“Састаўная частка ідэалогіі нашай дзяржавы”

№ 6 (978) 05.02.2011 - 11.02.2011 г

Ірына ДРЫГА, намеснік начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

/i/content/pi/cult/308/5292/pic_41.jpg- Шаноўныя калегі! Перш-наперш хачу падзякаваць вам за сумесную працу, асабліва- за рэалізацыю вялікага праекта - значнай грамадска-культурнай акцыі "Беларусь - гэта мы!". Вялікую работу правялі абласныя ўпраўленні культуры, раённыя аддзелы, творчыя калектывы. Мерапрыемства прайшло вельмі добра, і я спадзяюся, што такія маштабныя ініцыятывы будуць мець працяг і сёлета, і ў наступныя гады.

Хацелася б крыху ўзняць настрой прадстаўнікам нашай кінематаграфіі. У адным з папярэдніх выступленняў вымалявалася досыць змрочная карціна спраў у гэтай сферы. Думаю, што насамрэч усё не так песімістычна. Так, праблем вельмі шмат, але ж ёсць і станоўчыя зрухі. Сведчаннем таму з'яўляецца хаця б той факт, што менавіта ў гэтым годзе - упершыню за апошні час - наш выдатны рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў быў адзначаны за свае нядаўнія работы Спецыяльнай прэміяй Кіраўніка дзяржавы.

У нашага кіно ёсць добрыя перспектывы, а яго праблемы будзем вырашаць разам. І каб больш не закранаць тэму кінематографа, хачу падтрымаць Рыгора Рыгоравіча Бысюка, які выказаўся наконт пастаянных рэформ у кінапракаце. Толькі за час маёй працы на цяперашняй пасадзе іх было тры. У 2005 годзе пракатчыкаў аб'ядноўвалі, у 2008-м - "раздавалі" па раёнах і гарадах, цяпер - новая рэформа. Трэба звяртаць увагу на спецыфіку канкрэтнага рэгіёна і прымаць рашэнні з яе ўлікам.

Мінск - выдатны прыклад. Праца Васіля Коктыша заслугоўвае вельмі высокай ацэнкі. А вось што да пракату ў рэгіёнах, асабліва- на сяле... Ці выжыве ён, калі не будзе мець падтрымкі ад мясцовых улад, ад раённых аддзелаў культуры? Таму, праводзячы рэформы, трэба памятаць вядомую прымаўку: сем разоў адмер - адзін адрэж. І, параіўшыся з рэгіёнамі, вызначыць, дзе будзе больш эфектыўнай тая або іншая схема.

Гаворачы аб працы апарата Міністэрства культуры краіны, трэба адзначыць, што ў апошнія гады мы адчулі нейкую іншую атмасферу, узнікла больш новых ідэй, новых цікавых праектаў. Больш вывучаецца і ўкараняецца на Беларусі замежны вопыт - тое, чаго нам раней, мабыць, і не хапала. Можа, не ўсё адразу атрымліваецца, не ўсе ідэі пакуль што знаходзяць практычнае прымяненне, але... Як кажуць, за спробу - дзякуй.

Аднак, разам з тым, хацелася б спыніцца і на некаторых праблемах, якія тычацца выканання Даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. Першая просьба: усе прапановы і ідэі, што выносяцца на разгляд Прэзідэнта краіны, папярэдне належыць добра прапрацаваць і ў апараце Міністэрства культуры, і на месцах. Некалькі прыкладаў. 9 верасня на нарадзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях развіцця кінематографа прагучала прапанова ўнесці змяненні ў Палажэнне аб прысуджэнні заахвочвальных прэмій таленавітай моладзі, дадаўшы туды пункт аб фінансаванні стажыровак за мяжой. Аднак праз два месяцы мы атрымалі адказ: ніякіх змяненняў уносіць не трэба, бо гэты пункт ужо ёсць у адпаведным дакуменце.

