Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

№ 26 (997) 25.06.2011 - 02.07.2011 г

"Шлях да Перамогі пачынаўся адсюль"

/i/content/pi/cult/328/5948/2-2.jpgПрэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка вечарам 22 чэрвеня ў Мемарыяльным комплексе "Брэсцкая крэпасць - герой" прыняў удзел у памятных мерапрыемствах, прысвечаных 70-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пра гэта паведамілі ў Прэсслужбе беларускага Лідара.

Кіраўнік дзяржавы ўсклаў вянок да скульптурнай кампазіцыі "Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у неўміручасць зрабілі крок", што адкрылася ў Брэсцкай крэпасці. Да п'едэстала кампазіцыі таксама леглі кветкі ад ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, кіраўнікоў пагранічных ведамстваў краін СНД, Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў баявыя сцягі воінскім часцям пагранслужбы Беларусі, пасля чаго сустрэўся з ветэранамі. Ён таксама наведаў Свята-Мікалаеўскі гарнізонны сабор, дзе запаліў свечку ў памяць аб ахвярах вайны.

Выступаючы перад пачаткам канцэрта-рэквіема майстроў мастацтваў Беларусі і Расіі, які прайшоў на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што для беларускай дзяржаўнасці спадчына герояў з'яўляецца краевугольным каменем, і беларусы не дапусцяць рэвізіі вынікаў мінулай вайны. "Мы будзем заўсёды выхоўваць нашу моладзь на прыкладах павагі да слаўнага мінулага, гуманізму, патрыятызму і чалавекалюбства. Мы ніколі не станем іванамі без роду і племені, якія не памятаюць усіх, хто пакутаваў, змагаўся і перамог", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Глыбока сімвалічна, на яго думку, што памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя 70-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, праходзяць у Брэсцкай крэпасці. "Не толькі таму, што тут пачалася вайна. Але і дзеля таго, каб яшчэ раз нагадаць усім: шлях да Вялікай Перамогі пачынаўся адсюль! Ад гэтых старых сцен, дзе плавіўся камень, але цвярдзелі сэрцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Дарагую цану заплаціла Беларусь за Перамогу і за Свабоду. У той жудаснай вайне загінула, скалечана трэць нашага насельніцтва. Была поўнасцю разбурана эканоміка, разгромлены і разрабаваны культурны здабытак народа. Беларусь сцерлі з карты планеты",- нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Аднак беларусы не скарыліся агрэсару. "Калі настаў час выпрабаванняў, нашы мірныя людзі - мужчыны, жанчыны, нават дзеці - прадэманстравалі ўсяму свету ўзоры мужнасці, стойкасці і патрыятызму. Мы тады здзейснілі другі подзвіг- працоўны, аднавіўшы з руін і попелу нашу зямлю. Усё гэта называецца "беларускі характар", - адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што беларусы заўсёды будуць удзячныя пакаленням, якія прынялі на сябе страшны ўдар вайны, але не схілілі галовы і не сталі на калені. "Ветэраны ў нашай краіне акружаны пашанай і дзяржаўным клопатам. Яны - наша духоўная апора, аснова грамадзянскай супольнасці", - падкрэсліў беларускі Лідар.

 "Мы не аддадзім забыццю нашы брацкія магілы, масавыя пахаванні, нашы мемарыялы - ад грандыёзнай у сваім трагізме Хатыні да магілы невядомага салдата", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

 Паводле яго слоў, увекавечанне памяці аб Подзвігу абаронцаў Айчыны з'яўляецца справай агульнанацыянальнага значэння. Увасабленнем удзячнасці пакаленню пераможцаў стане найбуйнейшы ў Еўропе новы Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, які ўзводзіцца ў горадзе-героі Мінску. "Сёння мы адкрываем манумент у гонар абаронцаў граніцы і членаў іх сем'яў, якія падзялілі лёс сваіх мужоў і бацькоў", - адзначыў Прэзідэнт, выказаўшы шчырую ўдзячнасць пагранічнікам рэспублік былога Саюза, што таксама прынялі ўдзел у стварэнні гэтага манумента.

Пасля выступлення Кіраўнік дзяржавы ўручыў дырэктару Мемарыяла, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і ваеннаслужачаму пагранічнай службы Беларусі памятны меч, выраблены Златавустаўскай зброевай кампаніяй для Брэсцкай крэпасці-героя. Гэты памятны меч прысвячаецца Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і сімвалізуе нязломны дух, з'яднанасць і гераізм савецкага народа. Пасля Кіраўнік дзяржавы прайшоў у глядзельную залу для прагляду канцэрта-рэквіема. Пасля заканчэння яго ўдзельнікам быў паднесены кош кветак ад імя Прэзідэнта Беларусі.

Паводле паведамленняў Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь На здымку: Аляксандр Лукашэнка каля скульптурнай кампазіцыі "Героям граніцы, жанчынам і дзецям, якія мужнасцю сваёй у неўміручасць зрабілі крок".

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА