Замкавая сістэма

№ 29 (1000) 16.07.2011 - 22.07.2011 г

Праграмны падыход. Што такое Мілаград?, або Фінансавы базіс для “балкона Джульеты”

 

Дзяржпраграма "Замкі Беларусі", праект якой, згодна з Даручэннем Кіраўніка дзяржавы, быў падрыхтаваны ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, уражвае хаця б адной лічбай: яна прадугледжвае работы ажно на 38 аб'ектах! Прычым, як падкрэсліў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі, пералічаны ў праекце Дзяржпраграмы спіс аб'ектаў - далёка не вычарпальны, і таму не канчатковы... Неабазнаны ў пытанні суайчыннік можа ўсклікнуць: адкуль у нас возьмуцца тыя 38 замкаў? Гісторык жа гэтай лічбе не здзівіцца. Бо ў тысячагадовым пласце нашай мінуўшчыны захавалася памяць не менш як пра 120 такіх фартыфікацыйных пабудоў! Вось чаму родны край колісь называлі Краінай замкаў.

 

"Парэшткі раскошы"

Натуральна, ад большасці з іх засталося хіба само месца, але ж і яно ўяўляе цікавасць - як, напрыклад, выспа пасярод возера Іказнь, што на Браслаўшчыне. У праекце Дзяржпраграмы фігуруюць не толькі тыя замкі, што ўжо паспелі стаць неафіцыйнымі сімваламі краіны, але і парослыя травой пагоркі. Назвы вёсак, дзе яны знаходзяцца, ведае не кожны: Старая Мыш, Жабер, Мілаград... І ёсць усе падставы спадзявацца на тое, што праграма дапаможа іх уключэнню ў турыстычны абарот, павялічыўшы колькасць айчынных адметнасцей на добры тузін.

Ад мажных вежаў замка ў Геранёнах да нашых дзён захаваліся, бадай, лічаныя каменьчыкі на высокім вале, аточаным ровам. Падабрацца да руін ушчыльную сёння зможа хіба кваліфікаваны паркуршчык - яны літаральна згубіліся ў сапраўдным гаі, які паспеў тут нарасці за адносна нядаўні час.

Адпаведна, масавага турыста сёння туды не завабіш, можна нават і не спрабаваць. Хаця ў перспектыве гэты замак можа стаць айчынным адпаведнікам знакамітага "балкона Джульеты", які штогод папаўняе бюджэт Вероны на сотні мільёнаў еўра. Як лічаць гісторыкі, менавіта ў Геранёнах пачаўся ці не найвядомы рамантычны сюжэт з нашай мінуўшчыны. Завітаўшы неяк па справах у замак, вялікі князь Жыгімонт Аўгуст звярнуў увагу на маладзенькую ўдаву былога ўладальніка Геранёнаў Станіслава Гаштольда. А побач з валамі да нашых дзён захаваўся касцёл Святога Мікалая, чые сцены памятаюць Барбару Радзівіл...

Малюнак Напалеона Орды, што выяўляе тыя самыя мясціны, быў зроблены яшчэ ў 70-х гадах ХІХ стагоддзя. Уласна, не так і шмат з той пары змянілася: мастак заспеў ужо толькі "парэшткі раскошы", бо "анахранічны" замак нейкія рупліўцы пару дзесяцігоддзяў таму паспелі разабраць на цэглу. Але ж на малюнку Орды валы і руіны выглядаюць зусім інакш - менавіта рамантычна, а не занядбана. І ўсё таму, што лес яшчэ не паспеў нарасці.

Гэта мы да таго, што ператварыць гістарычную мясціну ў папулярны тураб'ект часам можна і без шматмільярдных затрат. Вызваліць валы ад хмызоў і дрэў, пачысціць роў, закансерваваць ацалелыя руіны абыдзецца ў суму 10 мільёнаў рублёў (прынамсі, столькі закладзена ў праекце Дзяржпраграмы, дзе згаданыя вышэй немудрагелістыя захады запланаваны ўжо на наступны год).

 І тады постаці айчынных Рамэа і Джульеты арганічна ўпішуцца ў прыгожыя краявіды Геранёнаў. Можна нават не сумнявацца ў тым, што стваральнікі анімацыйных праграм аб гэтым парупяцца.

 

Руіны як музейны экспанат

Як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыкакультурнай спадчыны і рэстаўрацыі Аксана Сматрэнка, пазначаныя ў праграме аб'екты можна ўмоўна падзяліць на чатыры катэгорыі - па метадалагічным прынцыпе. Першая з іх - гэта тыя замкі, якія будуць сапраўды адноўлены, поўнасцю ці часткова. Іх - сем. Апрача Мірскага, Нясвіжскага, Лідскага замкаў, што ва ўсіх на слыху, у гэтую катэгорыю трапіць таксама і ў тым ліку Ніжні замак у Гродне - адзін з самых грандыёзных рэстаўрацыйных праектаў на бліжэйшыя гады. На вяртанне яго велічы мяркуецца затраціць больш за 70 мільярдаў рублёў, якія пароўну маюць быць выдаткаваны з рэспубліканскага і з абласнога бюджэтаў.

Другая катэгорыя таксама налічвае сем аб'ектаў. Гэта тыя замкі, якія дайшлі да нас у руінах і будуць закансерваваны менавіта ў такім выглядзе: Навагрудскі, Крэўскі, Гальшанскі, Смалянскі, той самы Геранёнскі, а таксама зусім не "раскручаны" (з аналагічнай прычыны) замак Вішнявецкіх у вёсцы Тэльман, што на Брагіншчыне.

- Гістарычныя матэрыялы, патрэбныя для таго, каб поўнасцю аднавіць гэтыя замкі на той або іншы перыяд, на жаль, не захаваліся, і сёння мы дакладна не ведаем, якімі яны былі, - кажа Аксана Сматрэнка. - А паколькі фантазія тут недапушчальная, застаецца толькі адзін варыянт - кансервацыя. Прычым у дадзеным выпадку мы не ставім адно задачу "захаваць і забыць". Наадварот: плануецца зрабіць усё, каб гэтыя аб'екты сталі больш запатрабаванымі туріндустрыяй. Па сутнасці, руіны будуць прадстаўлены ў якасці своеасаблівага музейнага экспаната. Балазе розных спосабаў належным чынам яго "падаць" сёння існуе мноства: ад інфармацыйных шчытоў і да электронных інфакіёскаў.

Быхаўскі замак аб'ектыўна знаходзіцца недзе паміж першымі дзвюма катэгорыямі. Стан яго сёння жаласны, але... Гэта акурат той выпадак, калі рэстаўрацыя, у прынцыпе, магчымая - дакументальных крыніц хапае, - прычым не толькі магчымая, але нават і мэтазгодная: адзіны хаця б збольшага ацалелы замак на усходзе Беларусі можа стаць галоўным "магнітам" вялікага турмаршруту. Таму пакуль што ў праекце Дзяржпраграмы руіны замка прапануецца закансерваваць за кошт рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, але тут жа ў дужках пазначана: "Пры наяўнасці пазабюджэтных інвестыцый магчыма рэстаўрацыя з рэканструкцыяй і прыстасаваннем".

 

Тураб'ект без страты "дакладнасці"

Ад большасці беларускіх замкаў не захавалася нават каменьчыка, і сёння яны з'яўляюцца помнікамі не архітэктуры, але археалогіі. Многія лічаць, што сама гэтая катэгорыя каштоўнасцей можа ўяўляць цікавасць хіба для навукоўцаў, а зусім не для шараговых турыстаў. Дзяржпраграма "Замкі Беларусі" ставіць сабе за мэту давесці адваротнае.

Пра музеефікацыю Мінскага замчышча, "актыўная стадыя" якой распачнецца ўжо ў бліжэйшы час, мы пісалі ўжо неаднаразова. Своеасаблівы археалагічны музей неўзабаве мае паўстаць і ў Тураве - яго канцэпцыя ўжо распрацавана на сур'ёзным навуковым узроўні.

А ўсяго такіх спецыфічных музеяў у праекце Дзяржпраграмы вызначана пакуль пяць. Адзін з іх стане галоўнай гістарычнай адметнасцю Глуска - гарадка з вялікай мінуўшчынай, але пакуль што без выразных матэрыяльных яе сведчанняў. Другі зверне ўвагу на вёску з мілагучным імем Мілаград, што ў Рэчыцкім раёне, дзе ёсць амаль нікому сёння не вядомае гарадзішча жалезнага веку. Трэці "выведзе на паверхню" гістарычныя вытокі Шклова...

- Не так даўно пераканаўся на ўласныя вочы, што адноўлены Мазырскі замак (пры ўсіх тых прэтэнзіях, якія маюць да яго прафесіяналы) сёння вельмі запатрабаваны і гараджанамі, і гасцямі горада па-над Прыпяццю. Думаю, тое ж самае будзе і ў Браславе, і ў Лагойску, - адзначыў Ігар Чарняўскі.

