Лён у выратавальным крузе рэбрэндынгу

№ 20 (991) 14.05.2011 - 20.05.2011 г

Якая “проба” ў “беларускага золата”?

 У сакавіку Прэзідыум Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь адобрыў комплексны бізнес-план развіцця льняной галіны краіны на бліжэйшую пяцігодку. Згодна з ім, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання да 2013-га плануе стварыць ільняны холдынг, які павінен аб'яднаць 30 айчынных галіновых прадпрыемстваў. Як заявіў на нядаўняй прэс-канферэнцыі міністр сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы, "...у Еўропе відавочна скарачаюць вытворчасць ільну, таму ў апошнія месяцы замежныя інверстары праяўляюць усё большы інтарэс да нашых ільнопрадпрыемстваў. Такім чынам, Беларусь павінна актыўна прасоўваць сваю прадукцыю". Але ці знойдуцца ў айчынных крамах якасныя льняныя вырабы, што без сумневу можна было б назваць нацыянальным трэндам? Карэспандэнт "К" паспрабаваў высветліць, калі ж лён, кветкі якога ўплецены ў герб нашай краіны, стане яшчэ адным паўнацэнным брэндам, што ва ўсім свеце ў першую чаргу будзе асацыіравацца з Беларуссю.

 

Сакрэт, даступны кожнаму

 Айчынную льняную галіну чакае паўнавартаснае тэхнічнае пераабсталяванне. Пра гэта кажуць з упэўненасцю спецыялісты. У выніку павінна палепшыцца якасць сыравіны, што, у сваю чаргу, адаб'ецца на якасці тканін і вырабаў з іх. Новыя тэхналагічныя лініі павінны дапамагчы ўзняць аб'ёмы вытворчасці, каб цалкам задаволіць патрэбы айчынных прадпрыемстваў і выйсці на важкія лічбы ў экспарце.

Змены ў льняной прамысловасці ўзяты пад пільны кантроль на самым высокім дзяржаўным узроўні. Такая ўвага надаецца галіне небеспадстаўна: у свеце ўзмацняецца тэндэнцыя звароту да тканін з натуральных валокнаў. І нашай краіне з традыцыямі льняной вытворчасці неабходна паўнавартасна выйсці на міжнародны рынак гэтай прадукцыі.

Як бачым, перадумовы для рэбрэндынгу аднаго з галоўных традыцыйных сімвалаў краіны - існуюць. Але што сёння гатовы прапанаваць айчынным і замежным пакупнікам беларускія прадпрыемствы?

Прынамсі, мне, каб папоўніць свой гардэроб, пры ўсёй, падавалася б, разнастайнасці айчыннай ільняной прадукцыі, здзейсніць пакупку аказалася задачай не з лёгкіх: падобны тавар няпроста знасці ў шчыльных радах баваўнянага і сінтэтычнага адзення сталічных гандлёвых дамоў. Калі ж удаецца натрапіць на неабходнае і прымерыць мадэль, застаецца дзівіцца крою, бо адзенне зусім не "сядзіць", тапырыцца ва ўсе бакі.

Часта незразумелай становіцца колеравая гама: беларускі дызайнер прапаноўвае айчыннаму пакупніку атрутначырвоную, кіслотна-жоўтую афарбоўку ці колер фуксіі. Канешне, некаторыя еўрапейскія дамы мод прапанавалі вяснова-летнія калекцыі 2011 года стракатых расфарбовак, але такі выбар зроблены для маладзёжных напрамкаў і з выкарыстаннем тканін з сінтэтычных ніцей. Між іншым, як паведаміла карэспандэнту "К" Вольга Неўская, намеснік дырэктара адной з найбуйнейшых санктпецярбургскіх фірм, што прадастаўляе тканіны дамам моды і лепшым куцюр'е Расіі, "...Міжнародная выстаўка тэкстылю ў Парыжы, дзе фарміруюцца модныя тэндэнцыі будучых калекцый, канчаткова праясніла, што галоўным еўрапейскім трэндам застаецца прыродны колер натуральных тканін".

Хоць і не з першай спробы, я ўсё ж змагла набыць сабе льняныя штаны аднаго з айчынных вытворцаў, але радасць была нядоўгай: праз тры тыдні яны працёрліся так, што ніводная майстэрня не бралася іх пачыніць. Абураная, патэлефанавала на фабрыку ў Салігорск. У аддзеле маркетынгу і рэалізацыі ЗАТ "Калінка" прызналіся, што я не першая, хто звяртаецца да іх са скаргай на льняныя вырабы. У гэтым выпадку супрацоўнікі аддзела тлумачаць пакупнікам, што лён - тканіна недаўгавечная, і ставіцца да яе патрэбна вельмі акуратна.

