Касманаўт з вёскі Белае

№ 16 (987) 16.04.2011 - 22.04.2011 г

(Заканчэнне. Пачатак у № 15.) …Пачаліся расследаванні прычын няўдачы, але асноўная версія ўзнікла адразу: абвінавацілі экіпаж у няўмелым кіраванні караблём, маўляў, яны пашкодзілі стыковачны модуль, пагнулі штыры на станцыі — тым больш, што абодва, Кавалёнак і Румін, паляцелі ўпершыню. Следам запусцілі туды экіпаж Грэчка — Раманенка. Задача: дазнацца, што канкрэтна пашкодзіў, “натварыў” Кавалёнак?

/i/content/pi/cult/318/5626/pic_18.jpg- Яны яшчэ ляталі, а ад іх ужо патрабавалі справаздачу аб рамонце стыковачнага модуля, быццам бы пашкоджанага мной, - узгадвае Уладзімір Васільевіч.- Георгій Грэчка агледзеў модуль: усё ў цэласці, нічога не трэба рамантаваць, - і далажыў на Зямлю: "Тарэц цэлы, блішчыць, бы толькі са станка!" Падпісваць пад прымусам акт пра вінаватасць Кавалёнка ён адмовіўся. Тады камісія насела на Раманенку: падпішы! Ён стаў угаворваць Грэчку, але Георгій не "сагнуўся" - па сутнасці, выратаваў мяне.

Найбольш верагодная разгадка таямніцы стыкоўкі, якая не адбылася, высветлілася: метэаўмовы. І радок рэпартажу ў момант старту быццам прадказваў гэта: "Вецер наносіць белыя клубы туману..." Услед за туманам, як звычайна, пайшоў дождж, і вада, што запоўніла адкрытыя "кубачкі" стыковачнага модуля карабля, пры выхадзе яго ў атмасферу, вядома ж, замерзла і таму не дала магчымасці ўвесці ў "кубачкі" штыры станцыі.

Некалькі месяцаў, пакуль ішло расследаванне, правёў Кавалёнак у роспачы, у самоце... Далей у яго, канешне ж, быў той трыумфальны пяцімесячны палёт на "Салюце-29" з Аляксандрам Іванчэнкавым, пасля якога і з'явіўся фільм "Хлопец з вёскі Белае".

 

 Першы эпізод стужкі "Беларускі вакзал": былыя дэсантнікі- акцёры Папанаў, Глазырын, Ляонаў і Сафонаў - на могілках, на пахаванні свайго баявога сябра... Якое дачыненне мае гэтая выдатная карціна да ўраджэнца Калодзішчаў, шасціразовага рэкардсмена па парашутным спорце Валянціна Даніловіча? Ды самае непасрэднае: гэта яго магіла. Сусветна вядомы спартсмен меў мару: космас. Дазнаўшыся неяк, што да палётаў рыхтуюцца і цывільныя - інжынер Феактыстаў, урач Ягораў,- 12 чэрвеня 1964 года напісаў заяву Галоўнаму маршалу авіяцыі К.Вяршыніну: "Прашу ўключыць мяне ў групу касманаўтаў для палёту ў космас у якасці інжынера або фотакінааператара". Прашэнне задаволілі./i/content/pi/cult/318/5626/pic_19.jpg

Але Даніловічу стала вядома, што на караблях "Алмаз", якія рыхтаваліся ў КБ акадэміка Чэламея для высадкі касманаўтаў на Месяц, паляцяць ваенныя. І ў красавіку 1965-га Даніловіч падае заяву аб пераводзе яго ў ваеннае ведамства, а канкрэтна - у "месяцовую" групу падрыхтоўкі. І тую просьбу задаволілі: аформілі на працу ў Ваенна-лётную акадэмію.

