Адна тысячная фотасюжэта

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

Як увесь свет “запакаваць” у айпод?

/i/content/pi/cult/326/5914/11-1.jpgНа мінулым тыдні вядомы ў свеце фатограф і фотарэдактар Сара ЛІН наведала Мінск. У межах візіту Сара Лін прачытала адкрытую лекцыю ў Інстытуце журналістыкі БДУ, правяла тэматычны майстар-клас і партфоліа-рэвю для маладых фатографаў, а таксама семінар-сустрэчу для фотарэдактараў. Пад час кароткага прабывання ў Беларусі карэспандэнту "К" удалося папрысутнічаць на лекцыі і ўзяць у спадарыні Лін эксклюзіўнае інтэрв'ю.

З 2000 да 20

 Лекцыю госця Мінска пачала з прэзентацыі здымкаў сваіх калег, вылучаных за час фотарэдактарскай дзейнасці. Рыхтуючыся да выступлення, Сара Лін больш за 30 хвілін настройвала праектар, каб гледачы здолелі ўбачыць дакладныя арыгінальныя колеры падрыхтаваных ёю фота і ацаніць якасць працы славутага выдання, гісторыя якога налічвае больш за 120 гадоў. Апладысменты сталі пацвярджэннем таму, што здымкі, зробленыя фатографамі сусветнага ўзроўню, па-ранейшаму здольныя ўражваць гледача.

У наступнай мультысесіі спадарыня Лін прэзентавала свае работы. Больш за 20 гадоў яна працавала пазаштатаным фатографам аднаго з брэндавых часопісаў, перш чым стаць яго фотарэдактарам, і ў яе прафесійным "партфелі" - рэпартажы аб Угандзе, Македоніі, старажытным горадзе Джэне ў заходнеафрыканскай Рэспубліцы Малі, мексіканскім вулкане Попокацэпетль, Камчатцы, возеры Байкал... Пра свае прыгоды майстар распавядала даволі сціпла, аддаўшы перавагу дэманстрацыі ўласна вынікам гэтых вандровак - здымкам, якія былі надрукаваны.

- Звычайна наш фатограф працуе над рэпартажам цягам двух месяцаў, - распавяла падрабязнасці працы Сара Лін, - некаторыя - нават цягам амаль года: гэта больш датычыцца здымак жывёл, істот падводнага свету... Як фотарэдактар я праглядваю ўсе прывезеныя здымкі і раблю выбарку, якая паступова звужаецца з 1500 да 200 выяў. Потым, улічваючы парады рэдакцыйнага савета, мы спыняемся прыкладна на 20 кадрах. У парадку рэчаў пасля базавай двухмесячнай камандзіроўкі адправіць фатографа дазняць матэрыял, якога, на думку рэдакцыі, не стае для годнага сюжэта.

 У кожнага фотарэдактара, - пераходзячы да трэцяй часткі лекцыі, распавяла далей Сара Лін, - ёсць свая спецыялізацыя. (Сама яна курыруе артыкулы аб культуры, гісторыі і жыцці людзей. - Д.А.) Праца фотарэдактара кшталту працы прадзюсара: ты адказваеш за выбар тэмы, яе распрацоўку, за бюджэт, які спатрэбіцца для стварэння матэрыялу, за выбарку здымкаў, за тэрміны, рэдакцыю...

 Сара Лін паказала фотаздымкі тых сюжэтаў, якімі яна кіравала: гэта рэпартаж пра жыццё мусульман Кітая- народнасць уігураў, пра Бутан - маленькае каралеўства паміж Кітаем і Індыяй, пра Дараві - трушчобны раён у індыйскім горадзе Мумбаі...

- Расказваючы ў здымках аб пэўным раёне, краіне, мы мусім прыдумаць, сачыніць гісторыю, - апісвае методыку фотарэдактарскай працы Сара Лін, - як жывуць людзі ў рэгіёне, што нас цікавяць, як праходзяць іхнія будні, святы - усё гэта павінна ўключаць гісторыя: ад фатаграфіі, што знаёміць нас з атмасферай месца, да апошняга здымка, які распавядае пра надзеі жыхароў населенага пункта...

"Ніхто не ведае, у якім месцы спрацуе..."

- Спадарыня Лін, ці выпадала вам пад час працы фатографам адмаўляцца ад здымкаў па этычных меркаваннях?

 - Напэўна, са мной такога не здаралася. Бо ў першую чаргу я заўжды пыталася ў людзей згоды на іх фотаздымкі. Увогуле, гэтае адчуванне - ці маеш права зрабіць той або іншы фотаздымак - вынікае з атмасферы, якая ствараецца пад час працы. Ці рады цябе бачыць? Ці адкрыты людзі да стасункаў з табой? Усё гэта адчуваецца, бачна. Аднойчы, калі я рабіла рэпартаж аб Камчатцы, сустрэла жанчыну. У яе памёр маленькі сын. Мяне запрасілі ў ейны дом: там стаяла маленькая труна, дзе ляжаў хлопчык. Я спытала, ці магу я зрабіць фотаздымак, - ніхто не быў супраць. Потым я цэлы дзень правяла з гэтай сям'ёй, мы разам былі на могілках, і гэта быў вельмі важны вопыт у маёй практыцы, дзе этычныя пытанні вырашыліся самі сабой.