Ён перакананы, што для таго, каб зрабіць археалагічныя помнікі прэзентабельнымі тураб'ектамі, зусім неабавязкова насычаць іх бутафорскімі пабудовамі без належнага навуковага грунту што, на жаль, часам робіцца. Бо ў выпадку страты "дакладнасці" страчваецца і дух даўніны. А вось элементы інтэрактыву і атракцыі (тыя ж рыцары або рамеснікі), з густам "уплеценыя ў канву" помніка, толькі спрыяюць больш выразнаму выяўленню гэтага духу.

Акурат палова з уключаных у праект Дзяржпраграмы аб'ектаў належыць да чацвёртай катэгорыі: гэта помнікі археалогіі, дзе запланавана хіба мінімальнае "ўмяшальніцтва" - на ўзроўні добраўпарадкавання. Зрэшты, як адзначыла Аксана Сматрэнка, яно таксама здатнае "раскрыць" гістарычны характар месца: прыкладам, элементы добраўпарадкавання могуць адлюстроўваць абрысы даўно страчаных пабудоў...

- Прыблізны іх выгляд можна аднавіць дзякуючы архіўным матэрыялам, - кажа Аксана Сматрэнка. - І самае галоўнае: мясцовы люд будзе ведаць, што гэта не проста ўзгорак або лапік зямлі, а месца асаблівае. Апошняе, у сваю чаргу, паспрыяе захаванню таго помніка археалогіі. Людзі не будуць ставіцца да яго як да нічыйнай тэрыторыі, дзе можна рабіць усё, што заўгодна - прыкладам, распачынаць новае будаўніцтва.

 

■ ■ ■

Як адзначыла Аксана Сматрэнка, выкананне Праграмы не прадугледжвае дадатковага фінансавання з дзяржбюджэту. Яе асобныя пункты былі ўжо запланаваны як на рэспубліканскім (тая ж Дзяржпраграма "Культура Беларусі" на бліжэйшую пяцігодку), так і на муніцыпальным узроўні. Але ж сам факт з'яўлення новай Дзяржпраграмы мае сістэматызаваць высілкі "на месцах" дзеля агульнай мэты. І гэта важна хаця б таму, што падобныя ініцыятывы патрабуюць належнага метадычнага забеспячэння. Бо не кожны руплівец з райвыканкама абазнаны ў "міжнародных стандартах" захавання спадчыны і штудзіраваў Венецыянскую хартыю рэстаўратараў.

Але, у той самы час, варта адзначыць, што выкананне Дзяржпраграмы мае быць ускладзена не толькі на Міністэрства культуры краіны, але і на тых людзей, што жывуць непадалёк ад колішніх замкаў, і асабліва - на мясцовыя ўлады. Гэта зусім не той выпадак, калі ініцыятыва зыходзіць выключна "зверху". Хутчэй, тут варта прыгадаць вядомы прынцып талакі.

- Лічу, што дадзеная Дзяржпраграма, якая пакуль існуе ў выглядзе праекта, мае выключнае значэнне для захавання і папулярызацыі нашай спадчыны, - кажа Ігар Чарняўскі - Упершыню ў гісторыі Беларусі арганізуюцца маштабныя дзеянні па адраджэнні вельмі значнага пласта нашай гісторыі і культуры, звязанага з абарончым дойлідствам. Прычым адзначу і такую акалічнасць: мы ставім за мэту не толькі зберагчы гэтыя каштоўнасці для нашчадкаў, але і зрабіць іх актуальнымі для сучаснікаў. Некаторыя замкі - як Мірскі або Нясвіжскі - ва ўсіх на слыху, але ж мала хто нават уяўляе, якой багатай з'яўляецца наша спадчына. Спадзяюся, дзякуючы Дзяржпраграме яны здолеюць больш поўна раскрыць для сябе беларускую гісторыю...

Адпаведна, 38 - гэта зусім не так і шмат. Некаторыя замчышчы ў Дзяржпраграму не ўключаны: прыкладам, Мсціслаўскае, Свіслацкае, Давыд-Гарадоцкае, а таксама і знакаміты заслаўскі "Замэчак"... Гэта адбылося таму, што ініцыятыва ў кожным канкрэтным выпадку ўключэння замкаў у Дзяржпраграму зыходзіла перадусім ад мясцовых улад. У той самы час, як адзначыў Ігар Чарняўскі, цалкам магчыма, што спіс аб'ектаў будзе папаўняцца па меры выканання праграмы. Бо станоўчыя прыклады падахвоцяць і ўладальнікаў іншых "зарослых пагоркаў" зрабіць свой унёсак у адраджэнне Краіны замкаў.