Уверцюра да фестывалю

№ 18 (989) 30.04.2011 - 06.05.2011 г

У мінулы чацвер сабраўся чарговы гарадскі штаб, на якім быў абмеркаваны ход рэканструкцыі Канцэртнай залы “Віцебск”.

Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў паведаміў "К", што на апошнім пасяджэнні штаба прысутнічалі старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін і генеральны дырэктар Дырэкцыі Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" Радзівон Бас.

Як вядома, Канцэртная зала "Віцебск" - адзін з паўтара дзясятка аб'ектаў культуры горада, што напоўніцу будзе задзейнічаны пад час "Славянскага базару...". Кожны з іх цяпер актыўна рыхтуецца да фестывалю. Але асноўныя работы вядуцца на КЗ "Віцебск", дзе штодня працуе па 120 будаўнікоў-рамонтнікаў. З мая работы будуць наладжаны ў дзвюхзменным рэжыме.

Сёння, як паведаміў начальнік упраўлення культуры, у абласным цэнтры праходзіць чарговы суботнік з удзелам старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Косінца. Усё натуральна: Віцебск рыхтуецца не толькі да фествальнага свята, але і да Дня горада, што будзе адзначацца 25 чэрвеня.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"