“То ліцвінка Эмілія Плятэр”

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Частка І. Пяшчотныя клемацісы капітана ў спадніцы

/i/content/pi/cult/312/5415/pic_20.jpg"То ліцвінка Эмілія Плятэр" - гэта радок з верша Адама Міцкевіча, які ён прысвяціў удзельніцы паўстання 1830 - 1831 гг., збіральніцы беларускага фальклору, паэтэсе Эміліі Плятэр. "Смерць палкоўніка" - такую назву носіць твор класіка, які зрабіў еўрапейскую славу юнай змагарцы родам з беларускіх зямель, пакінуўшы паэтычны след пра яе асобу сучаснікам і нашчадкам. Амаль два гады я шукала аўтограф знакамітага прысвячэння паэта ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь, дзе захоўваюцца ўнікальныя архіўныя дакументы роду ЗібергПлятэраў. І цуд здарыўся! Выбраўшы шэраг файлаў, на стужцы аднаго з мікрафільмаў, праглядаючы перапіску графа ЗібергПлятэра са сваякамі, роднымі і знаёмымі, давялося сутыкнуцца з назвай, надпісанай касым почыркам: "Імправізацыя Адама Міцкевіча". Перада мной быў варыянт таго самага верша, дзякуючы якому імя Эміліі Плятэр сёння ведаюць ва ўсёй Еўропе. Гісторыя ажыла на маіх вачах! Падрабязна пра нечаканае адкрыццё - у наступным нумары. А сёння пачнём гісторыю графіні Эміліі Броель-Плятэр, 205-годдзе з дня нараджэння якой мы адзначаем сёлета, з самага пачатку. Гісторыю прыгажуні, чыё імя носяць нават кветкі - гатунак клемацісаў... 

Пісаць пра гэтую постаць і быць эмацыянальна-бесстароннім сузіральнікам - справа вельмі складаная. Бо чым больш пра яе даведваешся, тым больш ярка працуе ўяўленне. Яно вымалёўвае чалавека надзвычайных якасцей - тонкага, далікатнага складу, але, разам з тым, - з моцным унутраным стрыжнем і воляй. Што казаць: графіні Эміліі Плятэр удалося дасягнуць павагі ды захаплення нават на полі бою.

Перш чым аднавіць факты біяграфіі вядомай ліцвінкі, адразу заўважым, што ў сваім артыкуле абапіраліся на даследаванні архіўных матэрыялаў, напрацоўкі айчынных гісторыкаў... Ды ўсё ж хочацца падкрэсліць: многія, нават агульнавядомыя звесткі, якія датычацца Эміліі Плятэр, патрабуюць асцярожнага да сябе стаўлення. Перад намі - легенда, з усімі адпаведнымі гэтаму паняццю акалічнасцямі.

 

"Ну, паненка, ну, дзявуха!"

Нарадзілася Эмілія Плятэр у 1806 годзе ў Вільні. Частка гісторыкаў называе месяцам яе нараджэння студзень, частка - лістапад, але чысло супадае з абодвух бакоў - 13-е. Бацька яе - Францішак Ксаверый - паходзіў са старажытнага роду Плятэраў, якія прыйшлі ў Вялікае Княства Літоўскае з Вестфаліі. Маці - Анна Моль - была родам з Браслава. Род Плятэраў - заможны, валодаў мноствам маёнткаў, якія размяшчаліся на мяжы сённяшніх Беларусі, Літвы, Латвіі, Польшчы. У адным з іх - Ліксне Дынабургскага павета Віцебскай губерні - прайшло дзяцінства Эміліі. Сёння гэта ваколіцы Даўгаўпілса.

Існуе версія, што моцны ўплыў на характар юнай графіні аказалі не вельмі добрыя стасункі паміж бацькамі - менавіта таму маці і Эмілія з'ехалі з Вільні. Як бы там ні было, але ў выніку дзяўчыне пайшло на карысць гэта становішча, бо праз яго яна атрымала выхаванне, якое не "задушыла" яе прагі быць незалежнай асобай. Яна была вольнай пераязджаць з аднаго маёнтка ў іншы, да сваіх шматлікіх сваякоў, і "браць" тое, што было ёй да душы. Акрамя таго, у Ліксне мелася шыкоўная бібліятэка, кнігі якой вельмі садзейнічалі інтэлектуальнаму росту Эміліі. Вядома, што ў часы свайго сталення дзяўчына захаплялася літаратурай, матэматыкай, гісторыяй. І сярод яе куміраў галоўнае месца займалі Тадэвуш Касцюшка і Жанна д'Арк.

