На шкле Валынцэвіча

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Партрэт часу ў дэтэктыўным ракурсе. Частка ІІ

/i/content/pi/cult/308/5301/pic_59.jpg11 лютага ў Полацкай мастацкай галерэі адбудзецца адкрыццё выстаўкі фатаграфій Паўла Валынцэвіча - беларускага святара-фотааматара, які паспеў захаваць на шкляных негатывах аблічча мінулай эпохі. Выстаўка, зробленая калекцыянерамі Ігарам Сурмачэўскім, Дзмітрыем Сярэбранікавым і фатографам Уладзімірам Суцягіным пры падтрымцы Нацыянальнага гістарычнага музея краіны, пераедзе ў Полацк з Мінска, распачаўшы невялікі тур па Беларусі. "К", стрымліваючы абяцанне, дадзенае ў мінулым нумары, працягвае распавядаць пра шлях унікальнага фотаархіва да сучаснага гледача. 

 

(Заканчэнне. Пачатак у № 5.)

 

Яшчэ адно супадзенне

- Добры дзень! Мы хацелі б вам распавесці пра вашага дзядулю, - такімі словамі распачалося знаёмства Людмілы Сяргееўны Мікашэўскай-Валынцэвіч з калекцыянерамі фатаграфій Ігарам Сурмачэўскім, Дзмітрыем Сярэбранікавым і фатографам Уладзімірам Суцягіным, як пішуць у раманах, "адным звычайным зімовым днём".

- Тэлефанаванне было вельмі нечаканым, - адзначае ўнучка святара-фотааматара, выстаўка фатаграфій якога сёння прагрымела на ўсю краіну, - але і вельмі прыемным. Мы і не думалі, што кагосьці могуць зацікавіць здымкі нашага дзядулі, якія мы за савецкім часам нават хавалі ад чужых вачэй. Самі разумееце, час быў такі...

Відавочны інтарэс сучасных пакаленняў да фатаграфічнай спадчыны Паўла Валынцэвіча, зазначае Людміла Сяргееўна, стаў сапраўдным падарункам. Пад час сустрэчы з даследчыкамі яна паказала сямейныя альбомы, якія захоўваюцца ў яе. Іх, як высветлілася, захавалася нямала - аж 15.

- Натуральна, многіх здымкаў з калекцыі Людмілы Сяргееўны ў нас не было, - дадае Уладзімір Суцягін, - і мы прапанавалі аб'яднаць намаганні, з тым, каб спадчына Паўла Валынцэвіча была прадстаўлена на будучай выстаўцы як мага больш поўна.../i/content/pi/cult/308/5301/pic_60.jpg

Акрамя фотаздымкаў, Людміла Сяргееўна дапаўняе пошук найкаштоўнейшымі асабістымі ўспамінамі - пра дзеда, сям'ю, мінулае, - ды яшчэ адной гісторыяй - пра той самы архіў.

- Справа ў тым, - дзеліцца яна, - што збор дзядулевых негатываў на шкле захаваўся ў тым жа Ваўкавыску, дзякуючы супадзенню. Пасля вайны, калі памерла матушка Вера, было вырашана, што ён пераедзе да нас. На той момант мы жылі ў мястэчку Сабакінцы Гродзенскай вобласці. Дзядуля перабраўся да нас з усімі сваімі рэчамі, з вялікай бібліятэкай, фотаапаратамі, альбомамі, малюнкамі - ён вельмі любіў маляваць алеем, - а вось негатывы чамусьці пакінуў ва Узменах. Мабыць, было проста нязручна іх везці...

Аднак так сталася, што ў Сабакінцах здарыўся пажар. Мясцовы жыхар вырашыў гнаць самагонку ў пуні. Штосьці загарэлася - вецер імгненна падхапіў агонь. І ўсё, што было ў нашым доме, згарэла. Бацька паспеў схапіць, калі выбягаў, шклянку з алоўкамі (разумееце, шок!), а маці - скрыню з вышыўкамі. І ўсё! Аніякіх каштоўнасцей! Да гэтай пары памятаю: мы з сястрой, даведаўшыся, прыбеглі са школы дадому, а там - пажарышча, і ў тым месцы дома, дзе была бібліятэка, - толькі чырвоныя "цэглы" сатлелых кніг... Мы засталіся без анічога. Але тады дзядуля ўспомніў, што негатывы ягонай калекцыі ляжаць ва Узменах, што яны - ацалелі, і яго вялікі фотаархіў можна аднавіць. У выніку ўсё так і адбылося. Дзядуля з'ездзіў і забраў збор, а тыя фотаздымкі, якія парассылаў сваякам і знаёмым, сабраў наноў. І ўжо потым гэтая калекцыя негатываў пераехала з намі ў Ваўкавыск. А мы, калі перабіраліся ў Мінск, маючы адноўленыя альбомы, пакінулі фотаархіў на гарышчы дома. Такім чынам, можна толькі здзіўляцца таму, які быў шлях у гэтай калекцыі...

