“Дом”, які пабудаваў Арцём

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

Флюіды “Паціны” выпраменьвае час

/i/content/pi/cult/328/5973/pic_11.jpgЗнаёмству з Арцёмам ЛОБАЧАМ "К" абавязана запрашэнню на прэм'еру яго фільма. Сярод дзясяткаў лістоў, што інфармуюць выданне, гэты "мэйл" аб закрытым паказе кароткаметражнай стужкі маладога аўтара зацікавіў рэччу амаль метафізічнай. Сёлета "Культура" апублікавала сінопсіс мастацкага фільма "Паціна", распавядаючы ў ім пра маладога рэжысёра, які адкрыў для сябе сваю краіну, яе культуру праз пошукі натхнення для стварэння ўласнага кіно ў спадчыне нашай зямлі. І- калі ласка! - маем запрашэнне на цалкам рэальную прэм'еру фільма (няхай і ў кароткім метры) за аўтарствам маладога чалавека, які амаль самастойна зняў карціну і ў якой узнімае пытанні той самай самаідэнтыфікацыі праз сродкі кіно. Іншымі словамі, усё гэта нагадвала сустрэчу з персанажам нашага сцэнарыя... 

Як і галоўны герой "Паціны", Арцём аказаўся студэнтам Акадэміі мастацтваў. Ён вучыцца на трэцім курсе па спецыяльнасці "рэжысура кіно і тэлебачання". Але, вядома, так не бывае, каб супадала ўсё: Арцём мае яшчэ і адукацыю дызайнера, якую атрымаў у Мастацкім вучылішчы імя Глебава, ды яшчэ памкненні працягваць навучацца прафесіі за мяжой. "Дом" - яго першая сур'ёзная праца ў ігравым кіно, як ён лічыць. Але і да гэтай пары ў маладога творцы быў пэўны вопыт ў стварэнні кліпаў і дакументалак. Нельга сказаць, што ў выніку ўсё, што было прапісана пра нашага героя Алеся ў форме сінопсіса журналістамі "К", дакладна ўвасобілася ў маладым чалавеку, але праводзіць паралелі, паверце, аказалася справай захапляльнай. І важна, што мы не памыліліся ў галоўным: у творчым і жыццёвым пошуку, які здзяйсняе Арцём. Яго кароткаметражка - гэта спроба знайсці сябе ў свеце, зразумець, якую культуру, светапогляд нясеш як творца, ды, урэшце, кім з'яўляешся на сваёй зямлі. Касмапалітам? Беларусам? Тое, што дадзеная тэма не давала і не дае спакою маладому пакаленню, мае доказы ў асобе Арцёма Лобача: у сваім прадчуванні нарадждэння новага героя, выпісанага ў "Паціне", мы сапраўды "патрапілі".

 

Пра нараджэнне "Дома"

- Па першай адукацыі я -  дызайнер. І дзякуючы назапашанаму досведу трапіў у памочнікі да Артура Клінава пад час ягонай працы на "Масакры" Андрэя Кудзіненкі. Кінематографам цікаўлюся даўно, але стварыць самастойнае кіно, нават кароткі метр, ніяк не наважваўся. Прычынай таму - сумневы рознага кшталту, але ў першую чаргу- творчыя: што менавіта я хачу сказаць. Калі ж, працуючы на "Масакры", пражыў у Жалудку амаль паўгода і ўбачыў працэс стварэння кіно знутры, зразумеў: надышоў мой час. І тады распачаў працу над сцэнарыем!

Што было далей - апісаць нялёгка. Я трапіў у палон эмоцый: мроілася, калі не здыму гэты фільм, не будзе жыцця. І ўсё панеслася адно за адным: сцэнарый, кастынг, здымкі... Цяпер ужо разумею: многія рэчы былі не прапрацаваны, я рабіў іх не так, як належыць, але мяне несла эмацыйная хваля. Нават акцёраў выбіраў, абапіраючыся, у першую чаргу, на іх чалавечыя здольнасці, а не на прафесійныя. Галоўным было, каб яны падыходзілі да маіх персанажаў...

Тым не менш, інтуітыўны падыход прынёс свой плён. Склалася каманда аднадумцаў, якая падтрымлівала і давярала мне, з ёй было цікава працаваць.

 

Пра эмоцыі і прафесіяналаў

- Шчыра кажучы, нават на пляцоўцы я не бачыў сваё кіно ў цэлым. І праблемы ўзнікалі: з акцёрамі, з рытмам працы... Але ўсе паставіліся да маіх спроб з цярпеннем, дапамаглі. Тыя ж Сяргей Каласоўскі, Інакенцій Січкар, прафесіяналы, якія працавалі на карціне, вельмі падтрымлівалі. Адказваючы на іх дакладныя пытанні, я пачаў уцямна бачыць і фармуляваць свае мэты.

А сёння ўжо бачу ўласныя хібы. Трэба было больш папрацаваць над сцэнарыем і канкрэтызаваць жанр, больш дакладна выбіраць акцёраў, хоць амаль ні на чый конт не памыліўся... "Вынасіць" бы ідэю, але чакаць не мог. І, прызнацца, не шкадую, што мы паехалі ў Жалудок ды знялі ўсё гэта. Тыя дзесяць дзён, якія правялі там, пацягнуць на асобны раман. І, падаецца, эмоцыі з пляцоўкі ўдалося данесці да гледача.

