Мэта: клубная "непадобнасць"

№ 4 (976) 22.01.2011 - 28.01.2011 г

Перспектыўны сродак дасягнення: гісторыка-архітэктурны "дэкор" мерапрыемстваў

/i/content/pi/cult/306/5231/pic_44.jpgЧарговы этап адраджэння і развіцця сяла: самадастатковасць аддзела культуры

 Дырэктар Баранавіцкага райметадцэнтра Таццяна Еўмянькова на апошнім семінары клубнікаў яшчэ раз агучыла ўласную "метадычную" пазіцыю: кожная ўстанова павінна мець непаўторнае творчае аблічча, адметную тактыку дзейнасці. "К" пастаянна піша пра складнікі такой "непадобнасці": гэта геапалітыка, дэмаграфія, гісторыка-архітэктурная спадчына і культурная традыцыя кожнага асобна ўзятага паселішча. І кожны названы фактар, па нашым меркаванні, павінен наўпрост уплываць на змест і форму культурна-масавых мерапрыемстваў. У адваротным выпадку аблічча СДК і СК будзе розніцца хіба што выглядам будынка. Начальнік аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама Сяргей Седач займае гэтую пасаду з верасня, раней кіраваў раённым Цэнтрам рамёстваў у вёсцы Русіно - унікальнай установай не толькі ў маштабах Баранавіччыны. Таму ўзняцце статуса ўстаноў культуры - адзін з ягоных кіраўнічых прыярытэтаў. А пра новы статус без інавацыйных падыходаў да працы гаварыць не выпадае. Па выніках мінулага года клубнікі раёна спрацавалі быццам няблага: план па аказанні платных паслуг у супастаўных цэнах выкананы на 114 працэнтаў. Але Сяргей Седач упэўнены: не планам адзіным павінны жыць культработнікі. Маўляў, іх асноўная задача - не камерцыялізацыя захадаў, а духоўная кансалідацыя грамадства. А тут нявыкарыстаных рэзерваў - процьма. Нельга не пагадзіцца з начальнікам аддзела: на неўрадлівай глебе інавацыі не буяюць, а іх колькасць залежыць ад выверанай кадравай палітыкі. Не менш важным для культуры раёна аказалася і пытанне ўмацавання матэрыяльнай базы. І тычыцца гэта не толькі клубных устаноў (з пэўных прычын аграгарадкі "Падгорны" і "Мірны" сталі сёлета пераходнымі), але і 29 помнікаў гісторыі і культуры, занесеных у Дзяржаўны спіс каштоўнасцей. Па шэрагу з іх праблемнай уяўляецца нават не рэканструкцыя, а кансервацыя. Словам, напаўразбураныя старадаўнія сядзібы з закінутымі старасвецкімі паркамі яшчэ доўга не будуць уключаны ў духоўна-культурны асяродак вясковага жыцця Баранавіччыны. 

 

Народ пытаецца і прапануе /i/content/pi/cult/306/5231/pic_45.jpg

Аўто - для экспедыцый,

Інтэрнэт - для інавацый

Баранавічы, як вядома, - горад абласнога падпарадкавання і мае два аддзелы культуры: гарадскі і раённы. Але наша сталая рубрыка, тэматычна звязаная з далейшым адраджэннем сяла, вымагала ўвагі, звернутай выключна на раён.

Кацярына КРУЦЬКО, выконваючая абавязкі дырэктара Раённага цэнтра рамёстваў вёскі Русіно:

- Цэнтр пастаянна ладзіць экспедыцыі па раёне для вывучэння сучаснага стану традыцыйнага ткацтва, пляцення паясоў, разьбы па дрэве, ганчарства і пчалярства, а ўласнага аўтамабіля для гэтага не маем. Прыстасавацца ж да выездаў аўтаклуба іншым разам бывае даволі цяжка. Хацелася б у гэтым плане большай самастойнасці. Мы ж вельмі карысную для раёна справу робім. Ствараем, да прыкладу, фотакартатэку майстроў Баранавіччыны, пастаянна папаўняем відэаархіў. З гэтай нагоды не пашкодзіла б Цэнтру і мультымедыяапаратура: для дэманстрацыі ў нашых музейных залах фільмаў пра гісторыка-культурную спадчыну раёна. І апошняе: у нас няма пакуль выхаду ў Сусветнае сеціва, а без гэтага, як паказвае практыка, цяжка назапашваць цікавы культасветны досвед і "нараджаць" уласны крэатыў.