 Пагадзіцеся, дзіўнае тлумачэнне, калі ўзгадаць, што лён на Беларусі заўсёды з'яўляўся сімвалам ткацтва, яго цанілі за трываласць і непадуладнасць уздзеянню часу... Вось з-за такіх акалічнасцей у айчыннага пакупніка складаецца памылковае ўяўленне, нібыта льняное адзенне не можа быць утульным, прыгожым, практычным і даўгавечным. З-за гэтага ўзнікае парадаксальная сітуацыя, калі беларусы вымушаны адмаўляцца ад той прадукцыі, якая павінна ствараць аблічча нашай краіны на сусветным рынку.

 

Мастацтва адбору

 Галаўной арганізацыяй будучага холдынга стане РУПТП "Аршанскі льнокамбінат". Сёння практычна ўсе швейныя арганізацыі, якія займаюцца стварэннем ільняных калекцый, працуюць з тканінай менавіта гэтага прадпрыемства. Запатрабаванасць у яго сыравіне можна пацвердзіць адным красамоўным фактам: па выніках 2010 года льнокамбінат выйшаў на бясстратную работу.

Як паведаміла кіраўнік аддзела маркетынгу Таццяна Новікава, на прадпрыемстве ўкаранёна і сертыфікавана сучаная сістэма менеджменту якасці на адпаведнасць міжнародным стандартам. Льнокамбінат прапануе шырокі спектр льняных і паўільняных тканін для сталовай і пасцельнай бялізны, сарочачна-блузачныя, бартавыя, парцьерныя, дэкаратыўныя, мэблевыя тканіны, для жывапісу і г. д. Штогадова льнокамбінат пашырае калекцыю палоцен на 15 - 20 працэнтаў, прапануючы швейнікам вырабы з рознай ступенню змякчэння, разнастайнай тэхналогіі пляцення, запатрабаванымі малюнкамі, прынтамі, найшырокай колеравай палітрай (у асартыменце - каля тысячы колераў і адценняў).

 - Мы гатовы прадаставіць палатно на любы густ самага патрабавальнага заказчыка, - запэўнівае суразмоўца.- На жаль, сустракаюцца сітуацыі, калі некаторыя швейнікі выбіраюць тканіну, зыходзячы з яе кошту, але забываюцца, што з яе будуць кроіць. На выхадзе атрымліваецца таннейшае адзенне, але з матэрыялу, які не разлічаны на пэўныя нагрузкі...

На думку кіраўніка аддзела маркетынгу, тая ж сітуацыя - і са знешнім выглядам канчатковай мадэлі: швейнік павінен добра вывучыць структуру лёну, яго асаблівасці, і з улікам гэтага распрацаваць спецыяльныя лякалы. "Прынамсі, тканіна Аршанскага льнокамбіната карыстаецца вялікім попытам у краінах Прыбалтыкі. Суседзі неаднойчы прывозілі прадэманстраваць нам свае калекцыі, але ніводнага разу не было чутно нараканняў, што палатно не паддаецца шыццю, тапырыцца. Вось прыклад дакладнай працы з матэрыялам", - зазначыла кіраўнік аддзела маркетынгу.

 Але, пры ўсім тым, на Аршанскім льнокамбінаце не спыняюцца на дасягнутым: цяпер працягваецца тэхнічнае пераабсталяванне, якое дапаможа ў чарговы раз павысіць якасць палатна.

 

Дзяцінства ў ільняным

Зрэшты, разумны падыход да выкарыстання ўнікальных уласцівасцей льняной тканіны зрабіў сапраўдны пераварот у галіне тавараў для дзяцей. Як вядома, лён - не толькі экалагічна чысты прадукт, які добра ўбірае вільгаць і хутка высыхае. Да ўсяго, гэтая натуральная тканіна валодае антысептычнымі якасцямі, а таксама мае каштоўныя мікраэлементы і аддае іх чалавеку, прынамсі, папаўняючы дэфіцыт крэмнію і селену. Немалаважна, што льняное палатно пэўнага пляцення можа вытрымаць нагрузку да 25 кілаграмаў. Усе гэтыя акалічнасці дазволілі айчыннаму лёну заняць выдатнае месца ў нішы такіх модных тавараў сучаснай моладзі, як слінгі - перавязі для нашэння дзяцей.