Але... У 1966-м памёр Каралёў, 24 сакавіка 67-га загінуў касманаўт Камароў, ракеты-носьбіты Н-1, што прызначаліся для Месяца, узрываліся на старце... Да таго ж, 20 ліпеня 1969 года амерыканскія астранаўты на "Апалоне-11" высадзіліся на Месяцы. Нашым нічога не заставалася, як казаць, маўляў, наша мэта зусім іншая: запусціць туды каляску-лунаход. Карацей, "месяцовую" групу касманаўтаў расфарміравалі. Даніловіч стаў выпрабавальнікам крэсла К36 для пілота гінучага самалёта, што "выстрэльвала", бы катапульта, затым на вышыні раскрываўся парашут, і - прызямленне. Пры апошнім выпрабаванні прынялі рашэнне апрануць Даніловіча ў скафандр. Апусціцца давялося чамусьці ў ваду. Стропы заблыталіся, і Валянцін Іванавіч у нязграбным скафандры папросту захлынуўся... Выратавальны катар спазніўся... Той выпрабавальнік, хто ўваслед "давёў" да серыі канструкцыю К-36, стаў Героем Савецкага Саюза. Валянцін жа жыццём заплаціў за крэсла, якое ў будучым выратавала жыцці сотням лётчыкаў...

Дык вось, здымкі эпізода "Пахаванне аднапалчаніна" для славутага фільма былі запланаваны кіношнікамі на Увядзенскіх могілках Масквы. Якраз у той час там родныя і сябры сабраліся на "дзевяціны" па Даніловічу. Рэжысёра ўзрадавала, што не трэба майстраваць дэкаратыўную магілу, што некаторыя ўдзельнікі рытуалу былі ў мундзірах з блакітнымі пятліцамі дэсантнікаў: тое супадала са сцэнарнымі біяграфіямі герояў! У ліку прысутных - бацькі Даніловіча. Калі спыніць кінастужку на стопкадры, можна на шыльдачцы пірамідкі з зорачкай, сярод кветак і вянкоў, прачытаць імя: "Валянцін"... Гэтае імя далі ў фільме і нябожчыку, якога паміналі кінасябры.

Артыст Аляксей Глазырын - ён іграў у фільме дырэктара,- расчуліўшыся, сказаў: "Памру - вось тут, побач, мяне і пакладзіце". Неўзабаве ён пайшоў з жыцця, і пахаваны быў проста за магілай Даніловіча.

Дарэчы, у Мінску жыве родны брат Валянціна Іванавіча, які і распавёў пра "кінападрабязнасці" пахавання, што ўвайшлі ў маю карціну.

 

Пасля ўсім вядомага "Паехалі!" наступны выраз Юрыя Гагарына прагучаў, калі ўключыўся рухавік пры выхадзе на арбіту: "Косберг сработал!"

Старшы лейтэнант Гагарын павінен быў вярнуцца з космаса маёрам. Але за тое, что раскрыў па радыё на ўвесь свет прозвішча канструктара рухавіка трэцяй ступені, хацелі даць толькі капітана. Урэшце, даравалі.

Косберг - таямніца ў СССР, такая ж, як Каралёў, Глушко, Янгель, Чэламей, Мішын. Прозвішчы іх не заўжды станавіліся вядомымі, нават пасля смерці галоўных канструктараў сакрэтных праектаў.

- Ураджэнец Слуцка, старэйшы з сямі дзяцей каваля, ён з дзяцінства дапамагаў бацьку ў яго "вогненна-жалезных" справах, - распавядае старшы навуковы супрацоўнік Слуцкага раённага краязнаўчага музея Святлана Жукоўская. Затым спыняецца на біяграфіі Сямёна Арыевіча, дадае: - Савецкія самалёты на пачатку вайны саступалі "фокерам" у хуткасці. Косберг распрацаваў арыгінальную сістэму ўпрысквання паліва ў рухавік, якая дала нашым "Ла-5" магчымасць перасягаць хуткасць нямецкіх...

У музеі стаіць пафарбаваны ў зялёны колер макет "косбергаўскага" вынаходніцтва для поршневых самалётаў. А з эпохай рэактыўных ён стаў вядучым канструктарам ракетных рухавікоў. Пад яго кіраўніцтвам створаны ракеты-носьбіты для караблёў "Усход" і "Саюз".

