У Магілёве неўзабаве пачне дзейнічаць Цэнтр рамёстваў. Ідэя яго стварэння належыць мясцовым уладам, якія ўпэўнены: абласны цэнтр, спрадвек багаты на традыцыйныя мастацтвы, павінен развіваць іх сістэмна.
Канцэпцыя дзейнасці, як і назва новай установы, па словах начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Сінкаўца, знаходзяцца цяпер у стадыі распрацоўкі. Мяркуецца, што рамесніцкія майстэрні размесцяцца ў памяшканнях фабрыкі мастацкіх вырабаў ці ў адным з будынкаў па Пушкінскім праспекце.
Як распавядае "К" Анатоль Сінкавец, у абласным цэнтры будзе адкрыта і школа рамёстваў па ўзоры навучальнай установы, што даўно і плённа дзейнічае ў Горках. Школа ў Магілёве адкрыецца з новага навучальнага года. Больш прадметнай, натуральна, стане і работа раённых дамоў рамёстваў.
У вобласці, па словах дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай і культурна-асветніцкай працы Алега Хмялькова, налічваецца каля 90 майстроў, што спецыялізуюцца на мясцовых традыцыйных мастацтвах.