Якар у небе. Сінім-сінім…

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

15 лютага — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў: афганскі след і “Думка беларуская”

/i/content/pi/cult/309/5324/pic_12.jpgІгара ПЕШАХОНАВА ведаюць сёння не толькі як фоталетапісца афганскай вайны. Удзел у шматлікіх зборных выстаўках, персанальныя праекты... Вось і цяпер у Гарадской мастацкай галерэі Л.Шчамялёва дэманструецца ягоная экспазіцыя "Думка беларуская", прысвечаная даследаванню айчыннага культурнага ландшафта ў самым шырокім сэнсе. Ігар Пешахонаў як фатограф спрабуе сябе ў самых розных накірунках, атрымліваючы задавальненне ад творчага пошуку як такога. Між тым, больш за дзесяць гадоў жыцця і больш за пятнаццаць персанальных выставак фатографа былі аддадзены Афганістану. "Магчыма, цяпер я выспяваю для таго, каб зноў падысці да назапашанага матэрыялу і зрабіць новую выстаўку пра гэтыя падзеі. Але, вядома, - у іншым ракурсе, чым раней", - кажа воін-інтэрнацыяналіст, салдат той вайны, першы старшыня Лідскага аб'яднання ветэранаў вайны ў Афганістане Ігар Пешахонаў. У кожнага мастака - свой шлях. Для сённяшняга героя публікацыі "К" гэтая дарога сталася вельмі няпростай. Але яна прывяла яго да запаветнага гарызонту.

 

А побач - іншая рэальнасць

- Ігар, маё першае пытанне - прадказальнае: як вы трапілі на афганскую вайну?

- Скажу адразу: тады было зусім іншае стаўленне да службы. У горадзе, дзе я вырас, Віцебску, увесь час шапталіся пра Афганістан. Слова "вайна" не ўжывалі, але размоў пра цынкавыя труны было дастаткова. Калі мяне прызвалі (а гэта здарылася звычайным чынам: скончыў вучылішча, ажаніўся, размеркаваўся ў Ліду, і - прызыў), нават і думкі не з'явілася пра тое, што можна адмовіцца. Ішоў 1985 год, мне было тады дзевятнаццаць. І гэта было кшталту пераходу ў іншае вымярэнне. Вось дом, любімая жонка, пэўныя перспектывы і - зусім іншы свет. Самая страшнае, што здарылася з намі ўсімі, - гэта тое, што наша пакаленне зусім не разумела, куды мы трапім. Першыя ўражанні - асляпляльнае сонца, горы, блакітнае неба... І - адчуванне, што ты знаходзішся там, дзе не павінен быць...

 - Дзе вам давялося служыць?

- Я служыў у 56-й дэсантнаштурмавой брыгадзе ў горадзе Гардэз. Але спачатку трапіў у аддзел прапаганды і агітацыі. Мы выязджалі на розныя мерапрыемствы: хлопцы выступалі ў кішлаку з канцэртамі, раздавалі гуманітарную дапамогу, саджалі дрэвы... Памятаю, што ў нас быў нават аркестр. Гэта была такая афіцыйная частка прабывання савецкіх войскаў у Афганістане. Але побач - зусім іншая рэальнасць: там, дзе стралялі, падрываліся на мінах, там, дзе даводзілася страляць у адказ... Я яе не абмінуў...

 

/i/content/pi/cult/309/5324/pic_13.jpgНе вайна, а проста служба

- Кім вы ўсведамлялі сябе на вайне: салдатам або фатографам? Усё ж такі па асноўнай спецыяльнасці вы былі менавіта апошнім...

- Безумоўна, салдатам. Так, мае навыкі фатографа выкарыстоўваліся: час ад часу мяне забіралі у клуб - рабіць фотагазету, давалі адмысловыя заданні сфатаграфаваць кагосьці ці штосьці, але ў першую чаргу я быў проста салдатам. Вядома, карыстаўся сваім становішчам, каб увесь час браць з сабой фотаапарат і здымаць. Нават там, дзе не павінен быў гэта рабіць. Ці ўсведамляў я, што здымаю вайну? У тым і справа: у той час не разумеў, не мог назваць усё, што адбываецца навокал, словам "вайна". У маёй свядомасці нават вылет на баявыя аперацыі ўсведамляўся кшталту асаблівасцей службы. Маўляў, у некаторых яна - такая, а вось у мяне - гэткая, як потым сталі казаць: "Радзіму абараняць". Да прыкладу, мы маглі раніцай устаць, атрымаць зброю, хуценька - на верталёт, пасля вярнуцца ў часць да пастраення, а потым маршыраваць там паўдня.

- Але ж якой паўставала гэтая "служба" праз аб'ектыў фотаапарата і ўвачавідкі?

- Паколькі ў мяне не было адчування, што я здымаю вайну, я фатаграфаваў усё, што бачыў, усё, што было навокал: краму, муры, нашу бранятэхніку, вядома, нашых салдат... Я нават рабіў нашым хлопцам фота на дакументы пад час службы. Цяпер гэтыя звычайныя, здавалася б, здымкі набываюць іншы сэнс. Асабліва калі ведаеш, хто з тых салдат загінуў... А на здымку бачыш ягоныя вочы...