Эмілія пад уплывам паэтаў-філаматаў захапілася беларускім фальклорам. Гэты факт пацвярджаюць і ўспаміны Максімільяна Маркса, ураджэнца Віцебска, чыя маці - Кася - сябравала з "паннай Эміліяй".

"Яна, бадай, не памылюся, першая з запалам, уласцівым чуламу і шляхетнаму сэрцу, - піша Маркс, - аддалася душой беларускаму люду, добра бачыла яго бяду і спачувала яму, намагаючыся як толькі было можна, аблегчыць долю. Яна збірала і спявала беларускія народныя песні, штодня плаціла тым, хто ёй напяваў іх. Слухаючы гэтыя песні, сама спрабавала складаць нешта ім падобнае. На фартэпіяна яна ўмела вельмі выразна перадаць і зухаватасць, і тугу народных матываў, і нават тэмбр сапрана-жалейкі і баса-дудкі.

Аднаго разу яна, абдымаючы і цалуючы, запрасіла нават маю матку танцаваць з ёю Лепятуху ("Лепятуха" побач з "Мяцеліцай", "Качарбіхай", "Падушачкамі" і "Лявоніхай" - адзін з танцаў беларускага люду, выконваючы яго, танцоры па-заліхвацку кідаліся ў розныя бакі, моцна тупалі нагамі, пляскалі ў далоні і час ад часу выкрыквалі "га-гу!"), і маці не магла адмовіць свавольнай, але мілай Эміліі. Мой бацька, я і хлопецскрыпач надрываліся ад смеху, гледзячы, як танцоры круціліся і падскоквалі танцоркі.

- Ну, паненка, ну, дзявуха! Ды яшчэ і якая дзявуха, а залатая дзявуха! - з захапленнем казаў музыка.

- Але, дарагая Кася, ці ведаеш, што я навучылася галасіць?

"Галосяць" - гэта значыць аплакваюць (па-расійску "прічітают" альбо "пріговарівают") толькі дзеці на магілах сваіх бацькоў, жонкі над сваімі мужамі, маткі над трунамі дзяцей або пры адпраўленні сыноў у рэкруты. Спеў гэты жаласны, тужлівы, горкі, выкліканы сардэчным болем, імправізаваны з канкрэтнай нагоды, падобны на выццё, якое нельга перадаць. Аднак той, што ўсім сэрцам палюбіла просты люд, удавалася гэта зрабіць, і яна гучным голасам пачала:

- Авой, авой, дзяцюк ты мой! Не на радасць, не на шчасце ты радзіўся...

І ўсе бядоты, усе пакуты жыцця беларускага селяніна былі тут падрабязна пералічаны ёю, дакладна і прачула выказаны... Бацька мой слухаў стоячы, з закладзенымі па-напалеонаўску рукамі, а калі яна скончыла, страсянуў галавой і ўздыхнуў...Музыка рукамі выціраў слёзы, а я стаяў анямелы..."

 "Авой, авой, дзяцюк ты мой! Не на радасць, не на шчасце ты радзіўся..." - гэта толькі маленькія драбніцы з вялікай фальклорнай спадчыны "панны Эміліі", якія засталіся нашчадкам. А яе было шмат: найкаштоўнейшыя ноты, зборнікі, сшыткі. Іх згадваў у сваіх лістах бацька нашай гераіні. Усё гэта знікне праз будучыя судовыя спрэчкі прадстаўнікоў улады і сваякоў Эміліі, праз аўкцыёны, канфіскацыю маёмасці "мяцежніцы"... Усё гэта адбудзецца ўжо пасля падаўлення паўстання, якое праславіла і, адначасова, загубіла Эмілію.

 

/i/content/pi/cult/312/5415/pic_19.jpgРыцар-Дзева

 1830 год... Ранейшая палітыка Аляксандра І у дачыненні Рэчы Паспалітай, каранаванне імператара Мікалая І каралём Польшчы выклікаюць абурэнне патрыётаў, якія марылі адрадзіць сваю радзіму ў межах 1772 года.

