Чалавек з кагорты тых рупліўцаў беларускай культуры, якія рабілі сваю справу старанна і карпатліва, без гучных дэкларацый, але менавіта дзякуючы якім у самыя складаныя часы нацыянальнага нігілізму не згас агеньчык Памяці і Спадчыны, Ядвіга Юльянаўна Раманоўская, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы на працягу 26 гадоў, збірала купалаўскую рукапісную спадчыну, дакументы і матэрыялы да біяграфіі Янкі Купалы і яго асяроддзя, успаміны пра Песняра сучаснікаў паэта, прымала ўдзел у стварэнні экспазіцый і выставак у музеі і яго філіялах. Аўтар і рэцэнзент шматлікіх артыкулаў энцыклапедычнага даведніка "Янка Купала", буклетаў, артыкулаў у перыядычным друку. Дзякуючы намаганням Ядвігі Юльянаўны ўсталяваны мемарыяльныя дошкі, увекавечаны мясціны, звязаныя з жыццём і творчай дзейнасцю Янкі Купалы.
Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, падзяляючы ўвесь цяжар бязмернай і незаменнай страты, выказвае словы спачування і падтрымкі родным і блізкім.