Маладыя матулі ў Еўропе даўно выкарыстоўваюць ільняныя слінгі, якія, між іншым, нямала каштуюць. Беларускія аналагі з айчыннай сыравіны сталі сапраўдным адкрыццём, бо па сабекошце яны ўтрая таннейшыя за замежныя брэнды з іншых валокнаў, а па якасці і галоўных паказчыках нават пераўзыходзяць некаторыя (прынамсі, самы тонкі лён больш трывалы за бавоўну). Ільняныя перавязі сталі надзвычай папулярнымі ў вяснова-летні перыяд, і нават у рэспубліканскай сетцы брэндавых крам англійскага дзіцячага адзення на заўважным месцы выстаўлены менавіта айчынныя слінгі.

- На сёння каля 40% тавараабароту прыходзіцца на перавязі з ільну,- распавяла Алеся Талпека-Махатаева, намеснік дырэктара прыватнай фірмы, што першай узялася за вытворчасць ільняных слінгаў у рэспубліцы. - Штогадова мы змяняем калекцыі кальцавых слінгаў. Цяпер адшукалі ў прайс-лісце Аршанскага льнокамбіната вельмі ўдалую тканіну для такой мадыфікацыі перавязей, як слінг-шалік. Адзінае што - лён хутка мнецца, аднак гэтую асаблівасць тканіны мы навучыліся "хаваць" у колеравым рашэнні...

 Дарэчы, прадуманы падыход да справы можа ў перспектыве адкрыць для айчынных вытворцаў яшчэ адну выдатную нішу для экспарту: слінганашэнне ў свеце развіваецца ў геаметрычнай прагрэсіі, таму беларускія перавязі з натуральных тканін па прымальных цэнах прыйдуцца даспадобы замежным матулям.

 Такім чынам, добра прадуманы падыход швейнікаў да нюансаў сыравіны даў магчымасць беларускім мамам не толькі выбраць натуральную тканіну, але і далучыцца да этнічных каранёў: вядома, што нашыя прабабкі выходзілі ў поле, павязаўшы цераз плячо льняны ручнік, у якім салодка спала немаўля.

 

Што можа калекцыя?

Актыўна з айчынным ільном працуе ААТ "Цэнтр моды". Ужо шосты сезон установа выпускае тэматычную лінію "Галерэя лёну". У 2005-м Цэнтр моды стаў заснавальнікам штогадовага фестывалю моднага адзення з лёну. Як паведаміла галоўны мастацкі кіраўнік установы Эльвіра Жвікава, нядаўна яе мадэльеры прадстаўлялі тэматычную калекцыю на выстаўцы ў Боне і атрымалі самыя кампліментарныя водгукі. Немцы былі здзіўлены якасцю пашыву, адзначалі рафінаванасць беларускага дызайну.

- Лён, зразумела, - матэрыял няпросты. Сучасныя тэхналогіі апрацоўкі сыравіны дапамагаюць зрабіць тканіну менш мятай, мягчэйшай навобмацак. Канешне, хацелася б, каб айчыннае палатно мела больш разнастайных прынтаў, каб з'яўляліся варыянты з дабаўленнем шоўку, бавоўны, стрэйча (у гэтым выпадку дызайнер можа даць волю фантазіі ў рабоце з эфектамі, якія ствараюцца на паверхні матэрыялу). Нашаму вытворцу тканіны ёсць куды імкнуцца, - зазначыла Эльвіра Жвікава. - Аднак некаторыя неадпаведнасці матэрыялу не могуць быць апраўданнем для неахайнага стаўлення да стварэння калекцый. Хутчэй, гэта - нагода зрабіць той дызайн, які лагічна клаўся б на сыравіну, што рэальна існуе...

 Па словах Эльвіры Жвікавай, разумны мадэльер, каб прадаць сваю калекцыю, павінен улічваць менталітэт дадзенага рэгіёна. Прынамсі, расіянкі схільныя да імперскага стылю, беларускі ж па-еўрапейску больш стрыманыя. Але, прааналізаваўшы паказчыкі продажу, Цэнтр моды стаў адшываць для ўнутранага рынку, на які ў асноўным і працуе, больш эмацыйныя, яркія калекцыі ў параўнанні з аналагамі для еўрапейскіх выставак.

Каб лепш прасоўваць сваю прадукцыю, Цэнтр моды пайшоў на стварэнне ў Мінску ўласнай тавараправоднай сеткі. "Не кожны пакупнік жадае шукаць патрэбную рэч у агульнай масе прапаноў. Таму мы заснавалі фірменныя крамы, а ва ўсіх буйных гандлёвых дамах вывелі сваю прадукцыю пад пазнавальным лейблам ды паставілі ў секцыі ўласных прадаўцоў-кансультантаў. Гэтыя затраты далі цудоўны вынік: аб'ёмы продажу адразу ўзраслі. У прыватнасці, за мінулы год - аж у чатыры разы! У 2010м без уцэнкі было прададзена 85% льняной калекцыі", - дадала кіраўнік упраўлення маркетынгу "Цэнтра моды" Святлана Шэстак.

