Ці баяцца фандрэйзінгу?

№ 14 (985) 02.04.2011 - 08.04.2011 г

З рэспубліканскага семінара

29 сакавіка ў Інстытуце культуры Беларусі прайшоў рэспубліканскі семінар "Шляхі мадэрнізацыі і рэфармавання ўстаноў культуры. Дзейнасць варыятыўных інтэграваных устаноў культуры", падрыхтаваны аддзелам міжнароднай і сацыякультурнай дзейнасці ўстановы.

У семінары бралі ўдзел намеснікі дырэктараў і спецыялісты абласных метадцэнтраў, кіраўнікі і метадысты РАМЦ, цэнтраў культуры, дырэктары СДК, загадчыкі сельскіх клубаў, новых спецыялізаваных устаноў культуры.

"Калі не вы, дык хто?"- пыталася ў прысутных выкладчык Інстытута культуры Беларусі і маркетолаг Святлана Папсуй. Менавіта маркетынгавыя падыходы ў свой час былі выкарыстаны для рэкламнага прасоўвання расійскага гарадка Епіфань. Тут у свой час быў рэалізаваны культурны праект "Сфатаграфуем любімы куток роднага горада". Ахвотных сярод гараджан было мора. На выніковую выстаўку прыйшло ўсё насельніцтва Епіфані. Дванаццаць лепшых фотаздымкаў сталі асновай для календара, які быў увобмірг раскуплены. Капеечны па ўкладаннях праект даў велізарны грашовы прыбытак. А галоўнае ў тым, што сайт Епіфані аздоблены здымкамі яе жыхароў, ён- інтэрактыўны, шматгранны і ёмісты. Ці многія нашы аддзелы культуры могуць пахваліцца гэтым жа?

Так, у выніку аптымізацыі асобныя ўстановы культуры не зніклі, а займелі вузкую спецыялізацыю, пераўтварыўшыся ў дамы фальклору, клубы сацыяльна-культурных паслуг, цэнтры адпачынку і народнай творчасці. Так, новыя шыльды забяспечылі захаванне рабочых месцаў, але гарантам яркай брэндавасці і непаўторнасці ў маштабах рэспублікі стаць пакуль, на маю думку, не здолелі. Метадыст Калінкавіцкага РАМЦ Ірына Стома згадала, што ў адным з цэнтраў сацыяльных паслуг дзейнічае аматарскае аб'яднанне, якое займаецца адраджэннем народнай медыцыны, знахарства, траўніцтва. Але хто за межамі раёна пра тое ведае? Мала прыдумаць - трэба яшчэ ўмець прыдуманае "распіярыць", каб крэатыў прыносіў як маральны, так і матэрыяльны плён. На думку дацэнта кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ Янкі Крука, наша сакральная геаграфія (крыніцы, дрэвы, капішчы...), народная медыцына пакуль не "працуюць" на брэндавасць аддзелаў культуры.

Пад час камандзіровак старшыні райвыканкамаў неаднойчы прызнаваліся мне: "Я пад рэалізацыю добрай ідэі грошы адшукаю заўжды. Але нашы культработнікі штосьці не спяшаюцца тыя ідэі нараджаць!" Слушна: нестандартных мерапрыемстваў па нашых аддзелах культуры пакуль мала. У межах сельсавета - нібыта эксклюзіў, у маштабах Беларусі - падзея выключна шараговая. І гаворка тут - не пра тое, каб літаральна кожная вёска мела культурны брэнд. Але хаця б адна самабытная адметнасць усё ж павінна вылучаць раён? Старшы выкладчык кафедры менеджменту БДУКіМ Наталля Краўцова, што не першы год займаецца сацыякультурным праектаваннем дзейнасці ўстаноў культуры, упэўнена, што прычына тут - не ў адсутнасці грошай, а ў тым, што на наезджанай каляіне менш трасе, а рух да новага - гэта заўжды збочванне на калдобіны.

Наталля Краўцова казала пра самае надзённае: пра тэхналогіі праектавання. Што такое культурны праект? Гэта выхад на новы ўзровень развіцця, удасканаленне, вырашэнне канкрэтнай праблемы за кошт рэалізацыі крэатыўнай ідэі. Было прапанавана некалькі выйгрышных тэхналогій: удзел "зоркі", інтэрпрэтацыя старога, незвычайная назва праекта, абмежаванне ў часе (наладжванне, скажам, конкурсу пляжных пясочных недаўгавечных скульптур), новая прастора (правядзенне, напрыклад, канцэрта не ў клубе, а ля старажытнага палаца)... Дык вось фандрэйзінг - пошук не столькі грошай, колькі рэсурсаў, якія дапамогуць рэалізаваць праект. Прагучала выключна важная думка пра тое, што ў наладжванні стасункаў з кіраўнікамі прадпрыемстваў работнікі культуры не павінны выглядаць жабракамі-папрашайкамі, бо яны - носьбіты невымернага духоўнага багацця. І грашовыя інвестыцыі ў яго развіццё - найпершая праява сацыяльна адказнага бізнесу. Карацей, спонсару не варта даваць "траву" - трэба забяспечыць яго "газонам", на якім ён сам тую "траву" будзе вырошчваць.

Загадчык аўтаклуба аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама Віктар Паўловіч здолеў пераканаць прысутных, што ён пастаянна рэалізоўвае праекты з мінімальным укладаннем грошай і з выкарыстаннем шэрагу тэхналогій. Першы праект мае "шокавую" назву "Усёй вёскай- у войска!" і прысвечаны ўрачыстым провадам прызыўніка на службу ўсёй сельскай талакой (інтэрпрэтацыя старога). Другі ж праект - "Вярнуўся я на радзіму" - рэалізоўваецца пад час вяртання вайскоўца са службы. І не было выпадку, кажа Віктар Паўловіч, каб кіраўніцтва адмовіла ў матэрыяльнай падтрымцы праектаў.

Словам, любая праграма развіцця раённай культуры павінна складацца не з фармальных пунктаў, а з канкрэтных праструктурыраваных праграм. Толькі тады змена шыльды ўстановы будзе гарантаваць выхад на новы творчы ўзровень.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"