Беларусы свету згуртуюцца ў Віцебску

№ 28 (999) 09.07.2011 - 14.07.2011 г

Распачаўся Першы Фестываль мастацтваў нашых суайчыннікаў

 

Нашы землякі розных пакаленняў прыехалі на Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету, мерапрыемствы якога распачаліся 8 ліпеня. Форум праходзіць у адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і па ўзгадненні з Адміністрацыяй Прэзідэнта краіны пры падтрымцы Міністэрства культуры ў Мінску. Больш за 200 суайчыннікаў з 12 краін свету - Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Галандыі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі і ЗША - сабраў гэты фестываль з мэтай умацаванняў сувязей між землякамі. І цалкам натуральна, што значнасць падзеі не абмінуў і "Славянскі базар у Віцебску". Менавіта на адной з яго галоўных пляцовак - канцэртнай зале Цэнтра культуры "Віцебск" - сёння адбудзецца адкрыццё новага фэсту і вялікі гала-канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці беларусаў замежжа. Але праграма іх наведання этнічнай радзімы - значна больш шырокая. Некаторыя дэталі фестывальных падзей высвятляў наш карэспандэнт.

 Удыхнуць чыстае паветра

Больш за 3,5 мільёна беларускіх суайчыннікаў і іх нашчадкаў жывуць за межамі нашай краіны. І не менш за 220 грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый дзейнічае сёння ў іншых краінах свету. Менавіта таму і аказалася ажыццявімай ідэя Першага Фестывалю мастацтваў беларусаў свету, як распавядае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіл Рыбакоў, дзякуючы салідарнасці і імпэту нашых землякоў, якія трымаюцца сваіх каранёў і імкнуцца захоўваць уласную спадчыну. "Радзіма падобная да чыстага паветра, - праводзіць ён паралель, - і толькі калі яго не стае, разумееш, што яно для цябе значыць". І ў дадзеным сэнсе суайчыннікі-беларусы імкнуцца захоўваць сваю культуру, каб дыхаць гэтым каштоўным для іх паветрам.

 Штогод Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь аказвае самую разнастайную дапамогу беларускім аб'яднанням у замежных краінах: аплачвае, у тым ліку, выраб сцэнічных касцюмаў, набыццё музычных інструментаў, накіроўвае метадычную літаратуру, рэпертуар... Аднак цалкам дарэчы тут будзе выслоўе: што можа замяніць стасункі з роднаснай душой? І Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету ў гэтым сэнсе выводзіць на новы ўзровень кантакты беларусаў замежжа з іх гістарычнай радзімай.

"Безумоўна, значнасць дадзенай падзеі цяжка пераацаніць, - кажа намеснік міністра культуры краіны Тадэуш Стружэцкі. - Бо яна карысная не толькі для нашых суайчыннікаў, якія атрымалі цудоўную магчымасць паказаць свае творчыя дасягненні, пазнаёміцца адно з адным, падзяліцца вопытам. Яна вельмі важная для нас, мясцовых беларусаў, для таго, каб нашы карэнныя жыхары ўбачылі стаўленне суайчыннікаў да сваёй спадчыны, тое, як яны захоўваюць народныя традыцыі, гістарычную памяць, як яны ўслаўляюць беларускую культуру ў сваіх краінах".

І тым больш вельмі сімвалічна ўбачыць падобнае стаўленне да этнічнай Радзімы на "Славянскім базары ў Віцебску" - месцы, дзе збіраюцца разам славянскія народы, канстатуе Міхаіл Рыбакоў.

- Каб усе яшчэ раз упэўніліся, які таленавіты народ беларусы - незалежна ад таго, у якой краіне яны жывуць!..

На радзіму ў першы раз

 Шчырасць, адметнасць і асаблівая культура вылучаюць калектывы нашых суайчыннікаў. Многія з іх ужо неаднаразова з'яўляліся ўдзельнікамі айчынных фестываляў "Звіняць цымбалы і гармонік", "Дняпроўскія галасы", фестывалю ў Маладзечне, "...і нам ні ў якім выпадку не будзе за іх сорамна", падрэслівае Міхаіл Рыбакоў. Больш за тое: некаторыя калектывы вяртаюць на нашу зямлю ўжо забытыя, амаль страчаныя ўзоры спадчыны. Тыя ж беларусы з Іркуцка, чые продкі былі адселены з Беларусі пад час Сталыпінскай рэформы, захавалі ўнікальны песенны і танцавальны рэпертуар сваіх прабабуль і прадзядуль. Некаторыя ўдзельнікі гэтых калектываў - моладзь - з'яўляюцца беларусамі ў трэцім пакаленні, і для іх гэта - першы візіт на сваю гістарычную радзіму. Уявіце, як гэта для іх важна, падкрэслівае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, і якія ўражанні застануца ў іх пасля форуму.