- Якое ваша творчае крэда як фатографа?

 - У першую чаргу - быць шчырым у сваёй працы. Любіць свае фота. Сёння я часам праглядаю свае старыя здымкі, і яны выклікаюць у мяне задавальненне, бо бачна, што я рабіла іх з імпэтам ды любоўю. Ні ў якім выпадку не трэба быць суддзёй, калі фатаграфуеш: ты прыязджаеш у іншую краіну, традыцыі якой могуць моцна адрознівацца ад прынятых на тваёй радзіме. І, вядома, не абысціся без самакрытыкі. Трэба ўвесь час удасканальвацца.

- Сёння, калі выбіраеце як фотарэдактар з паўтары тысячы сотню здымкаў, вы ўспрымаеце гэты працэс інакш, чым тады, калі былі фатографам?

- Прызнацца, тое, што адбываўся падобны адбор, мяне ніколі не крыўдзіла. Калі я працавала фатографам, усе астатнія здымкі заставаліся, і я магла зрабіць з імі ўсё, што заўгодна. Напрыклад, прадаць у пэўнае агенцтва. Было крыўдна, калі любімае фота не трапляла ў рэпартаж. Але, зрэшты, гэта здаралася часта, і я неяк звыклася з падобнай "несправядлівасцю".

 - Прэзентаваныя вамі ў Мінску работы вылучаюцца яркімі колерамі фота, выявамі краявідаў, ад якіх займае дух. Гэта здымкі тых мясцін, куды рэдка даводзіцца трапляць звычайнаму чалавеку, макраздымка жывёльнага свету... Ці цяжка сёння, у ХХІ стагоддзі, трымаць планку, здзіўляць?

 - Так, гэта іспыт, бо неабходна імкнуцца ўвесь час быць цікавым гледачу. Але сёння рабіць гэта ўсё цяжэй і цяжэй. Многія могуць паглядзець падобную інфармацыю ў Інтэрнэце. І ў гэтым сэнсе, лічу, свет стаў лепшым з той прычыны, што ён стаў меншым. Сёння для сучасніка існуе ўжо значна менш экзатычных мясцін, дзе ён не бываў, пра якія нават не чуў... І таму мы павінны працаваць яшчэ больш, каб адшукаць новыя terra incognita, каб прыдумаць, знайсці такі пункт гледжання, які дазволіў бы зірнуць на вядомыя мясціны па-новаму.

 - А па-новаму сёння значыць - з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій. Як зрабіць навуковапазнаваўчае фота актуальным?

- Скажам, на сайце нашага часопіса імкнёмся размяшчаць больш фотаздымкаў, чым у друкаванай версіі свайго выдання, у нас распрацоўваецца версія для айпода: многія лічаць, што ў гэтым таксама будучыня. Мы спрабуем розныя шляхі і сродкі распаўсюджання, бо ніхто не ведае, у якім месцы могуць спрацаваць нашы намаганні.

- А, з пункта гледжання зместу, ці цяжка змяняцца ўпоравень са светам?

- Калі раней, распавядаючы аб новых мясцінах, ты як фатограф, фотарэдактар быў наватарам, дык сёння свет турбуюць шматлікія праблемы. Пытанні перанаселенасці планеты, міграцыя, экалагічныя праблемы - калі мы хочам быць цікавымі, мы мусім унікаць ва ўсё гэта. Не змяняцца і не асвятляць тэмы, якія хвалююць свет, - таксама няправільна. Мы вымушаны шукаць свой уласны шлях далейшага развіцця...

На здымку: Сара Лін (сядзіць справа) пад час адкрытай лекцыі ў Інстытуце журналістыкі БДУ.

 P.S. Напрыканцы гутаркі Сара Лін прызналася, што зрабіць сюжэт аб Беларусі падаецца ёй справай вельмі прывабнай. "Але, каб стварыць фатаграфічную гісторыю пра вашу краіну - вы ўжо зразумелі, - спатрэбіцца не два-тры дні", - зазначыла яна.

 Дарэчы

Беларускія профі

Пад час лекцыі спадарыні Лін было анансавана адкрыццё новай спецыяльнасці ў Інстытуце журналістыкі БДУ - "Фотажурналістыка". Якія дысцыпліны будуць складаць праграму падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, што за прынцыпы будуць у яе закладзены - тэма для асобнага матэрыялу. Тым не менш, нараджэнне новай спецыяльнасці ў згаданым рэчышчы - сведчанне новага падыходу да падрыхтоўкі прафесіяналаў, звязаных з фатаграфіяй.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"