Зводныя каціроўкі з мастацкай біржы

№ 24 (995) 11.06.2011 - 17.06.2011 г

ВЕНЕЦЫЯНСКІ БІЕНАЛЕ НА ЎЛАСНЫЯ ВОЧЫ

/i/content/pi/cult/326/5899/pic_22.jpg4 чэрвеня ў Венецыі былі аб'яўлен/i/content/pi/cult/326/5899/pic_24.jpgы пераможцы Венецыянскага біенале. Нягледзячы на тое, што сярод прызёраў нашых суайчыннікаў не аказалася, беларускія ўдзельнікі форуму вярнуліся на Радзіму ў прыўзнятым настроі. Бо ў нашым выпадку гаворка ідзе пра перамогу іншага кшталту: Беларусь урэшце зрабіла крок на тэрыторыю сусветнага contemporary art. Выстаўка "Kodex" (куратар - Міхаіл Баразна, мастакі - Канстацін Касцючэнка, Віктар Пятроў, Дзяніс Скварцоў, Юрый Алісевіч, Артур Клінаў) адкрылася 3 чэрвеня на венецыянскім форуме. Сустрэўшыся па прыездзе з Венецыі з куратарам Нацыянальнага павільёна Рэспублікі Беларусь, рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдатам мастацтвазнаўства, прафесарам Міхаілам БАРАЗНОЙ, мастаком Артурам КЛІНАВЫМ і скульптарам Канстанцінам КАСЦЮЧЭНКАМ, карэспандэнт "К" зрабіў тры невялічкія інтэрв'ю, паспрабаваўшы падсумаваць вынікі першых дзён "ILLUMInations" сучаснага беларускага мастацтва на Венецыянскім біенале. 

 

 

Міхаіл Баразна

Што дамінавала на Біенале?

- Міхаіл Рыгоравіч, ці ўсё з першапачатковай задумы ўдалося ажыццявіць?

- Напэўна, у жыцці так не бывае, каб праект рэалізаваўся ў рэальным аб'ёме абсалютна на сто працэнтаў. Часам сама прастора, сам матэрыял падказвае, што можна было зрабіць лепш. Пэўныя тэхнічныя складанасці ўзнікалі, але першапачаткова было зразумела, што мы маем прастору з абмежаванымі характарыстыкамі. Ведаеце, гэта як у мастацтве кнігі: калі мастак са сваім творчым парывам не заўсёды ўмяшчаецца ў тэхнічныя параметры кніжнага выдання або газеты, і дызайнер мусіць перавярстаць ці давярстаць штосьці. Такім чынам, адпаведныя карэкціроўкі адбыліся і пад час збору экспазіцыі. Але ў цэлым праект рэалізаваўся, як і быў задуманы. Тым больш, маючы за спінай падтрымку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і нашага генеральнага спонсара, мы пачувалі сябе ўпэўнена.

- Якія ўражанні пакінула адкрыццё Нацыянальнага павільёна?

 - Натуральна, добрыя. Яно распачалося з творчай акцыі - перформанса Віктара Пятрова, які задаў тон усёй падзеі. Не абышлося, вядома і без афіцыйных прамоў: прывітальнае слова сказаў Пасол Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Італія Яўген Шастакоў, куратар, камісар, іншыя прадстаўнікі артсупольнасці... Усё ж коратка яго ахарактарызаваць можна так: дамінавала мастацтва. Прыемна, што папрысутнічаць на адкрыцці нашай экспазіцыі прыехала і група падтрымкі з Беларусі. Сёлета ў форуме прымае ўдзел больш за 80 краін свету, і, натуральна, чакаць пэўных вынікаў адразу пасля адкрыцця не выпадае, аднак у тым, што павільён Беларусі быў прыняты прыязна, сумнявацца не даводзіцца.

- Тэма сённяшняга Венецыянскага біенале гучала як "ILLUMInations", што можна перакласці, трактаваць і як "асвечаныя нацыі". Ці паказалі сябе беларусы на прыкладзе экспазіцыі "Kodex" тымі, хто здольны прапаноўваць цікавыя ідэі ў сучасным мастацтве?

- Напэўна, так. Паглядзеўшы іншыя выстаўкі, я ўпэўніўся ў тым, што ўсе папрокі на адрас нашага мастацтва не маюць пад сабой аніякіх падстаў, якога-кольвечы дылетантызму ці правінцыялізму мыслення. Пацвярджэннем таму - наступны факт, што ідэі беларускіх удзельнікаў Біенале перагукаліся з ідэямі іншых мастакоў, прадстаўленых на форуме. На галоўнай экспазіцыі Біенале была прадстаўлена карціна венецыянца Цінтарэта "Таемная вячэра", якая перагукалася з саламяным творам Артура Клінава. Я, заўважаючы гэтыя "перафразы", прыдумаў жартаўлівую назву для нашай экспазіцыі: "Барацьба інтуіцый". У цэлым, на гэтым біенале я ўбачыў, што адбываецца вяртанне цікавасці да ўнутранага свету чалавека, і гэта мяне ўзрадавала. Бо іншым часам, назіраючы сучасныя творы мастацтва, у мяне ўзнікала ўражанне, што ў хуткім часе чалавека не толькі маляваць, але і фатаграфаваць не будуць. Ды інтарэс вяртаецца, і беларусы ў гэтым сэнсе знаходзяцца на вельмі годнай пляцоўцы. Я шчыра веру, што тое адчуванне свету, светапогляд, які мае наш народ, тое, як ён размаўляе аб жыцці, - гэта ўнікальная рэч у канцэптуальным мастацтве. Нашы пачуцці найбагацейшыя на адценні. І, вядома, усё гэта знаходзіць сваю інтэрпрэтацыю ў сучасным мастацтве.

 

Канстанцін Касцючэнка:/i/content/pi/cult/326/5899/pic_23.jpg

"Мастацтва на 360 градусаў"

- Канстанцін, ваша скульптура "Распяцце" адкрывала экспазіцыю Нацыянальнага павільёна. Як вы пачувалі сябе ў якасці аўтара, можна сказаць, загалоўнага твора беларускай выстаўкі?

- Я быў вельмі задаволены, што маю работу ўстанавілі дакладна так, як было запланавана ў віртуальным праекце. Усё атрымалася добра: мы аформілі вялізную колькасць дакументаў, каб скульптура стаяла дакладна такім чынам - ні на сантыметр далей, ні на сантыметр бліжэй. Давялося нават узгадняць яе размяшчэнне з марскімі службамі: іх цікавіла, пад якім вуглом яна будзе ўстаноўлена, каб вецер не здолеў нанесці ёй шкоды. У выніку ўсё атрымалася так, як мае быць, і маю працу, сапраўды, было відаць здалёк. Безумоўна, мне было вельмі прыемна і пачэсна прадстаўляць нашу краіну. І асабліва калі я адчуў маштаб дадзенага форуму, гэтае хваляванне не падалося выпадковасцю.

- На вашу думку, што ў Нацыянальным павільёне было самым моцным складнікам?

- Усе мастакі, якія прадстаўляюць Беларусь, - прафесіяналы. Яны неаднойчы прымалі ўдзел у міжнародных мастацкіх форумах, і таму вылучаць кагосьці асобна лічу няправільным. Мне здаецца, Беларусь прадстаўлена ў Венецыі на годным узроўні. Што да экспазіцыі, нягледзячы на тое, што наш павільён быў абмежаваны ў плошчы, ён размешчаны на шляху да іншых выставак. Гэта мне падаецца перавагай.

- А канцэптуальная частка?

- Венецыянскі біенале - гэта вялікае шоу. Вар'яцкія ўльтрасучасныя работы тут суседнічаюць з класічным жывапісам. Канада, да прыкладу, прадставіла на выстаўцы цалкам традыцыйнае мастацтва: адна-дзве скульптуры, класічны жывапіс- і ўсё ўспрымаецца вельмі спакойна. Мяркую, калі б усе павільёны прапаноўвалі праекты прыкладна аднаго і таго ж характару - было б сумна. Біенале тым і цікавае, што мастацтва прадстаўлена тут "на 360 градусаў". І калі ты бачыш увесь гэты спектр, разумееш каштоўнасць і першага, і другога, і трэцяга... Кожны твор тут можа атрымаць самыя розныя адзнакі, і тое цалкам нармальна. Бо карысць біенале не ў тым, каб вызначыць лепшы від ці жанр мастацтва, а ў тым, каб пашырыць межы ўспрымання свету.  