На фота, зробленым пасля палёту Гагарына, ён - у светлым плашчы, побач з Каралёвым. Пропуск на Байканур у Косберга быў пад нумарам "2". Тут жа, у музеі, - газета "Волжская коммуна" з партрэтам Гагарына, ягоным аўтографам і надпісам: "Косбергу за третью ступень"; нарукаўная павязка з аўтографамі першых касманаўтаў, макет ракетнага рухавіка для аўтаматычных міжпланетных станцый.

- Яны накіроўваліся да Венеры, Марса, Месяца. Рухавікі для "Пратонаў", для ракет Р-9, што больш за 20 гадоў стаялі на ўзбраенні Савецкай Арміі, - гэта ўсё стварэнні майго бацькі, - распавядае Рыгор Сямёнавіч Косберг, сын славутага канструктара, сам выпрабавальнік авіярухавікоў. Ён перадаў у Слуцкі музей больш за два дзясяткі каштоўных экспанатаў з бацькоўскай "вынаходніцкай" спадчыны. - Ён быў Героем Сацыялістычнай працы, удастоены Ленінскай прэміі... У студзені 1965-га загінуў у аўтакатастрофе пад Варонежам...

З-за "сакрэтнасці" зведаў пакуты журналіст Герман Назараў: яго звольнілі з працы "за згубу пільнасці". Ён напісаў для Вялікай савецкай энцыклапедыі артыкул пра Косберга і яго закончыў словамі: "Загінуў у Варонежы". Тым самым быццам бы "рассакрэціў" месцазнаходжанне КБ...

 

І, калі працягваць музейную тэматыку, яшчэ пару штрыхоў. Напрыканцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя ў беларускай гімназіі Наваградка выкладаў Язэп Драздовіч. Валацуга з мальбертам, з позіркам у нябёсы, ён стаў заснавальнікам касмічнай тэмы ў жывапісе. Прычым космас на яго малюнках нараджаўся ў ягоных марах...

У тыя ж гады вучыўся ў гэтай жа гімназіі Барыс Кіт. Выявы, часцяком на простай цыраце, якія маляваў настаўнік, не маглі не ўразіць юнака. Але да "кітавага" космасу было яшчэ далёка...

Скончыўшы Віленскі ўніверсітэт, Барыс уладкаваўся інспектарам і адкрыў па Заходняй Беларусі больш за сто беларускіх школ, за што "пшы польскім часе" стаўся на некаторы час вязнем... Ды і мала чаго надарылася!

Цяпер беларус Барыс Кіт - сусветна вядомы матэматык, фізік, хімік, медык, філосаф. Вянец праявы яго ведаў і дзейнасці: стварэнне вадкага паліва для амерыканскіх касмічных ракет, у тым ліку для палётаў да Луны.

- Слухайце, я толькі фармальна належыў амерыканскім грамадзянам. Але я не здрадзіў беларускаму народу - а ні кроплі, а ніколі! Ведаеце, кожны чалавек нехта ёсць. Я- беларус! Усё! - так, па-беларуску, спавядаецца Барыс Уладзіміравіч перад камерай, наведаўшы радзіму. - Я працаваў не для Амерыкі, а для ўсяго чалавецтва. Я- супраць вайны, за дабрабыт, за сусветную сям'ю. Палёт "Апалона" на Месяц рыхтавалі: каб запусціць касмічны карабль, там такая камп'ютарная тэхніка! Што рабілі там- было выкарыстана ў грамадскім жыцці. Атрымалася камп'ютарная рэвалюцыя, камп'ютарная эпоха. Працавалі для прагрэсу ўсяго чалавецтва...

 

Газета "Правда" ад 10 красавіка 1979 года: "Сёння ў 20 гадзін 34 хвіліны маскоўскага часу ў Савецкім Саюзе ажыццёўлены запуск касмічнага карабля "Саюз-33". Касмічны карабель пілатуе міжнародны экіпаж: камандзір карабля, двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт СССР Мікалай Рукавішнікаў і касманаўт-даследчык, грамадзянін народнай Рэспублікі Балгарыя Георгій Іванаў".