...Як толькі да Эміліі даносяцца звесткі аб пачатку вызваленчага руху, яна тут жа аб'язджае бліжэйшых сваякоў і знаёмых з тым, каб пачаць падрыхтоўку паўстання ў Беларусі і Літве. У Эміліі і яе кузенаў нават нараджаецца план па захопе Дынабургскай крэпасці. Але задумам Эміліі не ўдалося ажыццявіцца - ахову муроў узмацнілі, а курсантаў школы падхарунжых, на якіх разлічвалі Плятэры, выслалі ва ўнутраныя губерні. Тым не менш, няздзейсненая ініцыятыва закончылася пасвячэннем Эміліі ў Рыцара-Дзеву па ўсіх старажытных правілах.

Як толькі Эмілія даведваецца аб тым, што недалёкія Расіены захоплены паўстанцамі, яна пачынае імкліва дзейнічаць. 29 сакавіка 1831 года дзяўчына з'яўляецца на плошчы мястэчка Дусяты і заклікае людзей узняцца на барацьбу за Айчыну. Як пішуць сведкі, за чвэрць гадзіны Плятэр сабрала атрад колькасцю ў 280 стралкоў, 60 конных і некалькі соцень касінераў. Дапамагаў ёй у гэтым Люцыян Вейсенхоф.

Новаствораны атрад рушыць на Дынабург. Па дарозе, 30 красавіка, паўстанцы нападаюць на паштовую станцыю Даўгелі і разбіваюць невялікі атрад імператарскага войска. 2 красавіка - сустрэча з ахоўнай часткай генерала Шырмана і яшчэ адзін бой пад Уцянай (сёння - горад на паўночным усходзе Літвы), у выніку якога праціўнікі адступаюць. 4 красавіка паўстанцы бяруць мястэчка Езяросы (цяпер - раённы цэнтр у Літве), і Эмілія ўпісвае акт паўстання ў гарадскую і судовую кнігі. Для яе гэта быў своеасаблівы акт справядлівасці, вяртанне сваіх земляў, адзначаюць гісторыкі.

Дзеля ўдакладнення гістарычнай праўды, неабходна зрабіць маленечкае адступленне. Вядома, не толькі ўласна мужнасць дапамагала Эміліі Плятэр стаць вядомай як самаадданая змагарка, але і выдатныя навыкі вершніка, стралка, фехтавальшчыка. З маленства дзяўчына не цуралася адпаведных урокаў, наадварот - імкнулася засвоіць усе прыёмы дзеля таго, каб стаць годным рыцарам-шляхціцам. І дасягнула поспеху ў ваенных дысцыплінах. Прынамсі, у атрадзе паўстанцаў Эмілія была не адзінай жанчынай, якая не шкадавала свайго жыцця дзеля Радзімы: у гісторыі засталіся імёны змагарак Марыі Прушынскай, Марыі Рамановіч, Антаніны Тамашэўскай... Тым не менш, менавіта Плятэр увайшла ў пантэон галоўных герояў таго паўстання.

Цікава, што Марыя Рамановіч і Антаніна Тамашэўская далучыліся да Плятэр пасля другой перамогі атрада пад яе кіраўніцтвам праз больш чым месяц з часу захопу Езяросаў. Гэта адбылося 17 мая, калі Эмілія, узначаліўшы атрад вількамірцаў, захапіла горад Вількамір (цяперашні літоўскі Укмерге). Але перш, чым здзейсніўся гэты прарыў, Плятэр ледзь не загінула, выходзячы з акружэння. Амаль 30 дзён яе змагары разам з атрадам Караля Залускага адыходзілі на злучэнне з іншымі паўстанцамі- праз балоты і палі, па калена ў гразі. Эмілія моцна захварэла, і яе, знясіленую, вымушаны былі пакінуць у сялянскай хаце. Аднак як толькі жанчына ачуняла, яна кінулася шукаць сваіх братоў па зброі. Яе вяртанне сустрэлі авацыямі. І затым - новая атака і захоп Вількаміра, а там - і злучэнне з рэгулярнай польскай арміяй генерала Хлапоўскага.

Дзіўная рэч - маладая жанчына па загадзе генерала была афіцыйна пастаўлена над бывалымі салдатамі і прызначана ганаровым камандзірам 1-й роты 25-га лінейнага палка арміі паўстанцаў. Ёй быў прысвоены чын капітана. А калі Эмілія разам з паплечнікамі прыйшла ў Коўна, занятае польскай арміяй, знаёмая Адама Міцкевіча панна Кавальская дала баль у гонар юнай змагаркі...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"