Таксама была ўнесена прапанова аб паніжаючым каэфіцыенце для арэнды творчых майстэрняў. Але калі беларускі Урад стаў вывучаць сітуацыю, высветлілася, што стварыць адзін каэфіцыент для ўсіх рэгіёнаў немагчыма. Дзве трэці прааналізаваных выпадкаў паказалі, што каэфіцыент устанаўліваецца вышэй, каб кампенсаваць уласнікам выдаткі на ўтрыманне памяшканняў і выплату падаткаў. Адпаведна, перш чым узнімаць гэтае пытанне на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы, варта было высветліць сітуацыю, каб выходзіць з больш канкрэтнымі і ўзважанымі прапановамі.

Вельмі важнай была прапанова аб стварэнні Музейнага квартала. Але ў яго межы прапанавалі ўключыць будынак Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце і іншыя дзяржаўныя ўстановы, не правёўшы з імі папярэдніх перамоў. Таму гэтыя дакументы давялося вяртаць на дапрацоўку.

На жаль, у мінулым годзе зноў звярнуліся да тэмы ўсталявання памятных знакаў і твораў манументальнага мастацтва. Нагоду даў, як ні дзіўна, помнік Валенцію Ваньковічу, устаноўка якога вымагала належнага ўзгаднення. Праверка выявіла яшчэ восем парушэнняў заканадаўства ў гэтай галіне - у Гомельскай і Віцебскай абласцях. Як бачым, такіх выпадкаў няшмат, але на іх трэба звяртаць увагу. Нарматыўныя акты неабходна ведаць і няўхільна выконваць.

 Хацелася б сказаць колькі слоў і адносна фестывалю "Лістапад". Летась прайшла вялікая праца па пераглядзе яго фармату, але вялася яна нейкім дзіўным чынам. Палажэнне аб гэтым мерапрыемстве было перагледжана 2 чэрвеня 2010 года, аднак сам фестываль праводзіўся абсалютна не ў адпаведнасці з ім. Магчыма, гэта было выклікана нейкімі міжнароднымі патрабаваннямі. Але калі выпрацаваны фармат фестывалю застанецца, яго будзе неабходна замацаваць на ўзроўні заканадаўчай базы, унёсшы змены ў нарматыўна-прававыя акты.

Варта закрануць таксама і тэму рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў. У выступленнях прадстаўнікоў Міністэрства культуры было агучана вельмі шмат цікавых праектаў. Але, распачынаючы іх, трэба зважаць на наяўнасць сродкаў. Гэта тычыцца і фестывальнай дзейнасці. Пытанне - дыскусійнае, але асабіста мне здаецца, што трэба вызначыць пэўныя прыярытэты ў фестывальным руху, якія б канцэнтравалі і фінансавыя, і людскія рэсурсы. Гэта дазволіць нам праводзіць сапраўды годныя мерапрыемствы.

Яшчэ адно пытанне: ці варта распачынаць новыя, дарагія праекты па рэканструкцыі, перш чым будуць завершаны работы на тых аб'ектах, дзе яны ўжо вядуцца? Скажам, гадамі застаецца нявырашаным пытанне ўмацавання матэрыяльнай базы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Будынак, які па рашэнні Прэзідэнта краіны быў перададзены гэтай установе, так і не быў даведзены да ладу з прычыны адсутнасці сродкаў. На жаль, такая сітуацыя падрывае давер студэнтаў і проста грамадзян да ўлады, да Даручэнняў, дадзеных Кіраўніком дзяржавы. Дык, можа, лепей у першую чаргу ўкладаць грошы ў такія аб'екты, а не ствараць даўгабуды?

Другі аспект - рацыянальны падыход да рэканструкцыі аб'ектаў культуры. На мінулай выніковай калегіі ўзнімаліся праблемы расходавання бюджэтных сродкаў, якія выявіў Камітэт дзяржаўнага кантролю пры рэстаўрацыі Вялікага тэатра оперы і балета. Здавалася б, такіх памылак не павінна паўтарыцца. Але сёлета зноў узніклі непаразуменні пад час планавання рэстаўрацыі тэатра імя Янкі Купалы. І толькі дзякуючы ўмяшальніцтву Кіраўніка дзяржавы быў выпрацаваны рацыянальны падыход, а кошт аб'екта - зніжаны ў 1,7 разы. Пры гэтым кошт будаўнічых матэрыялаў зменшыўся ў 3 разы, абсталявання - у 2.