Аляксандр, рабочы аграгарадка "Сталовічы":

- Наш храм Аляксандра Неўскага дзейнічае, але паглядзіце на ягоныя фасады: тынкоўка адвальваецца, пабелка знікае, унутраныя памяшканні патрабуюць рамонту. Яно не дзіва: храм XVII стагоддзя. Да рамонту нядаўна падступіліся, але, наколькі ведаю, вядзецца ён на грошы вернікаў. Калі ж падключыцца дзяржава?

Ганна ПЯТРОВА, дырэктар сельскага клуба вёскі Кабушкіна:

- У нас звычайная вёска, не аграгарадок. Але клуб мае ўсё неабходнае: тэлевізар, DVD-прайгравальнік (набылі за грашовую прэмію), нават тэнісны стол ёсць... Аднаго не хапае: людзей. У вёсцы - 115 жыхароў, шмат пенсіянераў, а юнакоў і дзяўчат да 18 гадоў - усяго шэсць чалавек...

Пенсіянер з вёскі Ястрэмбель:

- Ястрэмбель знакаміты сядзібным домам ХІХ стагоддзя. Прыгажосць - надзвычайная, але гляньце, у якім ён занядбаным стане! Не, кансервацыю зрабілі, але ці надоўга яе хопіць?

 

/i/content/pi/cult/306/5231/pic_46.jpgНамеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Анатоль ФІЛАНЧУК узначальваў у свой час раённы аддзел культуры. Чалавек дасведчаны, неабыякавы, творчы: і па сёння кіруе ансамблем "Мірскія музыкі" пры СДК аграгарадка "Мір". Натуральна, прыняў удзел у лятучцы і начальнік аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама Сяргей СЕДАЧ.

Яўген РАГІН:

- Давайце параўнаем дзве ўстановы культуры, што пабачыў пад час паездкі па раёне, - культурна-дасугавы цэнтр у аграгарадку "Сталовічы" і сельскі клуб у вёсцы Кабушкіна: першы ўражвае эксклюзіўнымі архітэктурнымі формамі, другі - даволі старая будыніна...

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Вы паглядзелі б на яе гадоў дзесяць таму... Дарэчы, добрая нагода для гаворкі пра сённяшнюю кадравую сітуацыю ў раёне. Названыя ўстановы звонку розныя, але ў абедзвюх наладжана работа. Шчыра скажу, СК у Кабушкіне раней быў у заняпадзе. Аднак узначаліла яго Ганна Іосіфаўна Пятрова, якая не мае спецыяльнай адукацыі. Гэта не перашкодзіла ёй наладзіць кантакт з кіраўніцтвам мясцовага торфапрадпрыемства, выцягнула ўстанову з багны...

Яўген РАГІН:

- Мне імпануе пазіцыя начальніка аддзела культуры, які паставіў за мэту павысіць клубны статус. У тых жа Сталовічах КДЦ кіруе маладая Валянціна Аніскевіч, якая дакладна ведае, што адметнасць, "непадобнасць" яе ўстановы - у мэтанакіраванай працы з моладдзю. Яе ў вёсцы хапае, а Баранавічы - пад бокам: трэба канкурыраваць...

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Дык вось, бяда наша ў тым, што мала пакуль такіх, ініцыятыўных.

Яўген РАГІН:

- Але ўсё часцей у раёне ўзнікаюць новыя тыпы ўстаноў, што ўжо само па сабе павінна падштурхоўваць работнікаў да крэатыўных творчых пошукаў... Ці я памыляюся?

Сяргей СЕДАЧ:

- Змяніць клубную шыльду - прасцей за ўсё...

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Калі за новай шыльдай няма перспектывы, установа не будзе карыстацца попытам. Кіраўніцтва таго прадпрыемства, што ёсць у вёсцы, павінна разглядаць сельскую структуру аддзела культуры як уласны ідэалагічны "цэх". Пры такой пастаноўцы пытання не будзе асаблівых праблем з фінансаваннем, транспартам і гэтак далей. Увесь вясковы, так бы мовіць, соцыум павінен працаваць у звязцы. Інакш важкіх вынікаў не атрымаем.