Мне ўдалося захаваць вялікую калекцыю негатываў - іх недзе блізу трох тысяч, бо перадаваў плёнкі праз знаёмых афіцэраў, высылаў поштай, нават жонцы накіроўваў пасылкі з плёнкамі, - але "пафасных" здымкаў у ёй няма. Вайны, той, якую паказваюць па тэлебачанні, на іх не бачна. Мабыць, таму, што я не ведаў, як здымаць яе. Едзеш у калоне, і раптам - снайпер забівае твайго сябра. Ці хтосьці падарваўся на міне. Як гэта зазняць? А можа, не атрымлівалася і таму, што, зноў-такі, у гэтыя моманты я браў у рукі зброю...

Памятаю адзін вельмі страшны момант, які ўрэзаўся мне ў памяць. Былі ў гарах у час адной з першых маіх баявых аперацый. Цяжка давялося. Я выпіў усю ваду, таму што ніхто не вучыў гэтаму простаму правілу: трымацца і не піць усё адразу. Уверсе - сіняе-сіняе неба. Снег ляжыць на вяршынях. Што ўнізе - і не відаць. Ды раптам - выбух! Ляціць чыясьці нага!.. Шок! Хтосьці кінуўся дапамагаць пацярпеламу. А я стаю і зрушыцца не магу. Салдат наступіў на міну, ён за 15 метраў ад мяне, а я не магу падысці туды і нават зірнуць. І ўвесь гэты час фотаапарат быў пры мне. Было проста страшна. А потым... Потым прывыкаеш. Ведаеце, у той вайне мы ўсе пачувалі сябе, як маленькая муха на вялізнай ваеннай тэхніцы. Ніяк не можам уцяміць, што да чаго, хоць, здаецца, і сам непасрэдна ў гэтым прымаеш удзел. Цэлае пакаленне, якое апынулася ў непатрэбным месцы, у непатрэбны час...

 

"Я вымаў з рам фатаграфіі Яна Булгака..."

- Але, вядома, гэтая чужая вайна моцна паўплывала на вашу творчасць?

- Калі я прыехаў з Афганістана, мяне да жыцця вярнула каханая жонка, дочкі. Я пахрысціўся, бо зразумеў, што без веры, без Бога чалавеку вельмі цяжка. Асабліва гэта адчувалася там, калі не ведаў, за што і дзеля чаго ты ахвяруеш сваім жыццём. Таму духоўная падтрымка ў арміі вельмі важная. Мяне вярнула да жыцця таксама і творчасць. Але спачатку я шмат часу прысвяціў ёй, гэтай неасэнсаванай вайне. Цягам дзесяці гадоў рабіў выстаўкі на "афганскую тэму". Па ўсіх гарадах Беларусі, на вялікіх і малых пляцоўках. Займаўся грамадскай дзейнасцю, стаў старшынёй Лідскага аб'яднання ветэранаў вайны ў Афганістане, абараняў правы афганцаў... Але ў пэўны час зразумеў, што хаджу па крузе...

І аднойчы праз фотаклуб "Мінск" я пазнаёміўся з фатографам Уладзімірам Парфянком. Ён прагледзеў мой назапашаны матэрыял і вырашыў зрабіць выстаўку у галерэі "Nova". Памятаю, як я вымаў з рам фатаграфіі Яна Булгака і ўстаўляў свае: мая выстаўка мусіла адкрыцца пасля экспазіцыі легенды фатаграфіі. Упершыню на маім праекце прысутнічала зусім іншая публіка. І я пачаў адпускаць гэтую тэму, якая, насамрэч, трымала мяне, як якар. 10 гадоў, уявіце толькі! Магчыма, Валодзя не ўсведамляе таго, што зрабіў, але ён, яго сябры і тыя гледачы выратавалі мяне. Я пачаў шукаць, выходзіць на іншыя тэмы. Я адкрыў для сябе мастацкую фатаграфію.

Сёння, магчыма, я нават гатовы зноў вярнуцца да маёй калекцыі і зладзіць новую выстаўку - з той умовай, што яна будзе адрознівацца ад усіх папярэдніх. Я вынес з той службы і пэўныя ўрокі: трымаць слова і рабіць справу. Дочкі, мусіць, цяпер часта пакутуюць ад таго, што я не хачу слухаць іхнія апраўданні, калі яны не зрабілі ўрокі. "Мяне не цікавіць, чаму вы не паспелі", - выхоўваю я іх. Армія навучыла мяне таму, што ёсць час "Ч". І, безумоўна, творчасць. Я раю ўсім сваім сябрам, знаёмым, родным: стварайце! Пішыце вершы, малюйце, фатаграфуйце, бо гэта адзінае, што можа выратаваць нас ад тых рэчаў, якія мы зазвычай называем несправядлівасцямі жыцця.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"