 

/i/content/pi/cult/308/5301/pic_61.jpgЧэхава - нанач

Святара Паўла Валынцэвіча да гэтай пары памятаюць ва Узменах. Болей за шэсцьдзясят гадоў ён аддаў царкве, і гэты тэрмін уражвае.

- Дзядуля быў вельмі рознабаковай асобай, - ажыўлена распавядае ягоная ўнучка. - Ён маляваў алеем, разводзіў пчол, захапляўся астраноміяй і прыродай. Для нас ягоны дом ва Узменах у першую чаргу быў тым месцам, дзе збіралася разам уся сям'я. Браты, сёстры, дзеці - усе сваякі прыязджалі да яго. А потым, калі жыў разам з намі ў Ваўкавыску, ён па-ранейшаму збіраў вакол сябе ўсю сям'ю. Памятаю, калі ў свой час мой бацька - айцец Сяргей - перапісваўся з дзядулем, нам з сястрой увесь час даставалася ад дзеда прывітанне ў выглядзе пэўных матэматычных задачак. І мы мусілі знайсці правільныя адказы, якія бацька і перасылаў дзеду...

Людміла Сяргееўна ўзгадвае часы свайго дзяцінства з вялікай цеплынёй. Уся ейная сям'я вельмі любіла чытаць, а маці цудоўна спявала рамансы. У доме быў грамафон, лямпавы радыёпрыёмнік, і сям'я часта слухала музыку.

- Нанач бацька нам чытаў апавяданні Чэхава, - узгадвае яна. - Нельга сказаць, што ўсё рэзка змянілася з прыходам савецкай улады. Сяляне засталіся тыя ж, а навізна зыходзіла ад прыезджых...

Дзіўным чынам ні Павел Валынцэвіч, ні ягоны сын, бацька /i/content/pi/cult/308/5301/pic_62.jpgЛюдмілы Сяргееўны, не пацярпелі з-за сваёй дзейнасці. У большай ступені паходжанне паўплывала на пакаленне ўнукаў святара - Людмілу і Таццяну.

- Я скончыла школу з залатым медалём, мая сястра - з сярэбраным, - канстатуе Людміла Сяргееўна. - Адпаведныя дакументы былі накіраваны ў Гродна, і - усё! Без усякіх тлумачэнняў нам выдалі звычайныя атэстаты...

Потым сёстры Валынцэвіч марылі паступіць у медыцынскі. А там ізноў - адмова.

- Тады працавала мандатная камісія, якая разглядала дакументы на самым пачатку, - тлумачыць Людміла Сяргееўна. - І нас пытаюць: маўляў, а вы ў царкву ходзіце? Ходзім. А да вас архірэй прыязджаў? Прыязджаў. Бласлаўляў? Так. Вы нам не падыходзіце! Вось і ўся гутарка...

Сёстры Валынцэвіч толькі і паспелі паступіць на завочнае аддзяленне ў лесатэхнічны інстытут.

- Але ўжо на другім курсе я была пераведзена на дзённае за выдатную паспяховасць, - расказвае Людміла Сяргееўна, - бо вучыцца для мяне заўжды было адно задавальненне. Я пісала лісты ў высокія інстанцыі... А потым было размеркаванне ў Карэлію - з мужам і дзіцем. Працавала начальнікам шпаларэзнага цэха, кіравала групай рабочых... Ведаеце, як кідаюць малое дзіця ў ваду, каб навучыць плаваць? Так і мяне жыццё кідала ў розныя віры. І нічога: выплывала!..

Наконт таго, ці змяніў ейны светапогляд савецкі час, Людміла Сяргееўна адказвае: - Так, спрэчкі з бацькам былі: усё ж такі ў школе нас вучылі зусім іншаму, чым дома. Аднак цярпенне і адукацыя бацькоў зрабілі сваю справу. Яшчэ студэнткай, памятаю, прыязджала да бацькі, і мы з ім гутарылі наконт веры. Ён адказваў мне так: "А вось Кант на гэты конт кажа такім чынам, Шапэнгаўэр, паглядзі, таксама не адмаўляе Бога". І тое былі вельмі важкія аргументы...

/i/content/pi/cult/308/5301/pic_63.jpg

■ ■ ■

- Ведаеце, у чым каштоўнасць фатаграфій айца Паўла? - перапытвае, у сваю чаргу, Дзмітрый Сярэбранікаў. - Ёсць такі вядомы энцыклапедычны здымак беларуса, падпісаны прыкладна такім чынам: "Жыхар Паўночна-Заходняга краю". На ім - мужык з ускудлачанымі валасамі і ў нейкай шэрай вопратцы. Гэта, можа быць, галоўнае ўяўленне пра беларусаў, якое захавалася як у нашых архівах, так і ў галовах нашых людзей... Фатаграфіі Валынцэвіча разбураюць той стэрэатып, паказваючы нам людзей, якія ўмелі жыць, любіць, працаваць, думаць, паважаць сябе. Менавіта ў гэтым - іх неацэнны ўклад у айчынную культуру. І менавіта таму мы хочам, каб гэты архіў убачыла як мага больш нашых суайчыннікаў.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"