 

Артур Клінаў

Эканамічная паралель

- Артур, вядома, што ваш саламяны твор "Тайная вячэра", які першапачаткова мусіў бы лунаць у паветры на спецыяльна падвешаных тросах, усё ж такі прэзентаваўся, так скажам, на зямлі...

- Вы маеце рацыю. Гэта адбылося з тэхнічных прычын. Шчыра кажучы, работу можна было падвесіць, але гэта патрабавала ўжо спецыяльных высілкаў, на якія не хапала ні часу, ні, у нейкім сэнсе, волі. Калі б я быў на мантажы, вядома, настойваў бы на тым, каб яна лунала ў паветры. Але ўсе гэтыя мінусы не замінаюць галоўнаму - самому факту ўдзелу ў Венецыянскім біенале. Лічу, што разважаючы пра ўдзел Беларусі ў форуме, тут гаворка мусіць ісці не пра тое, каб мы нечым здзівілі публіку і атрымалі ўзнагароду, а пра сам прэцэдэнт выхаду айчыннага contemporary art на сусветны рынак мастацтва. Да гэтага наша краіна практычна не ўдзельнічала ні ў адным буйным праекце, якіх у свеце налічваецца з дзясятак: акрамя Венецыі ёсць і БуэнасАйрэс, і Стамбул, Масква, шмат іншых, якія можна параўнаць з такой біржай мастацтва, і, натуральна, нас ніколі на гэтай біржы не было. Венецыя мае найбольш важкія пазіцыі сярод падобных форумаў, і ўвайсці праз гэтыя дзверы на сусветны рынак мастацтва - несумненны прарыў.

Зразумела, з першага разу, не маючы вопыту, не трэба чакаць, што мы адразу "сарвём куш". Але гэты першы крок заявіў пра нашу прысутнасць, ён быў добрым вопытам арганізацыі, досведам для будучых куратараў, будучых арганізатараў, камісараў, мастакоў, якія будуць удзельнічаць далей. Ён быў важны для наладжвання гэтых кантактаў, сувязей, і, увогуле, калі правесці такія эканамічныя паралелі, мы сёння выставілі свае акцыі на біржы. І хоць пакуль каціроўкі не зашкальваюць, гэта аб'ектыўная сітуацыя, што да новага тавару спачатку ставяцца з перасцярогай. Каб каціроўкі выраслі, патрэбен час.

 - Але ці адчулі вы, калі працягваць гэтую эканамічную паралель, пэўны інтарэс інвестараў?

- Магу зазначыць: тое, што мы выставілі, у прынцыпе, не было горшым за большую палову экспазіцый іншых павільёнаў. У нас няма праблем з аўтарамі, з мастакамі, няма гэтага пачуцця правінцыйнасці, недаспеласці, што мы недзе там спазняемся. Я магу ўзгадаць некалькі дзясяткаў аўтараў, якія рэальна могуць прадстаўляць Беларусь на Біенале, і іхнія творы будуць не горшыя за тое, што я бачыў у Венецыі. Тут, хутчэй, праблема ў тым, як даць аўтару добрую "аправу", як прэзентаваць яго праект. І яе давядзецца вырашаць, каб рухацца далей. Бо відавочна адно: найбольш эфектныя павільёны тыя, якія найбольш прыцягваюць увагу гледача, гэта павільёны, за якімі "стаяць" вельмі сур'ёзныя грошы. Гэта сродкі спонсараў, фірм, кампаніі, якія зацікаўлены ў прэзентацыі нацыянальных аўтараў на годным узроўні. Тое, што я казаў пра "аправу" для мастакоў, - гэта падтрымка нацыянальнага бізнесу. Добра, што ў нашым выпадку такі спонсар - "Прыорбанк" - з'явіўся. Але тое - першы крок. Для таго, каб мы далей мелі перспектывы на нейкія ўзнагароды, на нейкія траплянні ў топ-рэйтынгі, мусіць быць больш фінансавай падтрымкі. Гэта можа быць не адзін банк, а шэраг кампаній: чым больш інвестыцый укладзена, тым лепш прадстаўлены аўтары. І самі праекты могуць быць нашмат больш дарагімі і высокатэхналагічнымі, і месца экспанавання - больш прэстыжным. Усё гэта трэба ўлічваць пры праектаванні будучых павільёнаў. Пакуль жа я застаўся задаволены ўдзелам, бо цікавасць да майго твора была, і што асабліва прыемна - з боку італьянцаў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"