Аднак лён - тавар сезонны, і каб прадпрыемству працаваць у прыбытак, неабходна, на думку Святланы Шэстак, арыентавацца на экспарт.

 

Як з экспартам?

 Беларускія швейнікі часта прымаюць удзел у замежных выстаўках, пасля якіх, акрамя добрых водгукаў, канешне ж, хацелася б мець канкрэтныя вынікі ў выглядзе дагавораў на выгадных умовах. На тых мерапрыемствах айчынныя вытворцы льняных вырабаў могуць знайсці кантакты, весці перамовы, але атрыманае не заўсёды адпавядае жаданаму. Той жа Цэнтр моды сёння прапануе вырабы з натуральнай тканіны ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Падольску, Чалябінску, ёсць нават выхады на Францыю, аднак у агульным аб'ёме продажу гэта - кропля ў моры.

 - Цэнтр моды штомесячна распрацоўвае каля 25 - 30 новых мадэлей. Ёсць калекцыі ў больш дарагім і ў таннейшым варыянтах. Разнастайнасць і якасць прадукцыі падабаецца прадстаўнікам замежных гандлёвых сетак, аднак нашы прапановы не адпавядаюць запатрабаванням аптавікоў: калі магутнасці нашай вытворчасці дазваляюць выпусціць адзінак 150, то аптавіку можа спатрэбіцца і 1000, - распавяла Святлана Шэстак.

Каб выйсці з ільном на замежныя рынкі, неабходна, мяркуе суразмоўца, падтрымка канцэрна "Беллегпрам". Кожная краіна, у першую чаргу, клапоціцца аб сваіх вытворцах, таму айчынным прадпрыемствам па адным прабіцца да іншаземных пакупнікоў цяжка. Па словах суразмоўцы, лепшым выйсцем было б, калі "Беллегпрам" узяўся за стварэнне беларускіх гандлёвых дамоў ільну за мяжой. Там шматлікія айчынныя швейнікі на правах арэнды змаглі б прадставіць свой тавар і такім чынам прасцей заваяваць як расійскі, так і заходні рынак. Зрэшты, Цэнтр моды ўжо распрацоўвае комплекс пэўных прапаноў, каб гэтую ідэю паспрабаваць ажыццявіць на практыцы.

 

Брэнд адзін на ўсіх

Напрыканцы хочацца ўзгадаць простую ісціну: каб не працаваць на склад, неабходна не толькі вырабляць, але і прадаваць тавар. А для гэтага трэба перш за ўсё навучыцца яго правільна падаваць. Паказальны прыклад непрадуманага мерчэндайзінгу доўга шукаць не трэба - варта толькі спусціцца ў падземны гандлёвы комплекс "Сталіца", што знаходзіцца пад плошчай Незалежнасці, - адзін з самых папулярных турыстычных аб'ектаў Мінска. На самых бачных месцах па цэнтры комплексу прапануюць мадэльныя льняныя капялюшыкі... расійскай вытворчасці. Тэматычны ж павільён аналагічнай айчыннай прадукцыі схаваўся ў закутку, а вакол - ніводнага банера ці расцяжкі, якія паведамлялі б аб яго знаходжанні...

 Як бачым, рэбрэндынг беларускага лёну - праблема комплексная, вырашэнне якой залежыць ад усіх гульцоў рынку. Калі больш адказна падысці да якасці тканіны, дызайну, стварэння лякалаў, пашыву адзення, каб тыя рэчы былі не толькі натуральнымі, але і прэзентабельнымі, па ўсіх правілах маркетынгу паднесці тавар пакупніку, - тады атрымаецца стварыць сапраўды станоўчы піяр нашаму "паўночнаму шоўку".

Сённяшняя сітуацыя на еўрапейскім рынку лёну спрыяе айчынным вытворцам, занятым у дадзенай галіне. Было б вельмі неразумным упусціць момант, калі беларускі лён - сімвал экалагічнасці і чысціні - можа стаць адным з галоўных брэндаў нацыі ў свеце.

Настасся ПАНКРАТАВА

 

Ад рэдакцыі.

Падаецца, адным з заўважных мерапрыемстваў у рэалізацыі стратэгіі рэбрэндынгу гэтай галіны вытворчасці мог бы стаць еўрапейскага кшталту Фестываль-кірмаш ільну - як самастойная падзея з удзелам патэнцыйных камерцыйных партнёраў з-за мяжы і непасрэдных спажыўцоў. Ды і наогул, статус сталіцы такога форуму, скажам, у той жа Оршы, павысіць і прэстыж самога горада, а турыстычнае "паломніцтва", пагадзіцеся, нікому не зашкодзіла.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"