Сяргей СЕДАЧ:

- Мілавідаўскі СДК стаў у нас Цэнтрам народнай творчасці, бо для дадзенай вёскі планавае развіццё традыцыйных мастацтваў - найбольш перспектыўнае і запатрабаванае. Заўтра ўстанова абяцае стаць дзейсным філіялам раённага Цэнтра рамёстваў у Русіно.

Яўген РАГІН:

 - Ваш РЦР заслугоўвае асобнага артыкула на гэтым развароце... Я на іншым цяпер хачу засяродзіць увагу. У лістападзе наведаў Ляхавіцкі раён, дык тамтэйшыя начальнік аддзела культуры, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях разглядаюць Баранавіцкі раён як творчую лабараторыю, дзе можна вопыту набыць. Але ж і ў вас праблем хапае.

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Самая набалелая, я ўпэўнены, - кадравая... /i/content/pi/cult/306/5231/pic_47.jpgНе жадаю наракаць на тое, што работнікі культуры сёння мала зарабляюць. Хто сумленна працуе, мае стаж і адукацыю, штомесяц атрымлівае цалкам годныя грошы...

Сяргей СЕДАЧ:

- Дзесьці каля мільёна трохсот тысяч рублёў...

 Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Дзейнічае сістэма надбавак, прэміравання, сумяшчальніцтва. Плюс базавая гаспадарка (і ёсць таму шмат прыкладаў) падтрымлівае нашых работнікаў матэрыяльна... Нават базавы заробак без "накрутак" пачынаецца дзесьці ад 600 тысяч рублёў... Карацей, справа не ў грошах, а ў стаўленні да працы. Ненармаваны рабочы дзень, праца ў святы - гэтая спецыфіка іншым разам не надта прываблівае некаторых маладых спецыялістаў, што выраслі не на духоўных, а на матэрыяльных ідэалах... Магу сцвярджаць з адказнасцю, што ВНУ сёння выпускаюць не практыкаў, а тэарэтыкаў. За савецкім часам вытворчая практыка студэнтаў заўжды ладзілася на творчых базах канкрэтных сельскіх устаноў культуры. І не было тут фармалізму, шаблоннасці.

Яўген РАГІН:

- Наколькі ведаю, вы гэтую традыцыю ў сябе не скасавалі...

Сяргей СЕДАЧ:

- З Гродзенскім вучылішчам мастацтваў заключылі дамову на тое, каб навучэнцы праходзілі практыку ў нашым раёне. Мы іх бачым у справе, "шліфуем"...

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- ...І пакідаем у сябе. Дзесьці з паўдзясятка выпускнікоў працуюць ужо на Баранавіччыне. Жыллё ў вёсках заўжды ёсць...

Яўген РАГІН:

- Я разумею так сітуацыю: асаблівых вакансій у вас няма. І з навучальнымі ўстановамі вы стасункі наладзілі, і спецыялістаў перападрыхтоўваеце... Але нямногія з іх энергічныя ды на інавацыі здольныя. Мне дырэктар РМЦ Таццяна Еўмянькова распавяла, што СДК у вёсцы Крошына ўзначаліў нядаўна Юрый Пшэўлоцкі. У выніку тут кардынальна змяніўся стыль працы. Аднавіў дзейнасць ансамбль "Крушына", наладзіўся кантакт з мясцовай гаспадаркай, у глядзельнай зале - аншлагі. Але, як казала Таццяна Фёдараўна, выпадкі такой ініцыятыўнасці ў сферы культуры - адзінкавыя. Як змагацца з руцінай?

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Штодзённымі высілкамі. Тут, я ўпэўнены, найвялікшая адказнасць кладзецца і на начальніка аддзела культуры, і на нашу метадычную службу.

Сяргей СЕДАЧ:

- Сапраўдны работнік культуры пастаянна ўдасканальваецца, а пры гэтым, я ўпэўнены, без новых ідэй не абысціся. І не заўжды крэатыў, на мой погляд, звернуты на стварэнне кідкіх форм дзейнасці, прасочваецца ён - у стаўленні да калег і аднавяскоўцаў, у арганізатарскіх здольнасцях, ва ўменні наладзіць арганічныя і дзейсныя стасункі з мясцовымі вясковымі ўладамі... Урэшце, калі старое, для ўсіх звыклае мерапрыемства набывае новыя фарбы, новую якасць - хіба гэта не праява крэатыву, прафесіяналізму?