Дата запуску - вечар 10 красавіка - абрана не выпадкова: стыкоўка са станцыяй "Салют-6" павінна адбыцца дакладна 12 красавіка, у Дзень касманаўтыкі. І зноў таропкі старт "да даты", і зноў жа, як кажуць, наступілі на тыя ж граблі...

Тымі днямі я быў у Маскве, здымаючы "кватэрныя" эпізоды Кавалёнка. Усё, пра што расказваю, пачуў ад яго.

У святочны вечар у кафэ "Юнацтва" вольныя ад спраў касманаўты адзначалі свой "Дзень". Традыцыя гэтая пайшла яшчэ з часоў Гагарына. Калі яго не стала, застолле вяла ягоная жонка Валянціна.

Раптам улятае пасыльны з загадам Кавалёнку зараз жа, тэрмінова, прыбыць у ЦКП. Тэрміновасць выкліку была такая, што за ім адным паслалі аўтобус (іншых вольных машын на той час не знайшлося)! Уладзімір Васільевіч памчаўся ў ЦКП, нават забыўшыся ў рэстаране на свой шынель. Зразумела: на арбіце наспявае трагедыя. Як жа сітуацыю на другі дзень "падала" "Правда"? "...В процессе сближения возникли отклонения в работе двигательной установки корабля "Союз33", и стыковка со станцией "Салют6" была отменена..."

Якая там "стыкоўка", якія "адхіленні"?! У "Саюза" ўвогуле не працуюць рухавікі! А рэсурс працы малога рэзервовага рухавіка - некалькі дзясяткаў секунд. А калі і ён не ўключыцца? Кіслароду і ежы ў касманаўтаў- на пяць дзён. І што з таго? А далей?

Шанц: застацца вечным спадарожнікам, бо ўратаваць іх ніхто не зможа, проста тэхнічна. Яшчэ шанц: нават калі ўключыцца рэзервовы рухавік, можна рэзка накіраваць карабель да Зямлі, але існуе вялікая рызыка згарэць пры ўваходзе ў атмасферу...

- Гэта так званы балістычны спуск, - тлумачыць інжынер М.Смердаў. - А прасцей каменем ляцець да зямлі. Не хвалямі, а наўпрост!

У любым выпадку, касманаўтам наканаваны жудасны лёс... Хуткі Савет у ЦКП з удзелам вопытнага Кавалёнка прыняў рашэнне: паспрабаваць вярнуцца, але Мікалай Рукавішнікаў павінен перайсці на ручное кіраванне касмічным караблём. Рызыка, але хаця які адзіны шанц на ўратаванне... Накіраваліся да Зямлі. Перагрузка ціску - 20 д, 20 адзінак (найвышэйшая норма - 6). - Памножце сваю вагу на дваццаць! - заўважае М.Смердаў. Менавіта пры ім адбыўся гэты старт. "Спускаемый аппарат совершил посадку в заданном районе", - абвясціла "Правда". Якое там! Ледзь не прызямліліся ў Кітаі. На пілотах ці не дыміліся скафандры!

 

Пасля першых палётаў, ужо ў далёкія 70-я, Пётр Клімук прарочыў: - Касманаўт сёння- гэта слава, папулярнасць! Але міне некалькі дзесяцігоддзяў- і прафесія гэтая станецца звычайнай... І яны прайшлі ўжо, гэтыя дзесяцігоддзі. Сёння дзеці беларускія нас радуюць: перамагаюць на міжнародных конкурсах па матэматыцы, па вынаходніцтвах, па валоданні камп'ютарам... ХХІ-е стагоддзе чакае сваіх Драздовічаў, Кітаў, Кавалёнкаў, Косбергаў, Клімукоў... Яны, веру, ужо нарадзіліся.

Уладзімір АРЛОЎ, кінарэжысёр

Фота з архіва аўтара