Народны фальклорны ансамбль "Зязюля" з вёскі Каўбаса Новасібірскай вобласці, ансамбль аўтэнтычнай песні "Крывічы" выступяць на фестывалі з ужо вядомымі ў Беларусі калектывамі: "Журавінка" з горада Вентспілс, "Паўлінка" з Ліепая, "Ластаўкі" з Даўгаўпілса, "Світанак" з Вісагінаса, "Алеся" з Таліна, "Маланка" і "Куранты" з Бельск-Падляскага... "Нягледзячы на тое, што некаторыя з калектываў нам ужо вядомы,- адзначае дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, - усё ж многіх мы ўбачым першы раз". Упершыню прыедуць на Беларусь спявачка Юлія Руцкая з Кыргызстана. Пэўныя калектывы з Расіі дзякуючы ўдзелу ў форуме выступяць перад беларускай публікай у поўным складзе. Таксама першы раз прадставяць сваю творчасць у межах асобнай выстаўкі беларускія мастакі замежжа. У прыватнасці, мастачка Вікторыя Каваленчыкава, пра якую некалі пісала і "К", выступіць ад імя беларусаў Каралеўства Нідэрланды.

Першы Фестываль мастацтваў беларусаў свету ўключае ў сябе шэраг мерапрыемстваў, адзначае Міхаіл Рыбакоў: гэта не толькі шматлікія галады сольныя канцэрты, але і выстаўкі: Нацыянальны гістарычны музей прадставіць фотаэкспазіцыю, прысвечаную дзейнасці беларускіх аб'яднанняў у іншых краінах, Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пазнаёміць з творчасцю беларускіх пісьменнікаў і паэтаў замежжа, Нацыянальны мастацкі музей зладзіць, як і адзначалася, выстаўку "Беларускія мастакі ў свеце" . Пасля яе правядзення беларускія мастакі замежжа, згодна з дамоўленасцю, прэзентуюць уласныя творы музею, тым самым замацаваўшы сваю прысутнасць на гістарычнай радзіме. А экспазіцыя фотаздымкаў адправіцца ў тур па розных музеях Беларусі.

- Дзякуючы фестывалю мы ўбачым своеасаблівы зрэз культуры беларусаў замежжа, - кажа Тадэуш Стружэцкі. - Мяркую, што пад час знаходжання тут, у Мінску і Віцебску, нашы суайчыннікі ўсталююць творчыя сувязі між роднаснымі калектывамі, дзеячамі культуры і мастацтва Беларусі, мастакамі, - і ўсё гэта будзе садзейнічаць іх далейшаму творчаму росту.

 Планы на будучыню

 У шэрагу важкіх падзей форуму- таксама і Другое пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры, на якім будуць абмеркаваны актуальныя пытанні супрацоўніцтва з беларусамі замежжа ў сферы культуры, адукацыі, інфармацыі, турызму, рэалізацыі асобных праектаў. Калі Першае пасяджэнне, дзякуючы згодзе яго ўдзельнікаў, дазволіла нарадзіцца Першаму Фестывалю мастацтваў беларусаў свету, то праграма Другога носіць яшчэ больш шырокі характар: у ім прымуць удзел прадстаўнікі Міністэрства культуры, замежных спраў, інфармацыі, адукацыі, унутраных спраў, спорту і турызму, што дазволіць далей значна пашырыць межы нашага супрацоўніцтва з беларусамі свету.

- Безумоўна, мы будзем гаварыць аб пашырэнні ўзаемадзеяння нашых устаноў і арганізацый з беларускімі аб'яднаннямі замежжа, аб формах і метадах гэтага супрацоўніцтва. Будзе разгледжаны цэлы блок пытанняў, якія датычацца актывізацыі прэзентацыі айчыннай культуры ў тых краінах, дзе пражываюць прадстаўнікі беларускай дыяспары. Акрамя таго, асаблівая ўвага будзе нададзена праекту праграмы "Беларусы ў свеце", што сёння гатова для абмеркавання. Пытанні адукацыі і навучання прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў нашай краіне, візавыя пытанні, пытанні атрымання грамадзянства, шэраг пытанняў па арганізацыі турызму, лячэння, адпачынку ў Рэспубліцы Беларусь - усё, што цікавіць і турбуе нашых суайчыннікаў у іншых краінах, абавязкова будзе абмеркавана на гэтай сустрэчы.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"