іх можа прыняць не кожны (камусьці час не дазваляе, камусьці - здароўе). Ці ёсць у "простага смяротнага" нейкія іншыя магчымасці спрычыніцца да адраджэння спадчыны? І ці можна быць валанцёрам не толькі ўлетку, але і круглы год?

- На маю думку, само паняцце валанцёрства не абмяжоўваецца толькі працай у летніках, а варыянтаў розных актыўных дзеянняў можа быць шмат. Прыкладам, парупіцца пра ўнясенне таго або іншага помніка ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Паводле заканадаўства, гэта можа зрабіць любы чалавек, патрэбна толькі падрыхтаваць належны пакет дакументаў, які ўключае гістарычную даведку, фотаздымкі, апісанне, і прывезці яго ў Міністэрства культуры краіны. Мяркую, гэтую справу можа зрабіць і непрафесіянал.

Таксама валанцёрствам можна лічыць папулярызацыю таго або іншага помніка- напрыклад, праз Інтэрнэт. У Байнэце можна адшукаць два даведнікі, якія ахопліваюць ці не ўсе аб'екты спадчыны, і абодва з іх былі створаны менавіта на валанцёрскіх пачатках. Групы зацікаўленых людзей ужо шмат гадоў ездзяць, здымаюць, назапашваюць звесткі. І гэтыя праекты не маюць адпаведнікаў у суседзяў. Людзі з-за мяжы могуць цікавіцца нашай спадчынай - і, дарэчы, робяць гэта, мяркуючы па водгуках наведвальнікаў тых сайтаў. Вельмі шмат праблем у нас узнікае менавіта з прычыны неўсведамлення каштоўнасці помніка. Таму піяр і фарміраванне грамадскай думкі часам не менш важныя, чым праца сваімі рукамі.

Добры спосаб прыцягнення ўвагі - гэта не толькі публікацыі, але і арганізацыя розных імпрэз, датычных помніка спадчыны. І я ўпэўнены, што такія захады могуць кардынальна змяніць лёс "праблемнага" аб'екта - яму проста пачнуць надаваць болей увагі. Адна з форм валанцёрства, якой мы таксама крыху займаемся, - гэта правядзенне экскурсій. Бо калі занядбаны помнік спадчыны становіцца запатрабаваным тураб'ектам, нешта змяняецца і ў свядомасці мясцовых жыхароў. І менавіта веданне таго, што занядбаны дамок або аброслы травою камень уяўляе з сябе сапраўдную каштоўнасць, матывуе мясцовыя ўлады на канкрэтныя дзеянні. Адпаведна, валанцёрства мае вельмі шырокі спектр. Яно можа ставіць перад сабой самыя розныя задачы - ад інфармавання і да захавання.

Фота Юрыя ІВАНОВА