Яўген РАГІН:

- Ды я цалкам згодны. Крэатыў на паток паставіць нельга... Вось дырэктар КДЦ аграгарадка "Сталовічы" Валянціна Аніскевіч хоць і маладая, але амбіцыйная: мае сярэднюю спецыяльную адукацыю, збіраецца займець завочную вышэйшую; леташні план па аказанні платных паслуг - 6 мільёнаў рублёў - выканала; правяла маладзёжны фестываль РЭП-выканаўцаў, збіраецца адкрыць гурток тэатралізацыі... Мы гаворым з ёй пра тое, што прастора наўкол КДЦ - - унікальная: і касцёл, і старадаўні храм Аляксандра Неўскага. Гэтыя аб'екты проста просяцца стаць "дэкорам" летніх тэатралізаваных рэканструкцый, як гэта робіцца, да прыкладу, ля Дома-музея Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве. Для мяне гэта - самы што ні ёсць крэатыўны падыход да справы.

Сяргей СЕДАЧ:

 - А я б яшчэ назваў інавацыяй і тое, што у КДЦ аграгарадка "Сталовічы" дзейнічае студыя гуказапісу - своеасаблівы філіял народнага аматарскага аб'яднання "Крок", што арганізавана пры РАМЦ.

Анатоль ФІЛАНЧУК:

 - Не магу не згадаць Мірскі СДК. Ягоныя супрацоўнікі не чакаюць падтрымкі метадычнага цэнтра - у іх заўжды свае ініцыятывы па наладжванні творчых стасункаў з Гомелем, Бійскам, Краснаярскам... І адусюль яны бяруць на ўзбраенне самае лепшае, з кожнага мерапрыемства ўтвараюць нешаблонныя шоу на мясцовым матэрыяле, - і гэта, несумненна, крэатыў. І народ плаціць за яго грошы. Што немалаважна - кожны глядач становіцца ўдзельнікам канцэртнай праграмы.

Яўген РАГІН:

- Вернемся да больш шараговых сельскіх клубных устаноў. Іх у раёне - 49, і не паўсюль тэхнічная ўзброенасць адпавядае патрэбам часу...

 Сяргей СЕДАЧ:

- Так, прыкладна ў палове СК трэба гэтую апаратуру, хоць і паступова, але неадкладна абнаўляць.

Яўген РАГІН:

 - Наколькі ведаю, гэта адзін з пунктаў вашай сёлетняй раённай праграмы "Культура Брэстчыны"? Сяргей СЕДАЧ:

- Усё так. Але і летась, натуральна, на ўмацаванне матэрыяльнатэхнічнай базы было выдаткавана 3,5 мільярда рублёў. Сёлета на гэтыя мэты будзе выкарыстана ледзь не два мільярды.

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Хачу дадаць тут вось што: райбюджэт - не бязмежны. З гэтай нагоды пазіцыя старшыні Баранавіцкага райвыканкама Мікалая Мяфодзьевіча Язубца - адназначная: развіццё рэгіянальнай культуры - справа для рэгіёна агульная. Птушкафабрыкі "Дружба" і "Баравіцкая", СВК "Крошын", "Берасні", "Вольна", многія іншыя прадпрыемствы і арганізацыі непасрэдна ўдзельнічаюць у фарміраванні матэрыяльна-тэхнічнай базы нашых устаноў культуры... Як вы лічыце, можна назваць такое масавае спонсарства - інавацыяй, крэатывам?

Яўген РАГІН:

- Напэўна, Анатоль Пятровіч. Але мы закранулі тэму матэрыяльнай базы, і перад вачыма імгненна паўсталі пераходныя аграгарадкі "Падгорны" і "Мірны"... У чым прычына таго, што аб'екты культуры тут здаюцца паза межамі тэрмінаў Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла?

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Тут аб'ектыўнае абгрунтаванне ёсць. У кастрычніку мы накіравалі ў Міністэрства фінансаў узгадненне па закупцы тэхнічнага абсталявання, што ў Беларусі не вырабляецца, - адказу ж няма і па сёння. У гэтым - адна з прычын прамаруджвання са здачай аб'ектаў...

