Удалы старт даў упэўненасць, што спявачка і адначасова студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў - на правільным шляху. Таму яна пачала задумвацца і пра сольную кар'еру. У эфіры з'явіліся першыя песні, напісаныя менавіта для яе, у тым ліку - беларускамоўная "Зорка".
- У дзяцінстве, - кажа Вольга, - былі студыйныя заняткі, раённыя ды гарадскія конкурсы. Але прафесійным пунктам адліку стаўся, пэўна, сольнік "Верасоў" у Мірскім замку, следам - выступленне ансамбля на "Славянскім базары ў Віцебску", і далей, як кажуць, - у тым жа тэмпе. Праца ў Прэзідэнцкім аркестры пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна - новая прыступка ў маім творчым жыцці. Да ўсяго, хочацца знайсці сябе, свой уласны стыль, а ён уяўляецца мне лірычным, жаноцкім, рамантычным. Сёння яшчэ рана гаварыць, што і як атрымаецца. Але - трэба спрабаваць, імкнуцца. І, вядома, вельмі жадаць! А таксама ўсё-усё для гэтага рабіць...