Нельга не закрануць і тэму рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры. Толькі што Чэслаў Шульга звярнуў увагу на неабходнасць развіцця гісторыка-культурнага турызму і ўвядзенне аб'ектаў, якія рэстаўруюцца, у турыстычны абарот. Але для гэтага неабходна і стварэнне турыстычнай інфраструктуры. Мы сёння паглядзелі, што вакол Мірскага замка яна, скажам шчыра, нешыкоўная. Прычым ля помнікаў спадчыны трэба рабіць не толькі гатэлі для заможных турыстаў, але і аб'екты для звычайных наведвальнікаў: стаянкі для аўтобусаў і асабістага транспарту, пункты харчавання, прыбіральні, добрыя пад'язныя дарогі і рэгулярныя маршруты грамадскага транспарту. Калі мы ехалі сюды, дык звярнулі ўвагу: паварот на Мірскі замак - аварыйна небяспечны ўчастак дарогі.

І апошняе, але - ці не самае важнае. У цяперашні няпросты час дзяржава вельмі шмат робіць для стварэння спрыяльных умоў для дзеячаў культуры. Уведзены новы прынцып фінансавання тэатральна-відовішчных арганізацый, адменены гастрольныя пасведчанні, прапрацоўваецца пытанне аб падатковых ільготах. Але павінен быць і рух у адказ з боку дзеячаў культуры. Нядаўнія падзеі, якія адбыліся ў нашай краіне, засведчылі, як важна сёння ўсімі сіламі мацаваць кансалідацыю грамадства, прапагандаваць, у тым ліку і сродкамі культуры, нашы дзяржаўныя каштоўнасці і ідэалы: патрыятызм, высокую маральнасць, талерантнасць. Ці ўсё зрабілі ў гэтым напрамку дзеячы культуры з таго, што яны маглі зрабіць? Думаю, не. Сёння ў выступленнях прамоўцаў так і не прагучала тэма ўнёску ўстаноў культуры ў святкаванне 65-годдзя Вялікай Перамогі, якую мы, дарэчы, ўзнімалі і пад час мінулай калегіі. Так, і 600-годдзе Грунвальдскай бітвы, і 80-годдзе Уладзіміра Караткевіча - гэта вельмі важныя даты, але яны не павінны засланяць сабою ваш грамадскі ўдзел у падзеі, якая кансалідуе грамадства, - юбілеі Вялікай Перамогі, фундаменце нашай незалежнасці.

На жаль, гэтая тэма належным чынам не прагучала ні ў тэатральным жыцці, дзе не адбылося яркіх спектакляў - за выключэннем прэм'еры тэатра Янкі Купалы, - ні ў выставачнай дзейнасці.

Сёлета будзе адзначацца не святочная, але вельмі важная дата- 70-годдзе з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, і мерапрыемствы, прысвечаныя ёй, павінны прысутнічаць і ў планах устаноў культуры, і ў нашым грамадскім жыцці. Аб тых падзеях мы не павінны забываць ні ў якіх умовах.

Завяршаючы сваё выступленне, хачу яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што культура з'яўляецца састаўной часткай ідэалогіі нашай дзяржавы, і ва ўмовах дзяржаўнай падтрымкі дзеячы культуры таксама павінны быць дзяржаўнымі людзьмі, а іхняя дзейнасць - мець грамадскі і выхаваўчы эфект. Менавіта аб гэтым, як вы памятаеце, казаў Кіраўнік дзяржавы пад час уручэння прэмій "За духоўнае адраджэнне". Дзяржаўныя ўстановы культуры павінны праводзіць дзяржаўную культурную палітыку, памятаючы пра сваю адказнасць перад краінай. Яна пакліканы мацаваць грамадзянскі мір і згоду ў нашым грамадстве. Дзякуй за ўвагу.

Фота Юрыя ІВАНОВА