Сяргей СЕДАЧ:

- Перашкодзіла справе і тое, што нам не хапіла летась будаўнічых сіл, каб своечасова ўхадзіцца з усёй "сацыялкай" названых аграгарадкоў. Літаральна днямі аб'екты культуры тут будуць здадзены.

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- І будуць яны абсталяваны па апошнім слове тэхнікі... Натуральна, можна было б управіцца з рамонтам у больш сціслыя тэрміны, але галоўнае - якасць работ. Вы бачылі КДЦ у аграгарадку "Сталовічы". А мы ж гэты аб'ект узвялі з нуля! Раней пад клуб у вёсцы выкарыстоўвалася адно з памяшканняў мехдвара. А цяпер - палац!

Яўген РАГІН:

- Чаго чакаеце, Сяргей Сяргеевіч, ад Дзяржпраграмы "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады?

Сяргей СЕДАЧ:

- Спрашчэння працэдуры набыцця апаратуры замежнай вытворчасці. І, натуральна, у нас - сваё бачанне складання планаў па аказанні платных паслуг: камерцыялізацыя не павінна замінаць творчасці. Планы гэтыя патрэбны, але не на шкоду якасці мерапрыемстваў.

Анатоль ФІЛАНЧУК:

 - Не думаю, што платныя паслугі ставяць крыж на творчасці. Мы з лёгкасцю і без асаблівых затрат зарабляем на выязных мерапрыемствах: спачатку "абкатваем" іх у раёне, а потым "прачэсваем" ледзь не ўсю Беларусь.

Яўген РАГІН:

- Анатоль Пятровіч, а вы што лічыце генеральным накірункам дзейнасці ў сферы раённай культуры на бягучы год?

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Генеральны накірунак: шліфоўка, мадэрнізацыя таго, што ўжо зроблена, і не толькі ў нашых аграгарадках, але і ў шараговых вёсках. Адпаведныя рашэнні райвыканкама па гэтай "шліфоўцы" ўжо прыняты.

Яўген РАГІН:

- І апошняе пытанне, Анатоль Пятровіч, - з ліку, напэўна, самых набалелых: у раёне - 29 аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, занесеных у адпаведны Дзяржаўны спіс. Пра іх праблемны стан згадваў на лістападаўскай "гарачай лініі" нашага Інфацэнтра міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка... Я бачыў храм Аляксандра Неўскага ў аграгарадку "Сталовічы", які патрабуе неадкладнага рамонту, неагатычны сядзібны дом і парк у вёсцы Ястрэмбель, што так-сяк закансерваваны... Большасць з 29 унікальных аб'ектаў так і не сталі яркім фрагментам у турыстычнай і культурнай мазаіцы Баранавіччыны. Як збіраецеся выпраўляць становішча?

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Сапраўды, балючае пытанне, можна сказаць - ахілесава пята. Цудоўна разумею глабальнае асветніцка-духоўнае значэнне згаданых помнікаў: бяспамяцтва - заўжды ганебнае... Карацей, гэтым трэба займацца, але - нават не на абласным узроўні...

Яўген РАГІН:

- Маеце на ўвазе канкрэтную дзяржпраграму?

Анатоль ФІЛАНЧУК:

- Гэта адзін нюанс. Другі звязаны вось з чым. Нам нібы спрасцілі магчымасць перапрафілявання гісторыка-культурных аб'ектаў, - цяпер гэта можна рабіць без жорсткага рэгламентавання. Быццам усе перашкоды для інвестараў зніклі, але валам апошнія да нас не кінуліся. Праўда, Паўлінаўскі палац як быццам знайшоў свайго гаспадара. А для аднаўлення храма ў Сталовічах мы збіраемся прыцягнуць бюджэтнае фінансаванне. Словам, пэўныя зрухі ўжо ёсць, але не хапае сістэмнасці. Натуральна, не ўсе 29 аб'ектаў будуць у перспектыве адрамантаваны, аднак і кансервацыя патрабуе абавязковай перыядычнасці і немалых фінансавых уліванняў... Урэшце, мы вядзём цяпер гаворку пра іміджавыя аб'екты, якія праз час павінны стаць неад'емным антуражам для нашых культурнаасветных намаганняў... Возьмем, да прыкладу, Музей-сядзібу Адама Міцкевіча ў Завоссі. Там у свой час былі, прама скажам, эксклюзіўныя работы выкананы. Але прыняць гэты аб'ект на баланс нашага аддзела культуры мы не можам, бо няздольныя сядзібу ўтрымліваць. Адназначна, тут неабходна прадуманая дзяржаўная падтрымка, бо гаворка - пра нацыянальны набытак, па стане якога будзе ацэньвацца ўзровень нашай духоўнасці.