 

Пра Беларусь

- Галоўны герой маёй карціны збіраецца назаўжды /i/content/pi/cult/328/5973/pic_10.jpgпакінуць Беларусь. Але ён - у пэўным роздуме... Дзе ягоны дом? Што яго чакае? Я хацеў паразважаць на дадзеную тэму, бо ўсё гэта мне вельмі блізка: сёння я, як і ён, знаходжуся на раздарожжы. Планую таксама ехаць вучыцца за мяжу і мушу ў сабе разабрацца: навошта еду, калі вярнуся? І фінал у стужцы мае такі ж палярны адказ: герой з'язджае, але ён з'язджае, застаўшыся тут, зразумеўшы, адкуль ён. Ён прызнае сваім домам тую зямлю, дзе нарадзіўся...

Я сам родам з вёскі Селітрынка, што пад Барысавам. І заўжды, калі прыязджаю туды, адчуваю: гэта мой дом. З усімі байкамі, гісторыямі, містыкай, якія яшчэ жывуць навокал, з усім тым, што я перажыў там у дзяцінстве. Я ўсведамляю, мой шлях вядзе мяне далей - спасцігаць свет і прафесію, але што ні адбылося б, ведаю: гэтая зямля ў мяне ёсць.

Мой герой называе сябе касмапалітам. І я часта чую ад сваіх сяброў: маўляў, твой дом там, дзе твая галава. Гэта пазіцыя зразумелая, і я не збіраюся з ёю спрачацца. Можна вучыцца і працаваць дзе заўгодна, вандраваць, адкрываць іншыя культуры... Гэта ўсё добра, але, лічу, кожны чалавек мусіць заставацца носьбітам сваёй культуры. Не адмаўляцца ад той зямлі, што цябе выхавала! Я не падзяляю пазіцыю аднаго з герояў п'есы Максіма Горкага "На дне", які казаў: "Мой дом там, дзе цёпла".

Сёння многія людзі страцілі гэткі кантакт са сваім месцам. Лічу, падобным чынам адбываецца так, паколькі ў панэльным доме вялікага мегаполіса цяжка трымацца за тое, што дорыць энергію. Калі ж ты ўсё дзяцінства прабегаў басанож па зямлі- гэтая повязь будзе заўжды трымаць цябе. Дарэчы, першапачаткова я планаваў, што дзеянне карціны будзе адбывацца на закінутым хутары... Але потым усё ж спыніўся на сядзібе ў Жалудку, каб падкрэсліць значнасць і ўрачыстасць дома.

 

Пра самастойнасць

- Спачатку я здымаў кіно на ўласныя грошы. Мне ўдалося зарабіць, і я вырашыў укласці сродкі ў гэты праект. Чаму вырашыў аддаць свае кроўныя? Я не хацеў ні ад каго залежыць. Бо гэта была сапраўдная рызыка, і мне не хацелася кагосьці падстаўляць. Тых грошай, што ў мяне былі, у выніку хапіла толькі на палову фільма. Аднак да таго часу, калі яны скончыліся, у мяне ўжо быў пэўны матэрыял і- самае галоўнае - упэўненасць: штосьці з адзнятага атрымаецца. Таму далей я не пабаяўся шукаць спонсараў. Так і здолеў завяршыць кіно. Нягледзячы на заўвагі і недасканаласці, якія цяпер бачу і якія, па магчымасці, буду выпраўляць, я задаволены вынікам. Мне здаецца, тую эмоцыю, што кіравала мной, усё ж атрымалася данесці да гледачоў. Бачу, як людзі адгукаюцца, а значыць, мне трэба ісці далей і працаваць.

 

Аб прафесіі

- Пасля пэўнай дапрацоўкі мне хацелася б зрабіць адкрытую прэм'еру "Дома". Паказаць стужку ў Гродне, бо там яе чакаюць, магчыма, заявіць яе на фестывалях. Сёння я зноў думаю: якое яно - бачанне майго кінапасылу? Але я хацеў бы і далей ісці "ўглыб" чалавека, даследаваць яго прыроду, ягоную душу. Многія рэжысёры праводзілі тэму духоўнасці - Таркоўскі, Антаніёні, - і, як бы пафасна гэта ні гучала, я хачу быць іх паслядоўнікам, але - разглядаць дадзеную тэму праз прызму беларускай культуры. Мая мэта - паказаць, што ў чалавека ёсць вялікія магчымасці спазнання свету. І кінематограф, на маю думку, - менавіта той сродак, што, як аніякі іншы, здольны на гэтае даследаванне.

 

P.S. "Дом", які пабудаваў Арцём,- хутчэй, "кінаэсэ" , выкананае ў лірычнамістычных тонах, ды не пазбаўленае асабістай споведзі аўтара. Споведзі, якая, нягледзячы на пэўны недахоп почырку майстра, знаходзіць водгук у сэрцах беларусаў. І - падкупляе.   

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"