“Шчаслівасць” у Гомелі

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

26 красавіка, год 2011-ы...

Беларускі дзяржаўны ансамбль "Песняры" выступіць у рамках акцыі ў Гомелі менавіта 26 красавіка. Музыканты прадставяць сваю новую праграму"Шчаслівасць", аснову якой складаюць песні на вершы народнага паэта Беларусі Янкі Купалы.

- Гэта будзе не шараговы канцэрт,- падкрэслівае мастацкі кіраўнік калектыву Вячаслаў Шарапаў. - Мы адзначым тое, што Гомель стаў Культурнай сталіцай Беларусі і СНД. Таксама звернем увагу на 25-ю гадавіну з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС, што якраз прыпадае на дзень канцэрта.Падзея адбудзецца ў памяць заснавальніка "Песняроў" Уладзіміра Мулявіна, якому сёлета споўнілася б 70 гадоў.

Сімвалічна таксама тое, што ў 2011-2012-м будзе шырока святкавацца юбілей з дня нараджэння Янкі Купалы, і альбом "Шчаслівасць" стаў своеасаблівай данінай павагі класіку ад "Песняроў".Дыск гэты публіка ўжо паспела ацаніць. Вячаслаў Шарапаў дадаў, што ўсе песні са "Шчаслівасці" слухачы ўспрымаюць з задавальненнем. А патэнцыйнымі хітамі, на яго погляд, могуць стаць кампазіцыі "Лясное возера" і "Як у лесе зацвіталі...":  менавіта іх аўдыторыя ўпадабала больш за ўсё.

- Гэтая канцэртная праграма мае нацыянальны кірунак, і мы прэзентуем яетолькі на тэрыторыі Беларусі, - кажа мастацкі кіраўнік  ансамбля. - Але ўжо сёння рыхтуем песні для новага альбома. Магчыма, прэзентуем новы дыск у канцы бягучага года. Спадзяёмся, нашы сябры за мяжой будуць спяваць гэтыя песні разам з беларускамоўнымі творамі!