 

Дэталь да агульнай карціны

Крок за "Крокам"

Народнаму аматарскаму аб'яднанню "Крок" больш за 20 гадоў. Дзейнічае яно пры Баранавіцкім раённым метадычным цэнтры. Кіруе аб'яднаннем музыкант Генадзь Сцяцко. Па сутнасці "Крок"- гэта студыя гуказапісу, што гуртуе вакол сябе не толькі кампазітараў-аматараў, але і эстрадных выканаўцаў розных узростаў і прафесій.

- Асноўная наша задача, - тлумачыць Генадзь Сцяцко, - папулярызацыя і развіццё самадзейнай творчасці мясцовых аўтараў і выканаўцаў, павышэнне іх выканальніцкага майстэрства. Карацей, "Крок" - своеасаблівая кузня талентаў. Але нездарма яна які ўжо год дзейнічае менавіта пры РМЦ: аб'яднанне вельмі цесна супрацоўнічае з аматарскімі калектывамі не толькі Баранавіцкага, але і суседніх раёнаў. У студыі з дапамогай прафесійнай апаратуры, набытай аддзелам культуры, запісваюцца вельмі прыстойныя фанаграмы і аранжыроўкі. Без "Кроку" не абыходзяцца і фестывалі, канцэрты, раённыя святы. Так што Генадзь Сцяцко не толькі музыкант, але і метадыст РАМЦ, што вядзе рэй у гукавым афармленні культмасавых мерапрыемстваў. Справа гэтая настолькі запатрабаваная, што на Баранавіччыне ўзнікла яшчэ адна студыя гуказапісу- пры культурна-дасугавым цэнтры аграгарадка "Сталовічы". 

 

Дэталь да агульнай карціны

Свята на трох гектарах

Ініцыятар стварэння раённага Цэнтра рамёстваў у вёсцы Русіно - старшыня Баранавіцкага райвыканкама Мікалай Язубец. На "культурнай" карце рэгіёна, па ягоным цвёрдым перакананні, павінен быў узнікнуць знакавы аб'ект, дзе "душа жыве і радуецца". А вёска Русіно са сваімі спрадвечнымі абрадава-культурнымі традыцыямі падалася самай прыдатнай для рэалізацыі маштабнага праекта. РЦР узнік у 1999 годзе. У драўляным будынку колішняй школы спачатку адкрыліся музейныя экспазіцыі, што адлюстроўвалі багатую гісторыю раёна, а потым распачаў дзейнасць раённы Цэнтр рамёстваў.

Паступова на добраўпарадкаванай і прылеглай да тэрыторыі РЦР плошчай ледзь не ў тры гектары ўзнікла сапраўдная кузня, вятрак, са сваёй асобнай выставачнай залай. А лесапаркавы двор упрыгожыўся драўлянымі выявамі беларускай міфалогіі, створанымі пад час абласнога пленэру. Менавіта тут ладзяцца гульнёва-забаўляльныя праграмы, заснаваныя на традыцыйных мясцовых гульнях і абрадах. А дзеці апрача навучання дэкаратыўна-прыкладному мастацтву засвойваюць тут і пчалярства. Мясцовая пасека пад дзіцячым патранатам прынесла за сезон ледзь не сорак літраў мёду. А план платных паслуг за 2010-ы быў па РЦР перавыкананы і склаў амаль 4 мільёны рублёў. Як распавёў "К" начальнік аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама Сяргей Седач, неўзабаве на тэрыторыі РЦР з'явіцца Дом абрадаў: сапраўдная вясковая хатка, дзе мяркуецца ладзіць абрадавыя дзеі.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"